АРЫШТ ДЛЯ НЕЦВЯРОЗАГА ВАДЗІЦЕЛЯ
На аўтамабілі ДПС ДАІ супрацоўнікі міліцыі ехалі, каб “пагасіць” начны скандал, які ўзнік у вясковай сям’і . На адной з вуліц Дрэбска ў поле зроку інспектараў трапіў “Фальксваген-Пасат”, які ехаў насустрач. Нечакана ён спыніўся. З машыны выбег мужчына, які спрабаваў схавацца ад праваахоўнікаў…
Як высветлілася, уцякач быў нецвярозы. Аднак гэта не перашкодзіла яму выдумаць сабе новае прозвішча і прыдумаць гісторыю: быццам ён спаў на заднім сядзенні аўтама-біля, а за рулём быў яго знаёмы. А калі спыталі, чаго ж уцякаў, запэўніў, што яго нехта разбудзіў і загадаў бегчы. Ён так і зрабіў.
На самай справе, яго знаёмы сапраўды падвёз яго да дому і пакінуў машыну ў двары. Тады 23-гадовы Фёдар Сяргееў (імя і прозвішча зменены – рэд.) вырашыў працягнуць вандраванне самастойна, але быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ.
Больш падрабязнае вывучэнне асобы парушальніка высветліла цікавыя моманты яго жыцця. Аказваецца, садзіцца п’яным за руль у яго стала дрэннай звычкай. У мінулым годзе ён рашэннем суда Мінскага раёна быў пазбаўлены права кіраваць транспартным сродкам на 5 год і аштрафаваны на 300 базавых велічынь (10 мільёнаў 500 тысяч рублёў). Пазней пастановай суда ўжо Лунінецкага раёна штраф быў заменены на грамадскія работы – 240 гадзін. Аднак ні адной гадзіны Фёдар так і не адпрацаваў.
І вось чарговы вердыкт: Сяргееву назначана пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам на 5 месяцаў з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, на працягу 5 год. Да таго ж, яму давядзецца адпрацаваць на грамадскіх работах 240 гадзін.
Надзея НЕКРАШЭВІЧ, памочнік пракурора.