Звычайны, быццам, лёс такі — вайна… дарогі… цягнікі…
70 год Перамогі

Звычайны, быццам, лёс такі — вайна… дарогі… цягнікі…

роман романовскийРаман РАМАНОЎСКІ з Лахвы жыве побач з чыгункай. Звычайна вясной, у час разліву, хата дрыжыць пры набліжэнні шматтонных таварнякоў. Цяпер суха, а пранізлівы гудок дызеля чуецца так моцна, што прымушае спалохацца. Гаспадар усміхаецца — сам ён дaўно не звяртае ў вагі на такое суседства…

Раман Філімонавіч нарадзіўся ў сакавіку 1926 года ў Рэдзігерава. Рос, марыў, як усе хлапчукі-равеснікі, пра шчаслівае дарослае жыццё. Хацеў многае ўбачыць і ўсяму навучыцца. Толькі тыя жаданні адклаў на нявызначаны тэрмін, калі пачалася вайна. Не было яшчэ 18 год, як пайшоў у партызаны. Зрабіў такі выбар, бо іначай трапіў бы ў Нямеччыну — ужо рыхтаваліся спісы на вываз моладзі ў варожую краіну. “Лепш буду абараняць сваю”, — вырашыў юнак.

Вучыўся валодаць зброяй, хадзіў на заданні. Аднойчы разведка далажыла пра знаходжанне немцаў у вёсцы Ленін. Камандаванне загадала сесці ў засаду. Але план быў раскрыты, іх сустрэлі ворагі. Тады Раман убачыў сапраўдную вайну. Побач мёртвымі падалі яго таварышы, з якімі толькі ўчора смяяліся, размаўлялі, марылі. Горыч і боль захліснулі сэрца, не верылася, што такое магло здарыцца на самай справе. Сталі больш асцярожнымі, але многа страт давялося ўбачыць за той час.

Пасля вызвалення ваеннае камандаванне ў Пінску вырашала далейшы лёс народных мсціўцаў. Сфарміравалі атрад маладых байцоў, і Рамана ў яго складзе накіравалі на курсы шафёраў. Пасля заканчэння іх аўтамабільны батальён займаўся транспарціроўкай раненых і перавозкай узбраення. Калясілі па самых розных дарогах, вазілі небяспечныя грузы, імкнучыся зменшыць наступствы вайны.

Потым іх калону адправілі ў далёкі Іран. Каля чатырох месяцаў правялі ў краіне, пра якую да гэтага вясковы хлопец не чуў наогул. Здзіўлялі побыт, культура і зусім іншыя звычаі. І тут загад — накіроўвацца ў Японію, дзе ішла вайна.

Заехалі ў Баку, здалі тэхніку і пачалася доўгая дарога на Усход. Па новаму распараджэнню апынуўся на Сахаліне, зноў стаў вадзіцелем у занальным ваенным гарадку. Скалясіў далёкі край уздоўж і ўпоперак. Не забыліся прыгожыя і крутыя дарогі, калі з аднаго боку высока ўзнімаліся горы, а побач — рэзкі абрыў у бездань.

Спачатку было лягчэй, потым засумаваў па Радзіме. Дэмабілізаваўся ў 1950-ым, калі родныя мясціны ўжо крыху адбудаваліся пасля вайны. Прывёз узнагароды за стараннасць, якая была ўласціва беларускаму юнаку. А неўзабаве на працоўным фронце дадаў да ранейшых ордэн “Знак пашаны”.

Уладкаваўся вадзіцелем на нафтабазу. Даверылі амерыканскі трохвосевы аўтамабіль “Студэбэкер”. На такім даводзілася працаваць і раней, таму імпартную тэхніку ведаў дакладна. Умеў адрамантаваць, а парушэнні ў рабоце адчуваў па гуку матора. Ездзіў у далёкія рэйсы па ўсёй Беларусі. Грузы былі розныя, а дарогі — знаёмыя.

Здаралася пераадольваць снежныя сумёты, падчас халадоў выходзілі са строю некаторыя агрэгаты, у спякоту пераграваўся рухавік. Пра ўсё гэта Раман Філімонавіч можа расказваць бясконца. Ды як жа іначай, калі цяпер яго вадзіцельскі стаж, уключаючы аматарскі, складае 70 год. І, дзякуў Богу, заўсёды абыходзілася без непрыемнасцей на дарозе. Пасля выхаду на пенсію перасеў на легкавік, на якім і зараз, у 88 год, пераадольвае невялікія адлегласці. Праўда, у паліклініцы з асцярожнасцю ставяцца да медкамісіі, сумняваючыся ў здароўі старажыла. Ды ён — малайчына, трымаецца!

Сямейнае шчасце малады шафёр знайшоў з буфетчыцай Неанілай, якая родам з Барсукова. Яны стварылі сям’ю, а неўзабаве пасяліліся ў прасторным доме ў Лахве. Якраз каля чыгункі. Тут, пад працяглыя гукі цеплавозаў, і прайшлі 65 год іх сумеснага жыцця. Звычайнага, вясковага, часам з невялікімі радасцямі, а бывала і з цяжкімі праблемамі, без якіх абыходзіцца мала чый лёс…

Нарадзіліся хлопец і дзве дзяўчынкі. Калі малыя падраслі, то блізкі подых чыгункі паклікаў іх у свае дарогі. Ірына стала бухгалтарам, жыве ў Смалявіцкім раёне. Раіса асталявалася ў Мікашэвічах, да пенсіі працавала кранаўшчыцай. Сына назвалі Раманам, ён па адукацыі эканаміст. Быў кіраўніком сельгасарганізацыі ў Салігорскім раёне, дзе даўно пасяліўся з жонкай. У яго сям’і здарылася няшчасце — ад невылечнай хваробы страцілі 10-гадовага Рому, які насіў імя бацькі і дзеда…

Неаніла Цімафееўна ў мінулым годзе перанесла інсульт. Пакуль не атрымліваецца поўнасцю пераадолець яго наступствы. Пра яе цяпер клапоціцца дачка, а асірацелы родны педворак так чакае клапатлівых жаночых рук. На клумбе расцвілі нарцысы, іншыя кветкі радуюць сваёй прыгажосцю. Нядаўна памянялі старыя вокны на сучасныя шклопакеты, дагледзелі пакоі. Ад суму ратуе спадарожнікавая тэлеантэна.

—    Толькі б жыць, ды ўжо няма калі. Два ветэраны вайны засталося на вёсцы. А бывала, збяромся разам, столькі ўсяго паўспамінаем… — з горыччу кажа Раман Філімонавіч.

—    А вы парайце маладым, калі ласка, як дасягнуць паважанага ўзросту і адчуваць сябе так бадзёра? — папрасіла на развітанне.

—    Не ведаю, у чым сакрэт. Жыў, працаваў, кахаў. Хацеў, як лепш, атрымлівалася па-рознаму. З маленства мёд пчаліны люблю. Магу цэлую талерачку з’есці…

Размову перабівае пранізлівы цеплавозны гудок. Цягнік імкліва нясецца ўдалеч, з вокнаў цікаўныя пасажыры кідаюць позірк на ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, які апрануў свой святочны касцюм з узнагародамі і спыніўся пад вялікай бярозай каля ганку. Нібы сцвярджаючы, што жыццё не спыняецца, а імчыцца наперад. Здаецца, нядаўна ён — юны партызан, потым — бравы шафёр, малады муж і бацька. Цяпер — дзядуля і прадзядуля, мужна трымаецца за жыццё, за якое змагаўся з ворагам.

На канапе ляжаць газеты, сярод якіх і любімая “раёнка”. Побач — акуляры. З усіх пакояў пазірае адзінота, якую марыць прагнаць Раман Філімонавіч, калі жонка паправіцца і вернецца дадому. Няхай так і атрымаецца, яны збяруцца разам за вялікім сталом. І яшчэ доўга ў маляўнічым куточку невялікай вёскі сям’я Раманоўскіх будзе сустракаць і праводзіць цягнікі.

Марыя ЯРАХОВІЧ

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть