За пераможную вясну — паклон і памяць пакаленняў
Культура70 год Перамогі

За пераможную вясну — паклон і памяць пакаленняў

IMG_0643“…Урокі вайны мог забыць хто заўгодна, толькі не беларусы. Перамога каштавала нам мільёнаў жыццяў, і менавіта таму, нягледзячы на час, мы цвёрда ведаем і помнім: няма на Зямлі нічога даражэйшага за мір”, — гэтыя словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі яшчэ раз прыгадаў у сваім выступленні на мітынгу, прысвечаным 70-годдзю Вялікай Перамогі, старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч. “На франтах Вялікай Айчыннай змагаліся больш як шэсць тысяч ураджэнцаў Лунінеччыны. На жаль, не ўсе яны вярнуліся да мірнага жыцця, сваіх родных, да тых, хто верыў і чакаў. Дзве тысячы нашых землякоў склалі свае головы за незалежнасць Беларусі, знайшоўшы апошні прытулак далёка ад родных месцаў”, — сказаў Васіль Міхайлавіч. Іх, а таксама памяць усіх беларусаў, якія загінулі ў вогненнай віхуры, была ўшанавана хвілінай маўчання.

Ад імя ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны слова трымаў Ганаровы грамадзянін Лунінецкага раёна Павел Дабрынец. Маладое пакаленне прадставіў вучань гімназіі г. Лунінца Аляксандр Ярмоліч, які запэўніў, што ўнукі і праўнукі тых, хто ў суровыя гады адстаяў свабоду і незалежнасць нашай Радзімы, заўсёды будуць памятаць велічны подзвіг.

Святло Перамогі лунала над галоўнай плошчай горада, якая даўно не бачыла такой колькасці людзей. Да віншаванняў ветэранам далучылася падрастаючае пакаленне. Пад захапленне ўсіх прысутных юныя выхаванцы танцавальнага калектыву “Мірыданс” выканалі харэаграфічную кампазіцыю. Шчымлівыя акорды “Сіняй хусцінкі”, “Цёмнай ночы” і іншых вядомых песень ваенных год закружылі ў танцы хлопчыкаў і дзяўчынак. Апранутыя ў новыя гімнасцёрачкі, яны, на шчасце, бачаць вайну толькі на малюнках ды ў кінафільмах.

Працягам урачыстасці стала літаратурная старонка, у ходзе якой вучні гарадскіх школ прачыталі “Пісьмы, абпаленыя вайной”. Простыя і зразумелыя радкі з лістоў, якія ішлі з фронту ў беларускія вёскі і гарады, настойліва пастукалі ў сэрцы тых, хто іх слухаў. I раптам цішыню, што на хвіліну ўсталявалася над плошчай, узарвалі захопленыя воклічы. У неба ўзмыла чародка галубоў. Белакрылых птушак — сімвал міру — з пяшчотных рук выпусцілі дзесяць дзяўчынак. Велічна і прыгожаўзняліся яны да сонца, быццам віншуючы Лунінеччыну з самым шчымлівым і велічным святам — Днём Перамогі.

Завяршылася афіцыйная частка ўрачыстым ускладаннем вянкоў і кветак да помнікаў ахвярам Вялікай Айчыннай вайны.

Адначасова з мітынгам у Святакрыжаўзвіжанскай царкве і храме ў гонар іконы Божай Маці «Взыскание погибших» адслужылі літургіі ў памяць аб загінуўшых воінах.

Многія лунінчане засталіся ў якасці гледачоў каля сцэны, што па традыцыі ўстанавілі на перакрыжаванні вуліц 50 год Кастрычніка і Савецкая. Самадзейныя артысты Лунінеччыны падрыхтавалі добры канцэрт, дзе ўдала перапляліся песні і танцы ваенных год з сучаснымі музычнымі кампазіцыямі. А непадалёк ад бібліятэкі сваіх прыхільнікаў радавалі духавы аркестр і калектывы прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі.

З задавальненнем спыняліся прахожыя каля жывой экспазіцыі “Франтавы прывал”, выстаў: вырабаў дзіцячай творчасці, кніжных і ваеннай атрыбутыкі, разглядалі мастацкія кампазіцыі. Многія ахвотна займаліся ў творчых майстэрнях, падыходзілі да ўдзельніц агульнагарадскога пленэра “Намалюем свята Вялікай Перамогі разам!”.

На стадыёне “Палессе” арганізавалі спартыўна-масавыя мерапрыемствы і паказальныя баі па боксе. На дзіва шмат жадаючых сабралася паўдзельнічаць у разнастайных спаборніцтвах і акцыі “Рэорд Перамогі”.

То тут, то там можна было ўбачыць хлопчыкаў і дзяўчынак з аквагрымам у выглядзе нацыянальных флагаў, зорак Перамогі і іншай сімволікі свята. Для дзетак правялі конкурс малюнка на асфальце і забаўляльную праграму, працавалі атракцыёны. Актывісты БРСМ заклікалі прыняць удзел у акцыі “Палатно Перамогі”, напісаць цёплыя лісты ветэранам і нашчадкам.

Святочны гандаль разгарнуў свае палаткі, у кінатэатры дэманстравалі відэафільм “Сімвал Перамогі”, а каля ўстановы культуры працавалі палявая кухня і караоке-шоу.

Завяршыла дзённую праграму акцыя “Майскае неба Перамогі”. Пасля таго, як выхаванцы авіямадэльнага гуртка ЦДТ запусцілі самаробныя ракеты, піянеры з гарадскіх школ упрыгожылі неба паветранымі шарамі, сабранымі ў сімвалічныя суквецці яблыні. А вечарам лунінчане працягвалі адпачываць — пад знаёмыя мелодыі добрых песень у выкананні самадзейных артыстаў да сімвалічнага моманту, калі начное неба расквецілі залпы святочнага феерверка, што абвясціў аб яшчэ адной мірнай вясне на Лунінеччыне!

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть