АДГУКНІЦЕСЯ, ВЫПУСКНІКІ ЛУГСКАЙ ШКОЛЫ!

Дарагая рэдакцыя «Лунінецкіх навін”! Прачытаўшы артыкул «Ад-душы-на”, не магу нават спакойна павячэраць. Нарэшце ўсвядомілі, што грамадству трэба шанаваць памяць настаўнікаў, у якіх па месцы пахавання не засталося родных людзей.

Я адпрацавала ў Лугскай школе 41 год. Крыўдна, што яе закрылі. Забыты цяпер і многія настаўнікі з нашага дружнага калектыву.

Адной з першых прыехала ў аддаленую вёску Надзея Міхайлаўна Карабейнікава. Гэта быў 1946 год. Насельніцтва пакутавала ад банды бульбашоў. Асабліва здзекваліся над настаўніцай, якая кватаравала ў бяздзетнай пары. Бандыты абрабавалі яе, забраўшы ўсё адзенне, гадзіннік. Працягвалі гэта рабіць неаднойчы. Як толькі атрымае зарплату, тут жа адбяруць. Часта збівалі настаўніцу, спрабавалі травіць аўчаркай. Але сабака аказаўся больш літасцівым, чым людзі. Адчуў, пэўна, добрую душу жанчыны, абнюхаў яе, але не пакусаў. Бульбашам не ўдалося выжыць з вёскі педагога, якая святлом ведаў адкрывала вочы дзецям. Нават калі бандыты падпалілі хату і стралялі ў тых, хто з яе выбягаў, Надзеі Міхайлаўне пашчасціла выскачыць праз вакно і выратавацца.

Сучаснікі павінны ведаць, з якімі цяжкасцямі прабіваўся праменьчык асветы ў Лугах. Я прыехала пазней, працавала арганізатарам. Разам з настаўнікам фізікі, двума хлопчыкамі і дзвюма дзяўчынкам наведалі Надзею Міхайлаўну, каб яе ўспаміны запісаць на магнітафон. Калі яна пачала расказваць, я ледзь стрымалася, каб не заплакаць пры вучнях.

У настаўніцы не было дзяцей. Калі яна памерла, былыя калегі сабралі сродкі і пахавалі. На жаль, на магіле не ўстаноўлены помнік. Звяртаюся да выпускнікоў, якіх вучыла Надзея Міхайлаўна. Многія з іх заканчвалі факультэты рускай мовы і літаратуры. Ведаю, што адна з яе вучаніц выкладала замежную мову ў Мікашэвічах. Адгукніцеся!

Разам з сястрой Валянцінай Фёдараўнай Пяткевіч, якая зрэдку наведвае Лугі, даглядаем магілку Надзеі Міхайлаўны. Але мне ўжо 76 год. Калі памру, забудуць і гэта месца пахавання.

Спадзяванні ўскладаю на педагагічную ветэранскую арганізацыю. Дапамажыце выканаць чалавечы абавязак перад памяццю чалавека, які не шкадаваў сябе на ніве адукацыі ў самыя складаныя пасляваенныя гады.

Алена ЦЕРПІЛОЎСКАЯ. в. Лугі.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть