АЦЭНКА ГАСПАДАРАННЮ

Дзевятая сесія раённага Савета дэпутатаў XXVІ склікання, быццам ва ўнісон вераснёўскаму пачатку навучальнага года з яго ацэнкай ведаў, паставіла на мэту пракантраляваць узровень кіравання мясцовай камунальнай уласнасцю, ацаніць стан гаспадарання на шэрагу прадпрыемстваў.

Старшыня органа прадстаўнічай улады Віталь Адзішчаў абвясціў парадак дня, у якім спалучыліся пытанні, што разглядаліся на пасяджэннях, і выязное наведванне адпаведных аб’ектаў.

У малой зале Дома Саветаў была заслухана справаздача аб рабоце пастаяннай камісіі райсавета мандатнай, па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання, з якой выступіў яе старшыня Леанід Алешка, начальнік раёна электрасетак.

Зацверджана раённая праграма “Кадры” на 2011-2015 гг. Унесены змяненні ў шэраг рашэнняў райсавета, у прыватнасці, скарэкціраваны асобныя лічбы і паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і раённага бюджэту. Па прапанове землеўпарадкавальнай службы за кошт лугавых земляў павялічаны межы вёсак: Дубаўка, да якой далучаны 64,7 гектара Лунінскага сельсавета ва ўрочышчы “Корамле”, і Моршчынавічы – 0,25 гектара Мікашэвіцкага гарсавета.

Галоўны ўрач УАЗ “Лунінецкая цэнтральная раённая бальніца” Мікалай Кочык пазнаёміў з асноўнымі палажэннямі Тэрытарыяльнай праграмы дзяржаўных гарантый па забеспячэнню медыцынскім аблугоўваннем насельніцтва раёна на 2011 г.

У рабоце сесіі прымала ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ларыса Вершаловіч. Парламентарый засяродзіла ўвагу прысутных на кантролі абгрунтаваных і неабгрунтаваных выклікаў “хуткай дапамогі”, што з’яўляецца самым дорагакаштуючым відам медыцынскага абслугоўвання.

Дом Быту

Наступным пунктам парадку дня было наведванне КУП па АУ “Лунінецкі КБА”. Дырэктар Валянціна Шуляк расказала аб мерах, якія прадпрымае кіраўніцтва прадпрыемства, па прыцягненню ў гаспадарчы абарот плошчаў, што пустуюць. Будынак, узведзены ў 1991 годзе, складае 2194 кв. метры, з іх 990 – здаецца ў арэнду. Памяшканні выкарыстоўваюць 25 аб’ектаў прадпрымальніцтва і 1 – аддзяленне ААТ “Беларусбанк”. Арандатары штомесяц выплочваюць гаспадару 8 мільёнаў рублёў, што павялічвае даходы КБА. Летась абсталяваны пандус, які дапамагае стварыць безбар’ернае асяроддзе для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Аб узаемаразуменні з кіраўніцтвам прадпрыемства расказаў Уладзімір Біліба – уладальнік аднаго з магазінаў, размешчаных на адрандуемых плошчах КБА.

Рамонтна-механічны завод

На КУВП “Лунінецкі РМЗ” дырэктар Анатоль Волк паведаміў аб стварэнні ўмоў для прыцягнення інвестыцый у прадпрыемства, садзейнічанні развіццю іншых суб’ектаў гаспадарання на арандуемых плошчах. На думку кіраўніка, каб спадзявацца на доўгатэрміновыя праекты, інвестарам трэба прадэманстраваць патэнцыял прадпрыемства. Заводу ўдалося сэртыфікаваць агрэгат для перадпасяўной апрацоўкі глебы, што ўвайшоў у праграму выпуску 2010 года. У спрыяльны перыяд развіцця эканомікі здолелі давесці тэмпы росту аб’ёмаў вытворчасці, атрымаць прыбытак і разлічыцца з даўгамі.

Сфарміравалі сайт для прыцягнення ўвагі, перш-наперш, магчымых спажыўцоў з Расіі, дзе адсутнічаюць асобныя віды выпускаемай на РМЗ тэхнікі.

З дапамогай абласнога інвестыцыйнага фонду і часткі уласных сродкаў пачалі мадэрнізацыю абсталявання. У прыватнасці, набылі ўстаноўку для плазменай рэзкі металу. Раней ажыццяўленне кожнага з заказаў на адным з пінскіх прадпрыемстваў каштавала да 150 мільёнаў рублёў.

Лядовая арэна

Дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па зімовых відах спорту “Алімп-2011” Яўген Марозаў правёў своеасаблівую экскурсію па сучасным будынку і расказаў аб падыходах калектыву да эфектыўнага выкарыстання ўведзеных аб’ектаў нерухомасці. З пачатку навучальнага года каток актыўна выкарыстоўваюць школьнікі не толькі Лунінца, але і іншых устаноў адукацыі раёна. Папулярнасцю карыстаецца трэнажорная зала, дзе многія гараджанкі ўдасканальваюць фізічны стан з дапамогай заняткаў фітнесам. Увага кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія прымалі ўдзел у рабоце сесіі, была звернута на магчымасць прадастаўлення плошчаў пад рэкламу, каб павялічыць адну з крыніц прыбыткаў Лядовай арэны. Калектыў справядліва спадзяецца, што разнастаіць пералік паслуг здолее з удзелам спецыялістаў, – пакуль вакантнымі застаюцца 4 адзінкі. У запатрабаванасці ў раёне такога прэстыжнага аб’екту сацыяльнай сферы пераконвае настрой цяперашніх работнікаў, адлюстраваны ў плакаце: “Перамагае толькі той, хто імкнецца наперад”.

Красная Воля

У яслі-сад-сярэдняй школе дэпутатаў і гасцей сустракаў дырэктар Іван Лукашэвіч. Малодшакласніцы ў святочным адзенні ўручылі візітоўкі навучальнай установы, а крыху старэйшыя дзяўчаты сустрэлі паэтычным вітаннем і спевамі.

Кіраўнік пазнаёміў з умовамі знаходжання дзяцей у яслях-садзе (дарэчы, адкрытым у школе ў 2002 годзе першым у раёне) і правёў па рэкрэацыях. Будынак на 640 месцаў, узведзены ў 1978 годзе, цяпер наведваюць толькі 138 дзяцей (4 гады таму іх было 181). Змяншаецца і колькасць дашкольнікаў – 27 (39).

Па заўвагах дэпутатаў, пакуль што захапленне выклікаюць толькі абноўленыя, згодна са стварэннем аграгарадка, сцены будынка, а хацелася б бачыць адметнасць вёскі, якая вядома не толькі прыгожай назвай, але і славутымі землякамі. Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Валянціна Верас запэўніла, што пачатак работы па афармленню краязнаўчых куткоў пакладзены і будзе працягвацца.

Такое ж прыемнае ўражанне пакінула наведванне ўчастковай бальніцы, дзе дэлегацыю сустрэў калектыў. Установа аховы здароўя на 25 ложка-месцаў аказвае медыцынскія паслугі не толькі 1168-мі жыхарам наваколля, але і іншых населеных пунктаў раёна, з якіх накіроўваюцца хворыя. Падлячыўшыся, пацыенты застаюцца задаволенымі якасцю аказваемых паслуг.

На пытанне, якія ўмовы дапамогуць замацаваць у вёсках маладых спецыялістаў пасля абавязковай двухгадовай адпрацоўкі, што ўрач Таццяна Карпуковіч, якая ў жніўні прыступіла да выканання службовых абавязкаў, першай назвала жыллё.

На прыкладзе наведвання гэтых двух аб’ектаў сацыяльнай сферы ў Краснай Волі пераканаліся ў належным утрыманні і мэтавым выкарыстанні будынкаў, пераўтвораных у рамках выканання Дяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі.

Міжлессе

У Міжлессі дэпутаты азнаёміліся з захаванасцю і выкарыстаннем аб’ектаў нерухомасці, адчужэннем пустуючых будынкаў камунальнай формы ўласнасці. Адзін з іх, раней належачы КУП “Міжлескае”, прададзены фермеру і пераабсталяваны пад агароднінасховішча.

На думку дырэктара прадпрыемства Васіля Коваля, горшыя часіны ўдалося пераадолець і цяпер калектыў у 280 працаўнікоў забяспечвае стабільнасць вытворчасці. Дэпутаты наведалі жывёлагадоўчыя фермы, дзе вядзецца рэканструкцыя за кошт уласных сродкаў гаспадаркі. Па запэўніванню будаўнікоў, памяшканні будуць здадзены ў канцы восені, каб ўтрыманне статка на зімова-стойлавы перыяд адбывалася ў сучасных умовах.

У Міжлескім ЦСДК гасцей сустрэў фальклорны ансамбль “Васілінкі”. Захопленыя вітаннем на беларускай мове і прыгожай народнай песняй, дэпутаты азнаёміліся з выставай народнай творчасці.

У дыхтоўнай канцэртнай зале працягнулася пленарнае пасяджэнне сесіі. Аб ходзе выканання Праграмы кіравання дзяржаўнай маёмасцю, якая знаходзіцца ў камунальнай уласнасці раёна, паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Мазько. Прамоўца падкрэсліў, што асноўнай задачай продажу шэрагу аб’ектаў з’яўляецца не атрыманне дадатковых сродкаў, а неабходнасць пошукаў уласнікаў, каб папярэдзіць разбурэнне капітальных будынкаў, прывёў прыклады рацыянальнага выкарыстання дзяржаўнай маёмасці новымі прыватнымі гаспадарамі. Частку памяшканняў старой школы ў Краснай Волі і недабудаваную бальніцу ў Лахве пакуль не ўдалося прадаць. Цяпер у аблвыканкаме ўзгадняецца памер зніжэння стартавай цаны. Праблемным пытаннем застаецца выкарыстанне не задзейнічаных дагэтуль вытворчых плошчаў ААТ “Палесеэлекратмаш”. Памяшканні дапаможнай гаспадаркі, перададзеныя СВК “Хваецкае”, набылі новае сельскагаспадарчае напаўненне.

Даклад дапоўніла выступленне генеральнага дырэктара РУВП “Граніт” Сцяпана Тураўца. Ён паведаміў аб некаторых пытаннях кіравання і распараджэння больш як 7600 адзінкамі аб’ектаў коштам 534 мільярдаў рублёў – маёмасцю, якая знаходзіцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь.

Справаздачу падрыхтавала Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть