70 год Перамогі

Сіла жаночых далоняў

гриневичКалі размова заходзіць пра слабасць і кволасць прадстаўніц прыгожага полу, то людзі старэйшага пакалення скептычна ўсміхаюцца. Ім добра вядома, на што былі здольны іх равесніцы, якія грузы пераносілі на сабе, колькі гадзін маглі бесперапынна выконваць цяжкую работу. Асабліва ў ваенны і пасляваенны часы.

Не менш за іншых давялося спазнаць нягод і Марыіі ГРЫНЕВІЧ з Дрэбска. На пачатак Вялікай Айчыннай ёй споўнілася 14 год. Жала, капала, палола, дапамагаючы бацькам, але раптам прыйшлі фашысты… У ваколіцах населенага пункта няма лясных зараснікаў і схавацца ад ворагаў не было дзе. Адзіным выратавальным куточкам стала Прыпяць, на другі бераг якой мясцовыя жыхары часам пераганялі жыівёлу. Баяліся, што новыя ўлады забяруць яе на мяса.

Стараючыся не трапляць на вочы захопнікам, Марыя не паказвалася, калі ў хату заходзілі немцы ці паліцаі. У садзе бацькі змайстравалі падвал, куды апускаліся ў час бамбёжак. Каб вечарам з вокнаў не відаць было святла ад лямпыі, і гэта не прыцягвала ўвагу няпрошаных гасцей, то звонку вешалі спецыяльныя цюкі саломы. Хлеў меў двайную таемную сцяну, куды можна паставіць каня ці карову.

Так у страху перажывалі ўсю акупацыю. Вестку пра хуткае вызваленне аднавяскоўцы перадавалі, як самую важную і радасную. Раз’юшаныя фашысты хацелі знішчыць мясцовых жыхароў, і толькі імклівасць наступлення нашых перашкодзіла іх страшным планам. Не забыць той момант, калі ўбачылі зоркі на ваеннай форме чырвонаармейцаў, і можна ўжо не баяцца нікога.

Але цяжкасці не скончыліся. Праз тыдзень сельсавет сабраў вялікі абоз, які накіроўвалі ў горад Зэльва Гродзенскай вобласці. Мужчын забіралі на фронт, таму жанчынам і падлеткам, у тым ліку Марыі, сказалі суправаджаць груз да месца прызначэння. Дарога была доўгай. Дабраліся, пераклалі яго ў ваенныя машыны. На зваротны шлях далі крыху сухароў амаль на два тыдні. Ад голаду выратавалі бульба на палях ды ягады ў лесе.

Вярнуліся дадому, і пачалася ў Марыі Іванаўны працоўная дзейнасць. Дакументы сведчаць: “Рамонтны рабочы трэцяга акалотка. 8-ая дыстанцыя службы пуці Брэст-Літоўскай чыгункі”. Здаецца, да гэтага часу памятаецца, колькі важаць тыя рэйкі і шпалы. Бо столькі іх нацягалася да 1947 года, што і пералічыць цяжка!

Пераход на калгасную работу паляводам мала чым аблегчыў жыццё, бо таксама не хапала людзей і ўсё рабілася ўручную. Але паступова краіна ўзнімалася з руін, большала машын і розных прыстасаванняў.

Іосіф Несцеравіч у юнацтве вывезены ў Германію на прымусовыя работы, а пасля вызвалення ваяваў на фронце. Былы кулямётчык вярнуўся з баявымі ўзнагародамі, сустрэў Марыю, і хутка яны сталі ладзіць сваю сумесную будучыню. Нарадзіліся тры сыны, але аднаго страцілі маленькім. Мікалай цяпер жыве ў Смаленскай вобласці. Уладзімір застаўся ў роднай вёсцы, пабудаваў свой дом, працаваў у энерганаглядзе, зараз на пенсіі.

У 1988-ым Марыя Іванаўна засталася ўдавой. Жанчына не адно дзесяцігоддзе пражыла адна, хвалюючыся пра дзяцей, унукаў і праўнукаў. Паўгода таму дачакалася яшчэ аднаго пакалення нашчадкаў — на свет паявіўся прапраўнучак Кірыл.

Апошнім часам непакояць хваробы. Асабліва страшны інсульт, ад наступстваў якога пакуль нельга пазбавіцца назусім. Змагаючыся, жанчына жыве сама, праўда, пад пастаяннай увагай блізкіх. Пакінуць родныя сцены занадта цяжка ў такім паважаным узросце. Тут прайшло ўсё жыццё — з радасцямі і пакутамі, сумненнямі і спадзяваннямі. Адсюль выбралі самастойную дарогу яе дзеці, у гэтых пакоях аплаквалі рана страчанага гаспадара…

На сценах — многа фотаздымкаў. Іх з мужам вялікі сямейны партрэт — чорна-белы, упрыгожаны фантазіяй майстра на яго густ. А ў невялікім альбоме ёсць вельмі даўняе адлюстраванне: бацька Іван Данілавіч Івашкевіч — у ваеннай форме царскай арміі. Бравы салдат у час рэвалюцыі перайшоў на бок бальшавікоў, тым самым засведчыўшы, што і нашы простыя палешукі ўнеслі свой пасільны ўклад у вялікую гісторыю.

Праз Дрэбск часта імчаць цягнікі. Калі на станцыі раздаюцца пранізлівыя гудкі, якія чуваць у хаце, сэрца Марыі Іванаўны замірае ў хваляванні. Таму што былой работніцы трэцяга акалотка добра вядомы ўсе тонкасці нялёгкай справы ў пракладцы сталёвых магістраляў. На якой адлегласці клаліся шпалы, як мацаваліся рэйкі, якой павінна быць вышыня насыпу. Няхай сабе і мінула з таго часу амаль 70 год, але чалавечая памяць здольная захоўваць цяжкія моманты асабліва ярка.

Жанчыне прыемна, што ў вялікай чыгунцы ёсць часцінка яе працы. Старанні былі не дарэмнымі, нягледзячы на слабасць дзявочых далоняў. Кволыя жаночыя плечы здольны вытрымаць цяжкі груз, калі гэта вельмі неабходна. Толькі няхай больш не будзе такой страшнай нагоды, як вайна.

Марыя ЯРАХОВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть