“БОМБА” ЗАМАРУДЖВАЮЧАГА ДЗЕЯННЯ
Пачынаючы з 1992 года лунінчанін Мікалай Дзмітрыеў (імя і прозвішча зменены – рэд.) пачаў рыхтавацца да «вайны”. Спачатку незаконна набыў 17 рэвальверных патронаў да «Нагана” ўзору 1895 году. У 1995-м – 46 патронаў да аўтамата «Калашнікава”, 70 – да пісталета ПСМ, 48 артылерыйскіх снарадаў, 53 грамы пораху, 9 цетрылавых шашак, 5 капсуляў-дэтанатараў, 400-грамовую трацілавую шашку. Мінула яшчэ тры гады, і арсенал папаўніўся вінтоўкай ТОЗ-8М і 84 малакалібернымі патронамі.
Усё гэта было канфіскавана 23 красавіка 2010-га работнікамі міліцыі падчас вобыску ў гаражы Мікалая, які быў затрыманы па падазрэнню ў крадзяжы. За некалькі месяцаў злачынца пранікаў у гаражныя пабудовы лунінчан і браў самае каштоўнае – бензапілу, лодачны матор, каністры з бензінам і дызельным палівам.
Падчас судовага пасяджэння Дзмітрыеў прызнаў сваю віну ў крадзяжах. Што датычыць арсенала: частку падарылі, частку знайшоў у складзе адной з воінскіх частак, а вінтоўку з патронамі купіў у незнаёмца ў Бастыні. Аб тым, што зброю незаконна захоўваць забаронена, ведаў, але не спяшаўся ў міліцыю, сцвярджаючы, што баяўся крымінальнай адказнасці. Але так ці інакш, але адказваць ўсё ж давялося. Прыгаворам суда яму назначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 4 гады з канфіскацыяй маёмасці і адбываннем пакарання ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Нядаўнія трагічныя падзеі ў Мінскім метро, прымусілі актывізаваць дзянні праваахоўных органаў у выяўленні незаконна захоўваемай зброі і выбуховых рэчываў. Так, згодна з артыкулам 295 Крымінальнага кодэкса за выраб, набыццё, перадачу ва ўладанне, збыт, захоўванне, перавозку, перасылку або нашэнне зброі (акрамя паляўнічай), боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і ўстроўстваў прадугледжана максімальнае пакаранне да 7 год пазбаўлення волі з канфіскацыяй мёмасці. Калі аналагічныя дзеянні ўчыняюцца паўторна, або групай асоб па папярэднім зговары, то пазбавіцца волі можна на тэрмін да 12 год.
Аднак, калі грамадзяне добраахвотна здадуць названыя вышэй прадметы, яны будуць вызвалены ад крымінальнай адказнасці. Пры гэтым трэба ведаць, што гэта магчыма толькі да ўзбуджэння крымінальнай справы або пачатку следчых аператыўных дзеянняў. Калі ж падчас вобыску прадметы будуць добраахвотна здадзены, то гэта будзе з’яўляцца змягчаючымі абставінамі па справе.
Згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях, за стральбу з агнястрэльнай зброі ў населеным пункце або ў месцы, не прызначаным для стральбы, пагражае штраф ад 5 да 10 базавых велічынь з канфікацыяй зброі і боепрыпасаў да яе або без канфіскацыі, з пазбаўленнем спецыяльнага права.
Таццяна СВІБОВІЧ, старшы памочнік пракурора.