8 пытанняў Марце
Праглядваючы архівы ЗАГСа з 1980-па па 1986-ы, на вочы траплялі толькі Мікалаі, Вольгі, Сяргеі… Хацелася ж знайсці маладую асобу з незвычайным імем, адукацыяй і работай, жыццёвымі ўкладамі, магчыма, нават сям’ёй. Выпадкова сустрэўшы лунінчанку, студэнтку Беларускага дзяржаўнага універстэта Марту ПЯЧЫМАВУ, стала зразумела – ёсць шмат іншага, чым можа зацікавіць чалавек…
– Спадзяюся, уладальніца такога рэдкага імя ганарыцца ім?
– Вельмі! Атрымалася ўсё незвычайна: бацькі хацелі хлопчыка, планавалі назваць Мішам – у гонар дзеда. А калі нарадзілася я, бабуля прапанавала даць імя галоўнай гераіні мастацкага фільма «Доўгая дарога ў дзюнах”. Многім падабаецца, праўда, некаторыя сябры і знаёмыя лічаць, што я нарадзілася ў сакавіку…
– Аднак, святкуеш дзень нараджэння 13-га верасня. Сімвалічная лічба не перашкаджае добраму настрою?
– Магу дадаць – на свет паявілася ў 13.00. Магчыма, гэта мая шчаслівая лічба, бо нават на экзаменах у БДУ, выцягваючы білет пад «нядобрым” нумарам, абавязкова ведаю адказ.
– Увогуле, ці лёгка быць дзяўчынай і што можна запазычыць у хлопцаў?
– Большасць маіх сяброў і знаёмых – маладыя людзі. З дзяцінства было прасцей знаходзіць агульную мову з прадстаўнікамі мужчынскага полу – яны вызначаюцца шчырасцю, заўсёды скажуць без ліслівасці, якая памада падыходзіць, які нарад апрануць. Сплётак і зайздрасці ад іх таксама менш. Адным словам, ёсць чаму павучыцца!
– Успомні самую незвычайную на твой погляд вясну…
– Мабыць, «сагрэла” яна ў мінулым годзе. Тады пабачыла праўдзівую сутнасць маіх даўніх сябровак, адносіны з якімі давялося скончыць. Сёння ўдзячна гэтаму не вельмі прыемнаму выпадку і пераканана – карысць тоіцца нават у дрэнным!
– Здольнасць кахаць – гэта прыродны дар ці пэўная жыццёвая «напрацоўка”?
– Яднаючае сэрцы цяпло даецца нам з першых дзён жыцця. Важна не згубіць неацэнны падарунак між паўсядзённых праблем і клопатаў, развіваць яго. Часам здаецца, што людзі забыліся, як кахаць, пачуцці сталі не такімі шчырымі. І думаеш – хіба толькі выбраныя могуць прасякнуцца сапраўдным каханнем!..
– Якімі маральнымі ўкладамі умацуеш свой сямейны ачаг?
– Вельмі хочацца, каб мой выбраннік быў працавітым чалавекам, добрым, адукаваным субяседнікам – хачу глядзець у разумныя вочы. Цаню, калі мужчына з павагай ставіцца да бацькоў. Для мяне гэта вельмі важна, бо сама гадавалася ў няпоўнай сям’і.
– Што дапамагае адысці ад універсітэцкіх клопатаў?
– Даўно захапляюся паэзіяй і тэатрам. Люблю іграць незвычайных, нават адмоўных герояў – на сцэне можна пазбавіцца ад «залежаў” негатыву, не баючыся кагосьці пакрыўдзіць. Эмоцыі знаходзяць увасабленне не толькі ва ўласных творах, але і танцах. Іншы раз яны поўныя перажыванняў, успамінаў і разважанняў, часам дораць спакой і лёгкасць…
– Жаночая натура схільная да пераменлівасці. Ты таксама ёю адрозніваешся?
– Гледзячы, якую афарбоўку мае гэтае паняцце. Прывяду прыклад, распаўсюджаны ў маладзёжным асяродзі: вельмі часта дзяўчаты вядуць «паляванне” на хлопцаў, заваёўваюць сэрцы маладых людзей, а пасля кідаюць. Я ж нязменна ў адным – заўсёды дапамагаю хлопцам не трапіць у такую непрыемнасць.
Марта не хавае, што адрозніваецца даволі складаным, загадкавым характарам. Яе цяжка ў чымсьці пераканаць, прымусіць зрабіць справу супраць волі. Прызнаецца: іншы раз, нават разумеючы памылковасць дзеянняў, працягвае стаяць на сваім. Але блізікія людзі прымаюць незвычайныя паводзіны як належнае – пэўная нявывучанасць дае магчымасць штодзень даведвацца аб чалавеку ўсё больш і больш. А дзяўчына з такім мілагучным імем, згадзіцеся – і ёсць цікавасць