АХВЯРАВАЛІ САБОЙ, КАБ ВЫРАТАВАЦЬ ВЁСКУ…

Ствараючы летапіс паселішча, вучні Лобчанскай СШ занатоўваюць успаміны старажылаў. Самай хвалюючай старонкай лёсаў з’яўляюцца падзеі Вялікай Айчыннай. Аб шматпакутным шляху расказала і Марыя Іосіфаўна КАЛЕШКА.
Яна была 8-гадовай дзяўчынкай, калі пачалася вайна. У лютым 1943-га акупанты спалілі Дубаўку. Вёска гарэла цэлую ноч. Жыхары Лобчы чулі крыкі і стогны ахвяр трагедыі, бачылі гэты жудасны касцёр. Раніцай ад паселішча засталіся толькі дзве хаты, што стаялі на водшыбе…
– Чаго хаваць – было страшна, – прыгадвае жанчына, у маленстве выпрабаваўшая няволю. – Калі акупацыйныя ўлады загадалі рыхтавацца да вывазу ў Германію жыхарам Лобчы, ніводзін чалавек не выратаваўся ў лесе. Баяліся ўцёкамі наклікаць бяду на вёску.
У свята Сёмухі па вуліцах праехала машына з гучнагаварыцелем. Голас па-руску з нямецкім акцэнтам загадваў тэрмінова сабрацца каля пераезду. На прыпыначным пункце расло многа слівовых дрэў. Уразіла: спелыя плады смачна елі немцы, выплёўваючы костачкі і зняважліва гледзячы на натоўп людзей. Вяскоўцы збіраліся, як маглі: хто – з рэчамі, хто – у чым стаяў. Немцы рабілі знешні агляд, выбіраючы фізічна больш моцных людзей.
Да вывазу на прымусовую працу ў Германію вызначылі і сям’ю Іосіфа Андрэевіча і Настассі Фёдараўны Юрко, у якіх было пяцёра дзяцей. Калі высветлілася, што ў старэйшага сына цяжарная жонка, іх пакінулі ў вёсцы. Астатніх на цягніку давезлі да Лунінца. Тут пераначавалі ў казарме былой вайсковай часці. На наступны дзень пры загрузцы ў эшалон Уладзіміру (у вёсцы яго ведалі пад мянушкай Ладзё) пашанцавала збегчы.
Шлях у няволю ў таварняку, дзе ў вагонах для перавозкі грузаў былі змайстраваны нары, быў амыты слязамі. Вымушаныя «пасажыры” плакалі, перажывалі, настройваліся на горшае. Дарога заняла некалькі сутак, перабіваліся «сухім пайком”. Вязняў высадзілі на нейкай станцыі ў Германіі. Загналі ў лазню, каб вымыліся, і ўсім абстрыглі валасы. Прайшоўшых і гэты здзек людзей выстраілі на пляцоўцы, адкуль кожны баўэр выбіраў сабе, як плантатар – рабоў…
– Бацькі і старэйшая сястра Праскоўя былі прызначаны на палеткі, – кожны дзень паднявольнага жыцця адлюстраваўся ў памяці былога малалетняга вязня фашызму. – Малодшай сястры, Надзеі, і мне знаходзілі занятак у маёнтку. Было цяжка, але звычайная сялянская праца крыху супакойвала «ўсходніх рабочых”. На абед давалі поліўку – не вельмі падсілкуешся, але і з голаду не прападзеш. Карацей кажучы, кармілі так, каб толькі работнікі выжылі. У нядзелю дазваляўся выхадны. Да дзяцей адносіліся нармальна, не забаранялі гуляць разам з нямецкімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Дарослым за працу плацілі некалькі марак, але катэгарычна забаранялі купляць прадукты харчавання. Некаторыя сем’і назбіралі па некалькі рукзакоў грошай. Але калі праз два гады нас вызвалілі, маркі нідзе не прымалі, тут яны сталі простымі паперкамі.
Тэрыторыю, куды былі прымусова вывезены, занялі саюзныя войскі – амерыканцы і англічане. Запомніліся страшэнныя бамбёжкі гарадоў, асабліва Гамбурга. У цягніку, ужо ідучым дамоў, бачылі руіны ўздоўж чыгуначных пуцей. Пераязджаючы раку Одэр па драўляным мосце, затаілі дыханне – такі ён быў ненадзейны. Перасяклі савецкую мяжу. Нарэшце ўсе выпрабаванні скончыліся.
Са станцыі Лунінец дабіраліся, як маглі: хто – пехатою, за кім прыслалі коней. Пашчасціла тым, у каго захавалася хата. Большасць жа былі пазбаўлены жытла. Каб не прапасці з голаду і холаду, елі крапіву, на палях збіралі гнілую бульбу, прасіліся ў дамы. Калі ў гаспадароў не было месца, прапаноўвалі сенавалы ці хлявы… З цяжкасцю перазімаваўшы, на наступную вясну людзі пачалі адбудоўваць ці рамантаваць дамы – наўкола хапала лесу. У пасляваенны час даводзілася выпрабоўваць голад і холад, але родная зямля мацавала сілы на пераадоленне бядот. Жыццё паступова стала наладжвацца…
Таццяна ВАСІЛЬЕВА.