Арыенціры вызначае ПРАЦА
Галіновае спаборніцтва з’яўляецца адным з асноўных стымулаў высокаэфектыўнай вытворчасці.
У пасляваенны час чыгуначны вузел у пэўнай ступені служыў прыкладам арганізацыі працы для ўсіх прадпрыемстваў, якія аднаўляліся ці занава ствараліся на вызваленай Лунінеччыне. Захоўваем традыцыі папярэднікаў, якія сталі працоўнай славай раёна, стараннасцю і добрасумленнасцю імкнемся мацаваць традыцыі. Падвядзенне вынікаў працы за квартал вызначыла арыентыры для кожнага з прадстаўнікоў нашага больш як паўтысячнага калектыву.
Сярод груп калон пераможцам сталі лакаматыўныя брыгады на чале з машыністам-інструктарам В.М. Трысценем. Трэба адзначыць, што з асноўнымі паказчыкамі – выкананне тэхнічнай хуткасці, захаванне аховы працы, недапушчэнне зрываў і псавання – выдатна справіліся ўсе падраздзяленні. Падначаленыя ж Віктара Мікалаевіча да таго ж больш за іншых з’эканомілі паліўна-энергетычных рэсурсаў. Тры калектывы не маюць заўваг па стану працоўнай дысцыпліны. Гэта пераможцы, а таксама заняўшая другое месца калона на чале з Васілём Хамутоўскім і стаўшая трэцяй – на чале з Анатолем Занько (тут лепшае, чым у калег, утрыманне цеплавозаў).
Здавальняюча ацэнена выкананне большасці вытворчых паказчыкаў рамонтных участкаў. Усе яны забяспечылі нормы расходу дызельнага паліва і іншых матэрыялаў пры поўным захаванні тэхнікі бяспекі. Перавышэнне планаў рамонту і абкаткі цеплавозаў, а таксама большая колькасць складаных рамонтаў вывелі наперад участак №02 на чале з майстрам Алегам Максіменкам. Гэта падраздзяленне распрацавала і 10 рацыяналізатарскіх прапаноў. Па столькі ж інавацый ўкаранілі яшчэ два ўчасткі – №04 (Ігар Арабей) і №21 (Валерый Бурцаў), якія занялі адпаведна другое і трэцяе месцы. Агульнае пажаданне кіраўнікам і працаўнікам – імкнуцца да павышэння кваліфікацыі кадраў.
Складана было вызначыць лепшага сярод дапаможных участкаў. Яны на належным узроўні выконваюць усе нарматывы, забяспечваюць вадой і цяплом вытворчы працэс, не дапускаюць прастою вагонаў. Першынства вырашана аддаць калектыву гаспадарчага ўчастка (майстар Аляксандр Місюра), які прыклаў шмат намаганняў па добраўпарадкаванню памяшканняў і тэрыторый.
Групы адзіных змен па 7-ці з 8-мі паказчыкаў маюць аднолькавыя станоўчыя вынікі. Спаборніцтва ішло па апошнім. Тэхнічнае абслугоўванне ТА-2 найбольшай колькасці лакаматываў – 194 – правялі падраздзяленні на чале з дзяжурным па дэпо Васілём Вярэнічам і майстрам участка тэхнічнага абслугоўвання Алегам Раманоўскім.
Чарговае падвядзенне вынікаў галіновага спаборніцтва з заахвочваннем работнікаў, дасягнуўшых высокіх вытворчых паказчыкаў, адбудзецца да прафесійнага свята чыгуначнікаў. Адначасова абновіцца Дошка Гонару прадпрыемства, на якую будуць занесены прозвішчы і партрэты лепшых працаўнікоў калектыву.
Аляксандр МАТОР, старшыня прафкама лакаматыўнага дэпо Лунінец.