АДЧУВАЦЬ СЯБЕ ГАСПАДАРОМ
Справаздачны сход у СВК “Вулькаўскі світанак”, у якім бралі ўдзел начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Анатоль Захаркевіч і галоўны інжынер упраўлення райсельгасхарчу Віктар Краўчанка, меў традыцыйны парадак дня. Галоўным пытаннем яго была справаздача старшыні Уладзіміра Соца.
Ён, дакладна апеліруючы лічбамі, акрэсліў становішча спраў у вядучых галінах сельскагаспадарчай вытворчасці. Гаспадарка засталася ў ліку прыбытковых, мае нядрэнную – 27,3 працэнта – рэнтабельнасць прадукцыі. У надоях на карову здолелі “узяць” 4-тысячны рубеж. Амаль 80 працэнтаў малака прададзена вышэйшым гатункам. Стабільна лідзіруе ў надоях ферма №1 на чале з Верай Насеня. Тут ад кожнай каровы атрымалі ў сярэднім па 4969 кілаграмаў малака. Большымі маглі б быць сярэднесутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы на дарошчванні і адкорме. Аналізуе заатэхнічная служба і становішча з захаванасцю цялят, якое ў параўнанні з 2007 годам летась пагоршылася.
— Сёлета Вулька 2 павінна стаць аграгарадком. Атрыманне новага статуса абавязвае да многага. Самая пільная ўвага – аб’ектам вытворчай і сацыяльнай сферы. У планах – рэканструкцыя жывёлагадоўчых ферм, мехдвара, зернеачышчальнай і зернесушыльнай гаспадаркі. На некаторых аб’ектах работы пачаліся. Да 1 кастрычніка павінна ўвайсці ў эксплуатацыю новая сучасная малочна-таварная ферма на 700 галоў.
Клапоцячыся пра пераемнасць пакаленняў, стараемся не выпускаць з поля зроку маладых спецыялістаў. Зараз моладзь да 30 год складае прыкладна 30 працэнтаў ад агульнай колькасці працуючых у сельгаскааператыве. Новыя дамы, а іх штогод узводзіцца да паўдзесятка, атрымліваюць у асноўным спецыялісты, якія прыехалі па размеркаванню, а таксама маладыя сем’і механізатараў і даярак. Нягледзячы на гэта, маладыя адукаваныя людзі СВК вельмі патрэбны. Таму на сходзе ўнеслі змяненні ў Калектыўны дагавор. Яны прадугледжваюць магчымасць навучацца ў ВНУ прафесіям, якія вельмі патрэбны “Вулькаўскаму світанку”. У асноўным гэта – спецыялісты ветэрынарнай і заатэхнічнай службаў.
Тыя, хто працуе на зямлі, не павінны адчуваць сябе адарванымі ад работнікаў устаноў, без якіх немагчыма ўявіць жыццё сучаснай вёскі. У нас наладжана цеснае плённае супрацоўніцтва з калектывамі Вулькаўскай 2 СШ І Галыборскай БШ, сельскай урачэбнай амбулаторыі, Дома культуры, дзіцячага садка. Мы заўсёды стараемся дапамагчы ім, калі трэба, транспартам, будаўнічымі матэрыяламі. Знаходзім грошы на набыццё аргтэхнікі і пдарункаў да Новага года. Нашы партнёры таксама стараюцца быць карыснымі – дапамагаюць убіраць вырашчаны ўраджай, рыхтаваць сумесныя святы.
Клопат аб працаўніках асабліва бачны падчас правядзення масавых палявых работ. За сімвалічную плату – 10 працэнтаў ад кошту – яны маюць магчымасць прама ў полі атрымліваць гарачае харчаванне. Усе, хто мае патрэбу, у поўным аб’ёме забяспечаны спецадзеннем.
Словам, стараемся зрабіць так, каб чалавек, які прыйшоў працаваць на зямлю, адчуваў сябе не “дачаснікам”, а паўнапраўным гаспадаром.