АХВЯРЫ СУЧАСНАСЦІ
Нават у многіх звычайных сем’ях
бацькі часта не займаюцца дзецьмі. Што ж казаць пра нядобранадзейныя і
асацыяльныя? Настаўнікі таксама не заўсёды імкнуцца заўважыць дзіцячыя
праблемы. Аб праблемах падлеткавай злачыннасці гутарым з пракурорам раёна
Віктарам САВІЧАМ.
– Якія першыя асацыяцыі ўзнікаюць
са словамі «непаўналетні злачынца”?
– Не самыя лепшыя. Для большасці
людзей дзеці, якія пераступілі закон, злачынцы, годныя грамадскай ганьбы. Але
адштурхоўваючы ад сябе гэтых маленькіх грамадзян, мы часта не задумваемся аб іх
душэўным стане, абарваным будучым і марах, якім, на жаль, ужо не ажыццявіцца.
Зразумела, пакідаць супрацьпраўныя ўчынкі непакаранымі нельга, але трэба
задумацца аб тым, як пазбегнуць злачыннасці сярод моладзі. Ступіўшы на
крымінальную сцяжынку, некаторыя з іх толькі спрабавалі звярнуць на сябе ўвагу
дарослых.
Толькі летась на Лунінеччыне
непаўналетнія ўчынілі 32 злачынствы. Да крымінальнай адказнасці прыцягнуты 30
падлеткаў, на рахунку якіх 29 крадзяжоў, угон аўтатранспарту, прычыненне цяжкіх
цялесных пакалечанняў і кіраванне аўтатранспартным сродкам у стане алкагольнага
ап’янення паўторна на працягу года. Аналіз паказвае, што большасць злачынстваў
(20) учынены ў Лунінцы ў вячэрні і начны час.
– Чаму, на вашу думку, злачыннасць
у падлеткавым асяроддзі не змяншаецца?
– Ёсць некалькі аб’ектыўных
прычын. Гэта нізкае ўзаемадзеянне паміж службамі РАУС, камісіі па справах
непаўналетніх, аддзела адукацыі, медыцынскіх устаноў і іншых дзяржаўных
арганізацый і грамадскіх аб’яднаняў у прафілактыцы падлеткавай злачыннасці і
п’янства. Недастаткова праводзіцца мерапрыемстваў адпаведнай накіраванасці,
рэйдавых праверак з удзелам прадстаўнікоў маладзёжных арганізацый і бацькоўскіх
камітэтаў у грамадскіх месцах у вячэрні час.
Калі разглядаць факт, што вучань
лунінецкай СШ №2 тройчы на працягу года ўчыняў крадзяжы, то відавочна
недапрацоўка прафілактычнай работы з боку службы крымінальнага вышуку.
Праверкамі таксама ўстаноўлена, што камісіі па справах непаўналетніх Дварэцкага
і Дзятлавіцкага сельвыканкамаў таксама не надаюць увагі падлеткавай злачыннасці
і прафілактыцы сямейнага нядабрабыту.
– Як часта падлеткі парушаюць
адміністрацыйнае заканадаўства ў сферы дарожнага руху?
– У парушэнні правілаў дарожнага
руху затрыманы 49 чалавек, у стане алкагольнага ап’янення за рулём – 21, без
права кіраваць транспартнымі сродкамі – 41.
– Што можа
дапамагчы ў гэтай сітуацыі?
– Больш жорсткая адказнасць за
продаж непаўналетнім алкаголю, у тым ліку і піва. Строгі кантроль за
паводзінамі дзяцей на дыскатэках, вакзале, дапамога малазабяспечаным сем’ям і
абавязковыя псіхалагічныя кансультацыі. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на
дзяцей з нядобранадзейных сем’яў: зрабіць усё, каб яны не адчувалі сябе
абяздоленымі, кінутымі і непаўнацэннымі. Часцей правоадзіць праверку жыццёвай
абстаноўкі тых, хто раней прыцягваўся да крыміналнай адказнасці. Не забываць у
школах нагадваць пра цэнтры сацыяльнай дапамогі, куды падлеткі могуць звяртацца
пастаянна.
Праблему падлеткавай злачыннасці
можна вырашаць рознымі шляхамі, але галоўнае, што трэба дзецям, – увага
дарослых і іх гатоўнасць дапамагчы.
Гутарыла Алена ДАНІЛОВІЧ.