“БАЧЫЦЬ СВЕТ ПРАЗ ПРЫЗМУ ДЗІЦЯЧАГА БОЛЮ”

Так называлася публікацыя ў №6 “ЛН” за 20 студзеня 2012
года, у якой мы расказалі пра маленькую Сашу Емельяновіч, якой вельмі патрэбна
дорагакаштуючае лячэнне за мяжой.

Рэдакцыя стала ініцыятарам збору сродкаў на выратаванне
дзяўчынкі. Актыўна ўключыліся ў дабрачынную акцыю актывісты ГА “Беларускі саюз
жанчын”. Менавіта гэтай высакароднай справай заявіла пра сябе арганізацыя
жаночага грамадскага аб’яднання, нядаўна створаная на ААТ “Спецжалезабетон”.
Днямі ў рэдакцыю завітала мама  Сашы –
Вольга Васільеўна Емельяновіч. Са слязамі на вачах яна шчыра дзякавала жанчын
са “Спецжалезабетона”, калектыў ПВУП “Вікторыя”, настаўнікаў, вучняў і СШ №4 і
іх бацькоў, знаёмых і незнаёмых людзей, што адгукнуліся на дзіцячы боль, які
ніколі не бывае чужым.

З Вольгай Васільеўнай мы ўскрылі скрынку, устаноўленую ў
рэдакцыі. Сюды апускалі грошы наведвальнікі аддзела рэкламы і тыя, хто,
прачытаўшы расказ пра Сашу, проста не здолеў застацца абыякавым. І сапраўды, не
мае межаў чалавечая дабрыня і спагада. За кароткі час ўдалося сабраць грошы,
якіх амаль дастаткова на лячэнне дзяўчынкі. Не хапае прыкладна трэць сумы, а
таму збор сродкаў працягваецца, і мы зноў і зноў спадзяемся на чуласць нашых
землякоў.

Дабрачынны рахунак для лячэння Сашы Емельяновіч адкрыты
на імя Вольгі Васільеўны Емельяновіч у аддзяленні ААТ “Белаграпрамбанк” –
балансавы рахунак № 3819800000012 дабрачыннага рахунка № 32195.

Скрынка для ахвяраванняў па-ранейшаму ўстаноўлена і ў
рэдакцыі “Лунінецкіх навін”. Дапаможам маленькай Сашы!

 

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть