АДНАДУШНАЕ «ТАК» МОЦНАМУ САЮЗУ
Значнай падзеяй для членаў раённай арганізацыі беларускага таварыства інвалідаў стала справаздачна-выбарчая канферэнцыя, якая прайшла ў будынку цэнтральнай бібліятэкі. Сярод гасцей былі страшыні абласной арганізацыі – Валянціна Ізаак, райсавета дэпутатаў – Віталь Адзішчаў, раённага савета ветэранаў – Надзея Лазіцкая і начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Анатоль Захаркевіч.
Са змястоўнай справаздачы пачала сваё выступленне старшыня арганізацыі Людміла Курак. Яна паведаміла, што раённая структура існуе ўжо 22 гады і цяпер налічвае 508 чалавек. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі пераадольваюць перашкоды, самі праводзяць святы, канцэрты, віктарыны, конкурсы – жывуць паўнацэнным жыццём. Ёсць на Лунінеччыне і «ЗОЖаўцы”. Яны ладзяць экскурсіі па Беларусі, ходзяць на прагулкі. Аматары спеваў могуць праявіць сябе ў музычным калектыве «Палеская крыніца”, якім кіруе Андрэй Гурбановіч. Людміла Васільеўна падзякавала фундатарам, без якіх у многіх выпадках нельга ажыццявіць задуманае. У чарговы раз звярнула ўвагу на несвоечасовую ці ўвогуле няздачу членскіх узносаў, закранула актуальную тэму «Бесперашкоднага асяроддзя”.
Удзельнікі канферэнцыі таксама выказалі праблемы, якія непакояць іх. Галіна Гаргун, напрыклад, заявіла аб недахопе спартыўных мерапрыемстваў, што пра інвалідаў-калясачнікаў часта забываюць. Старшыню мікашэвіцкай пярвічкі Валянціну Крывулец хвалюе, што ў іх адабралі будынак, дзе з дапамогай фундатараў паспелі зрабіць рамонт. Цяпер ні сабрацца, ні гасцей прыняць няма дзе.
Старшыня райсавета Віталь Адзішчаў паабяцаў разабрацца, заверыў, што заўсёды гатовы пайсці насустрач. Ён жа нагадаў, што ў гарсельвыканкамах ёсць прыёмныя дні, у рэдакцыі газеты «Лунінецкія навіны” праводзяцца «прамыя лініі”, дзе можна задаць хвалюючае пытанне і атрымаць кампетэнтны адказ.
Нягледзячы на цяжкасці, якія існуюць, удзельнікі канферэнцыі прызналі работу раённай арганізацыі выдатнай. Госця з Брэста Валянціна Ізаак падзякавала старшыням пярвічак за добрую працу, іх імпэт, заўзятасць і бескарыслівасць. Нагадала, што гэты моцны саюз створаны, каб забыць пра адзіноту, дапамагаць адзін аднаму, таму работу трэба ўдасканальваць, сачыць за тым, як выконваецца дзяржаўная праграма «Бесперашкоднага асяроддзя”, і разам вырашаць праблемы. Пажадалі поспехаў людзям з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама паабяцалі сваю дапамогу Віталь Адзішчаў і Анатоль Захаркевіч.
Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў атрымала рэвізор Валянціна Пяст, а падзячны ліст – член праўлення Мікалай Гаргун. Высшыя ўзнагароды райвыканкама – сакратар Святлана Качановіч і кіраўніца гуртка «Рукадзельніца” Людміла Гусаім.
Старшынёй раённай арганізацыі інвалідаў паўторна абрана Людміла Курак. Яна і Пётр Сыпала стануць прадстаўнікамі ад Лунінеччыны на абласной справаздачна-выбарчай канферэнцыі.