АГРАЭКАТУРЫЗМ – БЕЗ РЭГІСТРАЦЫІ
На пытанні «Прамой лініі” адказвае начальнік аддзела падаткаабкладання фізічных асоб інспекцыі МПЗ Рэспублікі Беларусь па Лунінецкім раёне Людміла РУДЗЬКО.
Тэлефануе Кацярына Каховіч з Лунінца. Скажыце, калі ласка, пры здачы ў наём 2-пакаёвай кватэры, які падатак трэба ўплачваць?
– Уплачваецца падаходны падатак у фіксаваных сумах: 30 тысяч рублёў за кожны пакой, за 2 пакоі, адпаведна, – 60 тысяч рублёў.
Ірына Цітовіч з Сінкевіч. Растлумачце, хто мае права ажыццяўляць дзейнасць у сферы аграэкатурызму і ці патрэбна рэгістрацыя ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка?
– Без дзяржаўнай рэгістрацыі могуць ажыццяўляць дзейнасць фізічныя асобы, якія пастаянна жывуць у сельскай мясцовасці, малых гарадскіх паселішчах і вядуць дапаможную гаспадарку. Суб’екты аграэкатурызму прадастаўляюць жылыя пакоі турыстам, забяспечваюць іх харчаваннем, арганізуюць пазнавальныя і спартыўныя праграмы.