У дзяцінстве — сірата, у сталасці — удава …
70 год Перамогі

У дзяцінстве — сірата, у сталасці — удава …

ждановичТэлевізар паказвае чарговы выпуск навін, у якім яскрава адлюстраваны падзеі цяперашняй Украіны. Голас дыктара падрабязна каменціруе відэаздымкі з зоны баявых дзеянняў. Маладзейшыя глядзяць спакойна, а тыя, хто зведаў жахі Вялікай Айчыннай, з невыносным болем у сэрцы назіраюць за страшнай рэчаіснасцю…

Для Надзеі ЖДАНОВІЧ з Лобчы бачыць такія сюжэтыі страшней удвая. З аднаго боку, згадваецца скалечанае вайной юнацтва, з другога — узброены канфлікт у суседняй краіне закрануў непасрэдна іх сям’ю. У Горлаўцы — адным з населеных пунктаў, якія падвергліся бамбёжцы, жыве дачка з мужам і дзвюмя ўнучкамі. На шчасце, блізкія не пацярпелі, і пакуль усё ўціхамірыцца, перабраліся ў больш спакойнае месца. Але жанчына разумее, што не так проста было ім пакінуць абжытае месца. А тое відовішча разбуранасці і безабароннасці вельмі не хутка выветрыцца з памяці. Таксама, як з яе ўспамінаў не сцерліся падзеі мінулага.

Лёс ніколі не шкадаваў Надзю. Толькі яна пачынала пазнаваць сусвет, навучылася гаварыць галоўнае слова “мама”, як у тры гадочкі засталася сіратой. Матуля памерла ад хваробы, а падрабязней малая не ведае, што здарылася з самым дарагім чалавекам на свеце. Усіх дзяцей было пяцёра: старэйшаму — 12 год, малодшаму — 8 месяцаў. Не даў загінуць бацька, які клапаціўся за дваіх, замяняючы ім незагойную страту.

Ды самому ўсё ж не справіцца, не ўзняць малых на ногі, таму хутка месца гаспадыні заняла стрыечная сястра нябожчыцы-маці. А неўзабаве мачаха нарадзіла яшчэ чацвёра братоў і сясцёр.

Не сказаць, каб жылося добра. Была беднасць, часам крыўдзіў хто з дарослых, здараліся непаразуменні з равеснікамі, але тыя маленькія нягоды аказаліся нязначнымі і адразу забыліся, калі пачалася вайна.

У 1941-ым Надзі споўнілася 13 год. Спачатку сям’я спадзявалася, што новыя ўлады не крануць мірных жыхароў. Жылі спакойна, не выклікаючы гневу немцаў і паліцаяў, дбалі толькі пра кавалак хлеба, каб выжыць. Але цішыня была нядоўгай. Пачаўся прымусовы вываз у Нямеччыну.

Іх забралі разам. Старыя, малыя — усё перамяшалася ў натоўпе, які заганялі ў смуродныя вагоны. Баяліся галоўнага, каб не згубіцца ў дарозе, не пакінуць без прытулку каго з малодшых. Дабраліся да Германіі, выгрузілі зноў усіх разам. Накіравалі ў вялізны барак, дзе ўмясцілася паўтары сотні душ. Акрамя беларусаў, там было многа палякаў.

Мінулі дзесяцігоддзі, але і зараз Надзея Пятроўна ўсё памятае да драбніц. Калі б туды завезлі ў цемры ці з завязанымі вачамі яна, здаецца, паказала і расказала б пра кожны дзень таго пакутліва прымусовага існавання ў варожай краіне. Настолькі яно глыбока засела ў душы, што ніяк не выветрыцца ад павеваў новага часу.

Дарослых і падлеткаў ганялі на работу. З ежы давалі каля 300 грамаў хлеба на суткі. Каб не загінуць ад галоднай смерці, людзі самі шукалі паратунак — варылі брукву ці лушпінне з бульбы. Чаем служыла трава, якую дадавалі ў кіпень. Гаркаваты смак і цяпер адчуваецца ў горле…

Не ўсім пашанцавала выжыць. І іх сям’я вярнулася назад у меншым саставе — страцілі 2-гадовага браціка, якому не па сілах былі тыя нечалавечыя ўмовы. Знайшоў вечны спакой на чужой зямлі і старэйшы брат, які загінуў у канцлагеры.

Пасля доўгай і цяжкай дарогі ў зваротным напрамку, радасць ад вызвалення знікла ад страшнай панарамы, якая адкрылася дома. Немцы пры адступленні спалілі хату, і жыць зноў не было дзе. Не засталося ні маёмасці, ні жывёлы, ні прылад працы.

Але дапамагала адчуванне міру і спакою. Туліліся па чужых сядзібах, пакуль узводзілі свой дом. Паступова разжываліся самым неабходным. Дзякуючы знаёмым і суседзям, якія дзяліліся апошнім, разумеючы цяжкасці вялікай сям’і. Так з агульнай падтрымкай пераадолелі беднасць і нястачу.

Надзя марыла пра асабістае шчасце, і хутка пасябравала з Іосіфам. Мясцовы юнак таксама прайшоў пакуты Нямеччыны, таму яны добра разумелі перажытае, агульныя нягоды зблізілі іх. Стварылі сям’ю, разам пачалі імкнуцца да дабрабыту. Нарадзілася чацвёра дзяцей, якія гадаваліся ў атмасферы ўзаемаразумення і цяпла. Не палохала сялянская праца, хаця даводзілася кожны дзень прыкладваць намаганні на калгаснай рабоце і сваім агародзе, яшчэ пакідаючы частачку сіл і часу для выхавання малых. Разам заняліся будаўніцтвам прасторнага дома, тым больш, што здольны гаспадар сам змайстраваў вокны і дзверы.

Не агледзеліся, як праляцелі гады. Разам з радасцю, што сыны і дачка выраслі і ўладкаваліся на працу, прыйшла новая бяда — захварэў, а хутка і пакінуў іх назаўсёды Іосіф Ігнатавіч. Узялі сваё цяжкасці ваеннага юнацтва ды нялёгкая праца ў шахтах Данецка, куды ўладкаваўся пасля вызвалення.

Бог адмераў ім разам пражыць 30 год. Толькі трэцюю частку доўгага жыццёвага шляху жанчына прайшла з падтрымкай мужчынскага пляча. І ўжо 26 зім адчувае сваю адзіноту пасля пахавання.

— У дзяцінстве — сірата, у сталасці — удава. Такі лёс у мяне незайздросны, — уздыхае Надзея Пятроўна. — Усякага нацярпелася за доўгае жыццё.

2 сыны жывуць у Лунінцы, адзін — разам з маці. Хвалююцца ўсе родныя за Ніну, якой наканавана было адчуць жахі сучаснай вайны ва Украіне. Прапаноўвалі ёй забраць сям’ю і вярнуцца на малую радзіму. Толькі кволае спадзяванне, што ўсё наладзіцца, трымае іх там, на абжытым месцы.

А жанчына, якая падлеткам прайшла праз нягоды і боль узброеных канфліктаў, як ніхто іншы, разумее пачуцці сваёй дачкі і ўсіх яе землякоў, вымушаных ратавацца ад снарадаў у бомбасховішчах ці ўцякаць у невядомасць. Не верыцца, што сучаснікам даводзіцца на свае вочы бачыць голад і разруху. Як хочацца прачнуцца ад гэтага жудаснага сну. І ўсім сэрцам абараніць ад непрыемнасцей сваіх дзяцей, 5 унукаў і 2 праўнукаў, шчыра пажадаць ім мірнага неба над галавой.

Марыя ЯРАХОВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть