БАЯЛІСЯ ЎВАЙСЦІ Ў ХРАМ…
Калі немцы палілі Дубаўку, за гэтым з жахам назіралі жыхары Лобчы. Многія кінуліся збіраць рэчы, каб выехаць далей ад небяспекі. Час ішоў да вясны, пад вазамі трашчаў лёд, колы правальваліся. Але нават не гэта – асноўная прычына таго, што нямногім удалося пакінуць вёску. Хутка немцы загадалі сем’ям збірацца ў Германію.
На станцыі спыніўся цягнік. Адбіраючы больш-менш фізічна моцных, каб маглі працаваць, салдаты сталі заганяць людзей
у вагоны. Казалі, што з Лобчы вывезлі больш як палову вяскоўцаў. У іх ліку была Вольга Іосіфаўна Антановіч, якая ўспамінае:
– Мае браты яшчэ да вайны былі прызваны ў Чырвоную армію і ваявалі на фронце. Слабую маму немцы пакінулі дома. З нашай сям’і забралі траіх чалавек – бацьку Іосіфа Якаўца з дзвюма дочкамі. Мне было 14 год, сястры Надзеі – 16.
У Германіі нас размеркавалі па маёнтках. Як і ўсе людзі, немцы былі рознымі па характарах. Некаторыя здзекаваліся над рускімі – так называлі ўсіх паднявольных, якіх вывезлі з рэспублік СССР. Іх прымушалі рабіць тое, што было не пад сілу “остарбайтэрам”, каб потым за невыкананне загада збіць няшчасных. Некаторыя з разуменнем ставіліся да магчымасцей людзей.
Выконвалі розныя віды работ. Напэўна, больш пакутавалі тыя, хто працаваў на прадпрыемствах. Мы ж займаліся сялянскімі справамі на ўчастках зямлі, кожная сям’я – у свайго гаспадара. Мужчыны секлі дровы, калолі, складвалі ў касцёр. На апрацоўку зямлі выганяліся ўсе, без адрознення ўзросту і полу. Бульбу садзілі, палолі, капалі. Жыта сеялі, жалі, малацілі. У нашага баўэра, як і ў іншых, было некалькі паднявольных рабочых. Некаторыя працавалі кухарамі. Рускім, якія жылі ў розных гаспадароў, забаранялася сустракацца, таму практычна не бачыліся з аднавяскоўцамі. Даходзілі чуткі, што тых, хто адмаўляўся ад працы ці не выконваў загады баўэра, адпраўлялі ў канцлагеры ці нават расстрэльвалі.
Па маладосці мяне ў поле не адпраўлялі. Дапамагала гаспадыні па доме і ся-дзібе. Немцы любілі, каб у пакоях усё зіхацела, вось і старалася прыбіраць. Калі да гаспадароў прыходзілі госці, падавала талеркі, сурвэткі, стравы. На гаспадарчым двары карміла свіней, чысціла кур. Калі птушак забівалі, скубла пер’е. За работу атрымлівала 4 маркі і 4 яйкі штотыднёва. За гэтыя грошы купляла хлеб (толькі чорны, белы – не дазвалялася) і малако (свежае – забаранялася, толькі перагон). Калі ў статку з’явіўся новы пастух, ён сказаў бацьку, каб той прыходзіў за малаком штодня. Бацька адмовіўся, баючыся, што могуць пакараць. Стэфан пераканаў яго простымі словамі: табе трэба карміць дзяцей…
У немцаў многае тады здавалася дзіўным, хаця з цягам часу прыйшло разуменне гэтых парадкаў. Калі здыхала кура, мне трэба было хаваць птушку пад дрэвам грушы. Труба, якая абагравала птушнік і была размешчана блізка каля гнёздаў, аднойчы стала прычынай гібелі чубатак і куранят. Думала, што мяне за гэта моцна пакараюць. Але гаспадыня Хільда толькі спытала, як гэта здарылася, і загадала пахаваць рэшткі згарэўшых птушак.
Яшчэ адзін нямецкі звычай: забаранялася есці яблыкі, нават калі яны падаюць, – трэба было чакаць вызначаны час, калі можна збіраць плады. Але ж і нашы продкі расказвалі, што па-хрысціянску яблыкі нельга есці да Спаса, але хто гэтага прытрымліваецца…
Мы з сястрой Надзеяй і кухаркай Марынай па нядзелях хадзілі ў храм, але стаялі на вуліцы, баяліся, што немцы будуць сварыцца, калі ўвойдзем унутр.
Іншы раз вечарам збіраліся дзяўчаты з пякарні. Хаця і было забаронена, прыносілі нам некалькі пячэнняў ці белага хлеба. Стэфан іграў на гармоніку. Спявалі пра вайну, родны край, мары вяртання…
Вызваленне прыйшло з полымем і бамбёжкамі Гамбурга, у наваколлях якога знаходзіўся маёнтак. Усім загадалі эвакуіравацца. Мужчыны-работнікі пачалі накрываць белымі просцінамі машыны, каб было заўважана, што яны – палонныя, але немцы скідвалі гэтыя знакі адрознення. Калі на шляху сустрэліся танкі, мы баяліся, каб і нас не пастралялі разам з немцамі. Вызвалілі нас амерыканцы, якія размаўлялі па-руску. Не магла не пацікавіцца, адкуль ведаюць? Салдаты ў незнаёмай форме адказвалі, што іх бацькі – рускія, пасля рэвалюцыі эмігрыравалі ў ЗША, але захавалі мову і веру…
Ва ўсіх палонных была мара: хутчэй дабрацца дамоў. Нам далі худых і нямоглых кляч, на якіх усё ж даехалі да горада Вісмарк. Тэрыторыя рускіх пачыналася на другім баку ракі Одэр. Драўляны мост развальваўся, але здолелі пераехаць і гэту перашкоду. Цягнік даставіў праз Ваўкавыск і Баранавічы да Лунінца, а са станцыі дабіраліся ўжо, хто як змог. У Лобчу вярнуліся 20 кастрычніка 1945 года – абяссіленыя і знявечаныя. Але родная зямля аднавіла сілы на далейшае жыццё.
Запісалі вучні Лобчанскай СШ.
ПЕСНЯ УЗНИКОВ
Ночь надвигается, вагон качается,
И все уснули крепким сном,
Страна любимая все удаляется,
Идет в Германию наш эшелон.
Привезли в Германию на муки голода,
Дали нам «паечку» по 300 грамм,
Баланды реденькой с полтарелочки
С зеленой брюквою пополам.
Ах, вы, сволочи, ах, вы, мучители,
Верим, настанет мщенья час,
Когда войдут сюда герои русские,
Тогда расплатятся за всех за нас.
Ночь надвигается, вагон качается,
И все уснули крепким сном,
Страна фашистская все удаляется,
Едет на родину наш эшелон.
Здравствуйте, села-города,
Здравствуйте, родные отец и мать,
Едем из муки мы, едем из голода,
Едем на родину мы расцветать…