Вучыцца мужнасці ад прадзедаў нашых
70 год Перамогі

Вучыцца мужнасці ад прадзедаў нашых

автопробег 2015 02Аўтапрабег, прысвечаны 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчынный вайне прайшоў на Лунінеччыне напярэдадні юбілейнай даты.

Яго ўдзельнікі ўсклалі вянкі і кветкі да помнікаў загінуўшым у скверы ў цэнтры горада, затым калона з некалькіх машын і мікрааўтобусаў у суправаджэнні аўтамабіля ДАІ ўзяла накірунак да вясковых абеліскаў. Святочныя надпісы красаваліся на шкле, сцягі з адпаведнай атрыбутыкай развяваліся пад павевамі ветру.

Да значнасці падзеі не засталіся абыякавымі ўсе ўдзельнікі — прадстаўнікі самых розных пакаленняў. У гэты дзень адчуванні былі сумна-святочнымі і ўрачыста-балючымі. Ветэранаў вайны і школьнікаў аб’яднала любоў да Радзімы, редасць за мірнае неба над галавой, боль ад непапраўных страт.

автопробег 2015 03Першы прыпынак быў у Сінкевічах каля помніка загінуўшым землякам, дзе да ўдзельнікаў аўтапрабегу далучыліся старшыня сельвыканкама Валерый Краснікевіч, вучні мясцовай і Рэдзігераўскай СШ.

Юнак і дзяўчына застылі каля падножжа ў ганаровай варце. 10-класнікі падрыхтавалі праграму са змястоўных расказаў пра камсамольцаў-аднавяскоўцаў, якія змагаліся з ворагам, і вершаў на патрыятычную тэматыку:

“Я не напрасно беспокоюсь,
Чтоб не забылась та война.”

—радкі з вуснаў юнай школьніцы гучалі шчыра і кранаюча. Усклалі вянкі і кветкі, схілілі галовы ў хвіліне маўчання… Навокал шапацела маладая лістота, шчодра цвіла чаромха, усміхалася сонца. Кожны ў думках згадваў вызваліцеляў, дзякуючы якім мы бачым і адчуваем такія спакой і прыгажосць на сваёй зямлі. Далей дарога пралягала ў суседнюю вёску. З болем у душы спыніліся каля помніка ў Сітніцкім Двары, дзе ад рук вылюдкаў загінула амаль 500 мірных жыхароў. Гонкія сосны ўзняліся над месцам былых катавгнняў, спяваюць птушкі, распускаюцца кветкі… Але не вярнуць іх — недтжыўшых і недалюбіўшых… У час жалобнага маўчання на вачах дзетвары і дарослых заблішчалі слёзы і моцна сціснуліся далоні.

автопробег 2015Сумныя і маўклівыя, усёй калонай накіраваліся да магіл лясных мсціўцаў на месцы былой дыслакацыі партызанскага атрада. Звілістая дарога прывяла на ўзлесак, дзе ўзвышаюцца помнік і брацкае пахаванне. Зашчымелі сэрцы ва ўдзельнікаў баявых будняў Паўла Дабрынца і Георгія Камандзіса.

Пра барацьбу ў час акупацыі, партызанскі рух на Лунінеччыне сучаснікі паслухалі з аўдыязапісу, дзе былыя змагары за свабоду расказалі аб некоторых больш значных падзеях з тых далёкіх 1940-ых.

Здзіўлялі мужнасць і адвага звычайных вясковых хлопцаў, на долю якіх выпала горкая рэчаіснасць вайны. Пра сваю баявую маладосць успомніў Павел Дабрынец, падрабязна расказаўшы пра тутэйшыя мясціны, аддаленасць якіх ратавала ад ворагаў. Цяпер гэта прыгожы, ціхі і маляўнічы куточак Лунінеччыны, што сведчыць аб галоўным — барацьба не была дарэмнай, мы жывем у мірнай краіне.

Вяртаючыся назад, кожны з удзельнікаў аўтапрабегу сцішана думаў аб сваім. Адчуваліся гонар за дзедаў і прадзедаў, любоў да роднага краю, вера ў лепшае будучае. Бо нам ёсць у каго вучыцца мужнасці і гераізму.

Марыя ЯРАХОВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть