АД ДАБРА ДАБРА НЕ ШУКАЮЦЬ
У Мікашэвічах прайшла сустрэча са старшынёй аблвыканкама Канстанцінам Сумарам – даверанай асобай кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.
Мікашэвічы губернатар наведвае перыядычна, таму і сённяшняя місія кіраўніка вобласці не была нечым асаблівым: людзі ішлі на яе са спадзяваннем атрымаць адказы на самыя розныя пытанні. Менавіта таму ў зале для адкрытага дыялогу былі ўстаноўлены мікрафоны. Але перш Канстанцін Андрэевіч расказаў пра станоўчыя дасягненні ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны ў цэлым і Брэстчыны ў прыватнасці. Для параўнання прыгадаў не такія і далёкія часы пасля развалу СССР, калі ў заняпадзе была прамысловасць Беларусі, ледзь выжывалі калгасы, а дысцыпліна ў калектывах трымалася толькі на аўтарытэце кіраўніка. Такая сітуацыя працягвалася не адзін і не два, а прыкладна 7 год. Краіна выстаяла ў гэты надзвычай цяжкі час і паступова пачала рухацца наперад.
Гэты прагрэс сёння нельга не заўважыць. Бачаць яго і краіны-суседзі. Менавіта таму ўмацоўваецца аўтарытэт Беларусі, а сама яна мае прадстаўніцтва ў многіх вядучых міжнародных арганізацыях, накшталт ААН, МАГАТЭ, МВФ і іншых. Рэальны суверэнітэт садзейнічае далейшаму ўмацаванню сацыяльна-эканамічнага становішча краіны. Замежныя спажыўцы адзначаюць высокую якасць прадукцыі, выпускаемай нашымі прадпрыемствамі. Прычым кошт на тавары застаецца даступным. Нягледзячы на тое, што цана на імпартуемыя энерганосьбіты павялічылася ў 2,5 раза, камунальныя паслугі абыходзяцца насельніцтву ў 40 працэнтаў ад рэальнага іх кошту.
Але самае галоўнае, падкрэсліў выступаючы, што ў гады нестабільнасці ўдалося зберагчы краіну ад разрабавання. Былі захаваны прамысловыя гіганты, зямля засталася найкаштоўнейшым дзяржаўным багаццем. Беларусь упэўнена пераадольвае цяжкасці сусветнага эканамічнага крызісу, увайшоўшы ў 12 краін, якія амаль не дапусцілі зніжэння ВВП. У краіне не толькі здолелі выратаваць, але і надаць прыкметны імпульс развіццю вёскі. Сёння толькі сляпы не заўважыць, як папрыгажэлі населеныя пункты, што набылі статус аграгарадка. Адрамантаваны школы, дзіцячыя садкі, ФАПы, магазіны… У далейшым, і гэта адзначана ў дакументах IV Усебеларускага народнага сходу, будзе звернута ўвага не толькі на цэнтральныя сядзібы сельгаскааператываў, але і на іншыя вёскі. Адначасова будуць добраўпарадкоўвацца першыя аграгардкі, ўладкаваныя ў 2005-2006 годзе, дзе што-кольвечы засталося нязробленым з-за недахопу на той час грошай.
Народная гаспадарка на наступную пяцігодку бярэ вялікія абавязацельствы. Аб’ёмы прамысловай і сельскагаспадарчай прамысловасці павінны вырасці ў паўтара, а то і ў два разы. І гэта ў той час, як за бягучую пяцігодку яны ўжо выраслі ў паўтара раза. Для гэтага прадугледжаны вялікія інвестыцыі ў мадэрнізацыю прамысловай галіны, будуюцца новыя сучасныя жывёлагоўчыя комплексы ў вёсках, на машынных дварах паяўляецца тэхніка, якая адпавядае апошнім патрабаванням часу. Ужо сёння ў нашай краіне ў разліку на душу насельніцтва вырабляецца сельгаспрадукцыі больш, чым у краінах СНД, Польшчы і Германіі. А пастаўляецца яна ў 50 краін свету.
Сёння створаны ўсе ўмовы для развіцця дзелавой ініцыятывы людзей. За бягучую пяцігодку прадпрымальніцкі сектар вобласці павялічыўся ў паўтара раза, зарэгістравана 9000 прыватных прадпрыемстваў. Кожны восьмы рубель у бюджэце – ад прадпрымальніцтва. У краіне плануецца далейшае паляпшэнне бізнес-клімату. Мэтанакіравана ідзе работа па зніжэнню беспрацоўя. Яшчэ чатыры гады таму яго ўзровень у вобласці дасягаў 4 працэнтаў, зараз – вагаецца ў межах 1. Актыўна ўзводзіцца жыллё. Амаль поўнасцю ліквідаваны чэргі на яго ў сельскай мясцовасці. Сёння сем’ям, дзе выхоўваюцца чацвёра і больш дзяцей, кватэры і дамы прадастаўляюцца бясплатна. Астатнія могуць скарыстаць на гэтыя мэты льготныя крэдыты. Аб паступовым росце дабрабыту насельніцтва сведчыць і той факт, што за пяцігодку амаль удвая павялічылася колькасць прыватных аўтамабіляў. Сёння імі карыстаюцца больш як 370 тысяч жыхароў вобласці.
Расказаў выступаючы аб перспектывах паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі, умацаванні здароўя грамадзян (менавіта для гэтага будуюцца шматлікія спартыўныя аб’екты), развіцці медыцынскай галіны. Усё сказанае стала грунтоўным адказам на пытанне, якое сам выступаючы паставіў у пачатку свайго звароту да людзей: навошта нам галасаваць за Лукашэнку?
Не памылюся, калі скажу, што К.А. Сумар свядома не закранаў у выступленні асобы іншых кандыдатаў, аднак гэта зрабілі людзі. Яны цікавіліся, чаму некаторыя з прэтэндэнтаў на адказную пасаду ў дэкларацыі заявілі, што ўвогуле не мелі аніякіх даходаў. Што гэта – няздольнасць зарабіць ці элементарная спроба ўтаіць памер атрыманага? На што Канстанцін Андрэевіч коратка зазначыў: «Думаю, усё-такі няздольнасць зарабіць. Сёння ўтойваць даходы – сабе даражэй”.
У ходзе дыялогу зноў узнімалася пытанне добраўпарадкавання дарогі, якая вядзе ад бальніцы да трасы М-10 («ЛН” паведамлялі ўжо, што работы будуць выкананы на працягу 2011-першай паловы 2012 гг.), перспектывы газіфікацыі Сінкевіч і навакольных вёсак (яна будзе працягвацца, згодна з Дзяржаўнай праграмай). Многія праблемы Мікашэвіцкага рэгіёна заклікана вырашыць Комплексная Праграма развіцця і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся. Як запэўніў старшыня райвыканкама В.М. Агіевіч, які браў удзел у сустрэчы, з дапамогай яе будзе ўрэшце знята пагроза падтаплення маладога горада. К.А. Сумар удакладніў, што дакумент – сведчанне клопату Прэзідэнта аб палешуках. Самым непасрэдным чынам тут закранаюцца інтарэсы мясцовых жыхароў, бо ў Праграме абазначаны перспектывы развіцця горна-абагачальнага камбіната і асваення Сітніцкага месцанараджэння, будаўніцтва пад’язных чыгуначных пуцей, узвядзенне сацыяльных аб’ектаў… А гэта – новыя рабочыя месцы і новы ўзровень жыцця людзей.
Звароты жыхароў Мікашэвіч датычылі надзённых, у большасці сваёй камунальных, праблем. Адпаведныя службы атрымлівалі даручэнні і, трэба спадзявацца, што неўзабаве нармалізуецца падача электрычнасці ў дамы на вуліцах Усходняя, Зарэчная і некаторых іншых; урэгулююцца непаразуменні ў жыхароў дома №31 па вуліцы Першамайская са спецыялістамі БУ-63; на Рудню будзе накіраваны гарадскі маршрут, а ў мікрараёне за чыгункай для зручнасці жыхароў паявіцца гандлёвая кропка. Прынамсі, усе гэтыя, а таксама іншыя прыватныя пытанні ўзяты на кантроль абласнымі і раённымі службамі.
Пэўным урокам стане сустрэча для раённых улад. «Не думайце, што чыноўнікам утульна працаваць з Прэзідэнтам, – падкрэсліў К.А. Сумар. – Ён вельмі патрабавальны да сваіх падначаленых. З гэткай жа патрабавальнасцю мы ставімся да мясцовай улады, якая павінны аператыўна вырашаць праблемы людзей”.
Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.