Узростам пабелены скроні, у памяці носяцца коні…
70 год Перамогі

Узростам пабелены скроні, у памяці носяцца коні…

ВереничЗ усіх свойскіх жывёл конь лічыцца самым благородным і прыгожым. Дзякуючы яго сіле і вынослівасці, людзі заўсёды мелі на стале сытны кавалак хлеба і будавалі жыллё. Нельга нават уявіць жыццё нашых продкаў без гужавой павозкі на кожным падворку, мноства разнастайных прылад працы і вупражы пад паветкаю ці ў хляве.

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Павел ВЯРЭНІЧ з Сасноўкі пра сваю любоў да коней можа расказваць бясконца. І для гэтага ёсць прычына — усе працоўныя будні з юнацтва і да выхаду на пенсію звязаны з клопатамі пра гэтых адданых і верных памочнікаў у якасці конюха.

Нарадзіўся Павел у 1924 годзе. Неўзабаве памёр бацька, а калі малому споўнілася 4 гадкі, не стала і мамы. Пазней для сірот будавалі прытулкі, а ў той далёкі час хлопчык застаўся без апекі і дапамогі. Сястрычку забрала да сябе цётка, старэйшы брат-падлетак пайшоў парабкам у Лахву.

— Хто мае сумленне, той пашкадуе бедную сірату, — згадвае горкае дзяцінства доўгажыхар. — Вось і мяне прытулілі добрыя людзі з Вічына, якія не мелі сваіх дзяцей. Вельмі жанчына шкадавала. І гаспадар не крыўдзіў, але яна клапацілася, як пра роднага.

Ды не заўсёды высакародны ўчынак можна зразумець правільна. Мінула 14 год у прыёмнай сям’і, на працягу якіх хлопец не адчуваў сябе пакінутым. Але прыйшла савецкая ўлада і новыя законы. Рыгора Кіндрука абвінавацілі ў тым, што ён трымае Паўла за парабка і прыгразілі высылкай у Сібір. Нічога не зробіш, давялося развітацца з утульным домам, дзе былі адзіныя на ўсім свеце любоў і спагада.

Хлопца забралі ў дзяржаўную ўстанову, дзе ён неўзабаве захварэў на цяжкае запаленне лёгкіх. Нават тады не дазволілі вярнуцца ў сям’ю, хаця так прасілі і ён, і прыёмныя бацькі. Палягчэння не было, у бальніцу ў Баранавічы завезлі ўжо ляжачым. Мала верылася ў выздараўленне, а тым больш, што некалі ён дасягне 90-годдзя…

Гэта былі толькі першыя цяжкасці на жыццёвым шляху, бо хутка пачалася вайна. У час акупацыі Павел жыў са старэйшым братам Фёдарам, які ўжо меў сваю сям’ю. Дарэчы, малымі яны 8 год не бачыліся, калі сустрэліся, ледзь пазналі адзін аднаго.

Дачакаліся вызвалення, і разам пайшлі на фронт. Старонкі змагання захаваліся ў памяці чорнай плямай, у якой сполахамі раздаюцца разрывы бомбаў і снарадаў. Браты былі сапёрамі, даводзілася ўвесь час рызыкаваць жыццём. Ворагі ўсеялі смертаноснымі мінамі ўсю зямлю, выратоўвалі ў рабоце толькі акуратнасць і дакладнасць, адзіная памылка магла стаць апошняй.

У траншэях на марозе знаходзіліся па некалькі тыдняў. У дождж прамакалі да ніткі. Каля нямецкага Лебуса будавалі мост праз Одэр. Фашысты імкнуліся перашкодзіць пераправе рускіх, з усіх сіл нішчылі зробленае. Пускалі па вадзе плывучыя міны, снайперы трапнымі стрэламі забілі многа байцоў. Ледзь выжылі ў тым страшным пекле. Потым адправілі на перадавую. Берлін ляжаў у руінах, баі на вуліцах горада цяжкія і працягваліся бясконца.

Перамога не была для Паўла радаснай. За некалькі дзён да яе загінуў Фёдар. Не перадаць словамі тых пачуццяў, з якімі юнак капаў магілу роднаму брату на чужой зямлі, як праклінаў страшную вайну. Цяпер аб гэтым нагадваюць радкі ў кнізе “Памяць. Лунінецкі раён”: “Інжынер-сапёр Фёдар Іванавіч Вярэніч пахаваны ў населеным пункце Трэцін акругі Брандэнбург.”.

Дадому беларускі юнак вярнуўся ў 1948-ым, бо яшчэ доўга працягваліся размініраванне і адраджэнне разбуранага. Неўзабаве ўступіў у калгас, які толькі арганізоўваўся. Прызначылі конюхам. Налічвалася амаль да сотні жывёлін, якіх штодзённа запрагалі для работы. Даводзілася весці ўлік вупражы, карміць і назіраць за станам здароўя. Страта была б адчувальнай, гаспадарка з цяжкасцямі ўзнімалася пасля ваеннай разрухі.

Нельга адносіцца да жывых істот без адданасці і любові. Так і не змяніў работу Павел Іванавіч да самай старасці, ведаючы і разумеючы ўсе праблемы сваіх падапечных, хвалюючыся за іх. Разам з памочнікамі навучаў маладняк. Часам ужо з першага позірку мог сказаць, ці атрымаецца добры конь з маленькага жарабятка, ці не падвядзе ў дарозе больш наравісты.

Адзінай спадарожніцай жыцця стала равесніца Варвара з Ракітна. Ажаніліся, пабудавалі невялікі дом на хутары. Крыху пазней перасяліліся ў вёску ў больш прасторны. Нарадзілася шасцёра дзяцей, але двое памерлі маленькімі. Не пашкадаў лёс яшчэ двух сыноў, якіх пахавалі ўжо дарослымі, ды зусім маладымі.

Адной дарогай Вярэнічы крочаць ужо больш як 60 год! Праўда, апошнія 14 Варвара Нічыпараўна правяла ў інвалідным крэсле. На бяду багата не трэба — з-за няшчаснага выпадку на чыгунцы ледзь засталася ў жывых. А зараз і ўзрост у 90 год нагадвае аб сабе новымі праблемамі са здароўем. Дачка Галіна штодзённа прыязджае да бацькоў, дапамагае з доглядам.

Гаспадар трымаецца крыху лепш, але і яму часта становіцца дрэнна. Дактары забараняюць выходзіць на вуліцу, ды як жа яму без роднага падворка! Там, любуючыся наваколлем, зноў вяртаецца ў памяці далёкае і блізкае.

Вось пакутлівае пахаванне апекуна Рыгора Кіндрука, якога забілі бандыты ў час акупацыі. Доўгачаканае нараджэнне першынца і ўваходзіны ў новую хату, якія супалі ў адзін год. Больш як гектар калгасных буракоў, што выдзялялі жонцы на апрацоўку. Акрамя сваіх, яна палола яшчэ і пакінутыя надзелы. Першая галінка вінаграду, які разросся шырока — некалі пасадзілі каля ганку, нават не спадзеючыся, што прымецца. Іржанне і тупат вялікага табуна коней, дзе кожную жывёліну ведаў па мянушцы і асаблівасцях — да якой можна смела падысці і пагладзіць, іншай жа варта асцерагацца.

Як змяніўся час! Магутная тэхніка цяпер за дзень зробіць тое, што некалі ўсім калгасам не справіліся б і за тыдзень. Мірныя ранкі так цудоўна сагрэты сонейкам, няма разбурэнняў, проста — жыві, ды радуйся. Павел Іванавіч удзячны лёсу, што нашчадкі часцей бачаць светлыя імгненні, чым тыя змрочныя, што выпадалі на яго долю. І жадае ўсім землякам жыць доўга і шчасліва!

Марыя ЯРАХОВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть