БЕЗ ЗРУХАЎ
Праведзеная ў лютым праверка на ААТ “Палессеэлектрамаш” выявіла шэраг парушэнняў, за што да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты кіраўнік і тры службовыя асобы.
На выпраўленне сітуацыі быў дадзены час. Аднак, па-ранейшаму ў няспраўным стане аўтаматычнае прыстасаванне пажаратушэння малярнага і прапітачнага аддзяленняў, не праведзены рамонт газааналізатараў. У адміністрацыйна-бытавым корпусе №1 і пераходнай галерэі не адноўлены дзверы, што аддзяляюць лесвічныя клеткі ад калідораў. Не працуюць пажарныя сігналізацыі на складах і г.д.
Такім чынам, пакуль аб высокім узроўні пажарнай бяспекі тут гаварыць не даводзіцца…
Сяргей НЕЎДАХ, старшы інспектар ІДПН РАНС.
“КАПЕЕЧНЫЯ” ЗАТРАТЫ
Дзяржпажнагляд не ў першы раз адзначае, што кіраўніцтва БУ №63 ААТ “Будаўнічы трэст №2” не выконвае патрабаванні Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пажарнай бяспецы”.
На аб’ектах прадпрыемства не зроблена вогнеабаронная апрацоўка сцелажоў у складскіх памяшканнях, зварачны ўчастак не забяспечаны пярвічнымі сродкамі пажаратушэння, у гаражы захоўваюцца балоны з гаручымі газамі. Дагэтуль не выканана ў поўным аб’ёме прадпісанне 2011 года. Прычым, затрат і намаганняў для таго, каб электралямпы забяспечыць плафонамі, а размеркавальныя каробкі накрыўкамі, патрабуецца не так многа.
За такія, здаецца, “дробязі”, любая з якіх можа прывесці да вялікай бяды, кіраўнік БУ №63 прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
ПРАБЛЕМ НЕ СТАЛА МЕНШ
На РУВП “Граніт” з адказнасцю ставяцца да прадпісанняў. Мінулагодняе выканана ў поўным аб’ёме. Між тым, сёлета ўзніклі новыя пытанні, якія патрабуюць хуткага вырашэння.
Так на прадпрыемстве не абсталявана спецыяльная пляцоўка для часовага складзіравання выкарыстаных аўтамабільных шын з улікам супрацьпажарных разрываў ад будынкаў, не прадугледжана магчымасць бесперашкоднага праезду пажарных машын да цэха пагрузкі.
У памяшканнях электраслужбы буравыбуховых работ і слясарным участку рамонту горнага абсталявання электраправодка зроблена не ў адпаведнасці з правіламі ўстройства электраабсталявання. У цэху стальнога ліцця на момант праверкі не былі ўбраны гаручыя адходы вытворчасці.
Па выніках праверкі да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 10 службовых асоб.
Ігар ГЕРМАН, інспектар ІДПН РАНС.