“А Ў НАС У КВАТЭРЫ ГАЗ!”
Гэтыя словы, услед за гарадскімі персанажамі вядомага верша, з радасцю паўтараюць усё больш сельскіх жыхароў нашага краю. У раёне стварэнню больш камфортных бытавых умоў спрыяе выкананне Дзяржаўнай праграмы ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Аб набытках гэтага года расказвае дырэктар раённага вытворчага ўпраўлення газавай гаспадаркі «Лунінецрайгаз” Вячаслаў СЫЦЭВІЧ:
– Дзве чаргі газіфікацыі завершаны ў Кажан-Гарадку. Тут пабудаваны падводзячы газаправод высокага ціску, а таксама вулічныя размеркавальныя газаправоды і ўводы да жылых дамоў. У верасні аб’яўлены тэндэр па вызначэнню арганізацыі, якая будзе весці будаўніцтва ўнутрыдамавых сістэм. Як вядома, фінансаванне гэтых работ ажыццяўляе Сусветны банк.
– Якія яшчэ праекты прадугледжаны чарнобыльскай праграмай?
– У верасні-кастрычніку завяршаецца трэцяя чарга газіфікацыі жылых дамоў у Бараўцах і Купаўцаў Дзятлавіцкага сельсавета. Зімой вяскоўцы ўжо атрымаюць магчымасць ацяпляць сваё жыллё блакітным палівам.
– За чый кошт ажыццяўляецца газіфікацыя ў гэтых паселішчах?
– Таксама з дапамогай міжнародных арганізацый. Але не застаецца ў баку і Дзяржкамчарнобыль – за рэспубліканскія сродкі прафінансавана будаўніцтва ўнутрыдамавых сістэм у Язвінках і Яжаўках, якое завяршылі ў жніўні.
– Відавочна, самы вялікі аб’ём газіфікацыі дамоў ажыццяўляецца, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Об мерах па рэгуляванню адносін пры газіфікацыі прыродным газам эксплуатуемага жыллёвага фонду грамадзян” №368 ад 02.06.2006-га?
– Так, пры ўдзеле дзяржавы актыўна дзейнічаюць кааператывы індывідуальных забудоўшчыкаў. У Мікашэвічах пракладзена 12,5 кіламетра газаправода. У кастрычніку будзе завершана газіфікацыя амаль 220 дамоў. Тут асвоена ўжо больш як 700 мільёнаў бюджэтных сродкаў. У Лунінцы праграма 2011-га прадугледжана толькі пракладка 200 метраў газаправода па вуліцы Першамайская. Работы будуць выкананы ў верасні. Наогул сёлета раёну выдзелена 1 мільярд 71 мільён рублёў на газіфікацыю насельніцтва.
– Што можа сказаць аб ахопе блакітным палівам заходняй часткі раёна?
– У п. Палескім і в. Вульцы 1 пабудаваны падводзячыя газаправоды. На прыродны газ жылы фонд пераведзены ў пасёлку ў жніўні, у вёсцы – у верасні. Па абодвух паселішчах прайшла эспертызу праектна-каштарысная дакументацыя на газіфікацыю больш як 200 прыватных дамоў. Будаўніцтва будзе залежаць ад фінансавання, якое на наступны год яшчэ не вызначана.
– А якую з перспектыў 2012-га можна лічыць дакладнай?
– Будаўніцтва падводзячага газаправода ў вёсцы Вулька 2, якое таксама будзе ажыццяўляцца за кошт чарнобыльскіх сродкаў… Хацеў бы заўважыць, што адна з асаблівасцей Брэстчыны – у тым, што ў вобласці асноўным спажыўцом газу з’яўляюцца не прамысловыя прадпрыемствы, як у іншых рэгіёнах, а насельніцтва. Развіццё газавай гаспадаркі ў нашым раёне пацвярджае гэту тэндэнцыю.