АД ДУШЫ – НА!

Ветэраны педагагічнай працы, захопленыя самадзейнай творчасцю, аб’ядналіся ў клуб «Ад-душы-на”. Пішам і вымаўляем гэта слова па складах, таму што яно ўвасабляе галоўную мэту: творчыя і мастацкія здольнасці настаўнікаў шчыра прапаноўваюцца кожнаму нашаму земляку!

Сёлета дзейнасць арганізацыі значна актывізавалася, дзякуючы ўдзелу райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Старшыню Нэлі Рафаловіч і яе памочніцу Валянціну — Цяльпук успрымаем як нашых дочак, якія аддана клапоцяцца аб сваіх пажылых бацьках. Безумоўна, такое супрацоўніцтва можа служыць добрым прыкладам узаемадзеяння працаўнікоў і пенсіянераў у кожным калектыве.

Асаблівая ўдзячнасць – рэдакцыі газеты «Лунінецкія навіны” і раённаму радыёвяшчанню. Праз сродкі масавай інфармацыі можам данесці да жыхароў нашага краю ўшанаванне юбіляраў-педагогаў, садзейнічаць павелічэнню прэстыжнасці прафесіі настаўніка, спрыяць выхаваўча-адукацыйнаму працэсу. «ЛН” усебакова асвятляюць і наш удзел у грамадска-культурным жыцці раёна.

Аб усіх станоўчых справах, дасягнутых сумеснымі намаганнямі, паведаміла на пасяджэнні Брэсцкага абкама галіновага прафсаюза і абласнога савета ветэранаў педагагічнай працы, дзе быў абагульнены вопыт нашай работы. Напярэдадні ў Лунінцы мелі гонар прымаць прадстаўнічую дэлегацыю кіраўнікоў грамадскіх арганізацый Брэста і шэрагу гарадоў вобласці. Ацэньваўся ўдзел лунінчан у рэспубліканскай акцыі «Свет нашых захапленняў”.

Нам было з кім знаёміць гасцей! Сцяпан Нефідовіч (Любанская СШ) чытаў вершы і празаічныя замалёўкі, граў на губным гармоніку. Ганарымся і іншымі цудоўнымі паэтамі, якія прадставілі: лірыку – Вольга Грыдзюшка (СШ №4), гумарыстычныя вершы – Надзея Кацуба (СШ №2 г. Лунінца). Аб унікальных відах флоры і фаўны Лунінеччыны паведаміў Іван Панасюк (СШ №2 г. Лунінца), падмацаваўшы выступленне выдатнымі фотапейзажамі. Вучаніцы СШ №4 паказалі калекцыі адзення і галаўных убораў, якія стварыла Ганна Бандарэнка. Упрыгожаннем канцэрта стала Наталля Мурко (школа мастацтваў), якая выканала старажытныя рамансы і песні беларускіх кампазітараў.

«Свет захапленняў ветэрана” адлюстравала выстава па розных напрамках творчасці, у тым ліку кнігі аматараў літаратурнага слова. Рукадзелле было прадстаўлена вязанымі карункамі Н.І. Мурко і Ганны Сасніной (політэхнічны каледж), вышыўкамі 82-гадовай Вольгі Сокал (СШ №3 г. Лунінца), якая дагэтуль працуе іголкай і ніткай без акуляраў! Тэхнікі макрамэ і саломапляцення ўдаюцца Валянціне Дзедзінай (Цэнтр дзіцячай творчасці), вырабы з запалкаў – Мікалаю Левашкевічу (СШ №2 г. Лунінца). Прадэманстравалі і «зямельнае пытанне”: кветкаводства – вядомы гладыёлусавод Іван Тадорскі (Дзятлавіцкая СШ) здымкамі больш як 100 гатункаў і цыбулькамі, агародніцтва – аўтар гэтых радкоў насеннем шматлікіх культур.

Неабходна засяродзіць увагу на яшчэ больш важных напрамках дзейнасці. Пастаянна праводзім акцыю «Клопат”, калі ажыццяўляем пасільную дапамогу адзінокім пенсіянерам, дзецям-інвалідам, выхаванцам сацыяльнага прытулка, падапечным аддзялення кругласутачнага знаходжання пажылых людзей. Пры неабходнасці савет ветэранаў бярэ на сябе арганізацыю пахаванняў педагогаў. Цяпер складаем спісы магіл настаўнікаў, якім патрэбна грамадская ўвага. У акцыі «Духоўнасць” педагагічны актыў аказвае падтрымку ўзвядзенню ў Лунінцы храма ў гонар іконы Божай Маці «Взыскание погибших” – дзяжурствамі, гатаваннем абедаў будаўнікам, азеляненнем, дапаможнымі работамі, удзелам у занятках нядзельнай школы.

Душэўнае святло і цеплыня сэрцаў настаўнікаў, якія не спасылаюцца на ўзрост і не лічаць сябе па-за грамадскага жыцця, прасякае многія справы – дзеля прыгажосці роднага краю і яго людзей.

Наталля КАЗАНКОВА, старшыня савета ветэранаў педагагічнай працы.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть