БЯСЦЭННЫ ДАР
перададзены ў музей Лунінскай СШ намеснікам галоўнага рэдактара «Палескай праўды”, ураджэнцам Луніна Мікалаем Елянеўскім. Кніга – лепшы падарунак, асабліва калі яна мае стогадовую гісторыю. Гэта сапраўдная крыніца ведаў, дакладны сведка мінулага. Пацёртыя старонкі, віцвілыя надпісы, не самы лепшы выгляд, але каштоўнасць кніг у інфармацыйнасці. Тут можна знайсці шмат цікавых фактаў, даведацца пра мову і яе тагачасную графічную сістэму, пра пісьменных людзей, ролю царквы ў грамадстве, уклад продкаў у развіццё нашага роднага краю. Тры такія незвычайныя кнігі і перадаў у родную школу зямляк.
Цікавая гісторыя ў «Книги на записку прихода денежных сумм и капиталов Минской епархии Пинского уезда Лунинской церкви”. Вялася яна з 21 студзеня 1893 года. Тут занатаваны запіс грашовых аперацый з 1893 па 1957 гады. Настаяцелям царквы ў той час быў А. Плешка, псаломшчыкам – Н. Багданец, царкоўным старастай – М. Сушко, касірам – Н. Бондар. Ёсць тут звесткі аб плацёжных паведамленнях па страхоўцы, аплаце за свечкі, паслугах царквы – рэгістрацыя шлюбаў, пахаванні. Сустракаюцца запісы, якія сведчаць, што час ад часу кнігу правяралі, рабілі адзнаку аб наяўнасці або адсутнасці заўваг.
У «Исповедной ведомости по приходу Лунинской Борисо-Глебской Церкви Пинского уезда, Минской епархии за 1903-й год” пералічаны кожны двор, дом, чалавек, яго ўзрост. Ёсць адзнакі аб спавяданні і святым прычасці, а таксама прычына, па якой хаця б адно з гэтых дзеянняў не праводзілася. Такім чынам, да 28 жніўня 1903 года пры царкве налічвалася 228 двароў, пражывала на тэрыторыі прыходу 1804 чалавекі, з іх — 913 мужчын і 891 жанчына. Духоўнае ведамства прадстаўлена 21 чалавекам, ваенных было 123, «стацкіх” – 16, мешчанінаў – 86, самы вялікі клас – сяляне – 1558 чалавек. У кнізе ўтрымліваюцца звесткі пра тое, што спавядаліся і прычашчаліся ўсе людзі, акрамя малых дзяцей, якія не хадзілі да прычасця па прычыне малалецтва. Ёсць інфармацыя пра склад насельніцтва на 31 жніўня 1897 года. Да царквы адносіліся 214 двароў, 1657 чалавек: духавенства – 24, ваенных – 292, 11 стацкіх, 80 мешчанінаў, 1250 сялян. Як бачым, колькасць насельніцтва павялічвалася даволі хутка, прычым ва ўсіх саслоўных катэгорыях.
Трэцяя кніга – «Опись имущества Лунинской Борисо-Глебской церкви 2-го Благочиннического округа Пинского прихода Минской епархии”. Яна змяшчае Указ Яго Імператарскай Вялікасці, Самадзержца Ўсерасійскага, з Мінскай духоўнай кансісторыі, Лунінскай Барыса-Глебскай царквы свяшчэнніку Платону Ціханавічу 1895 года. Згодна гэтаму ўказу, служыцель царквы павінен быў падаць звесткі: імя, месца нараджэння, з якога звання, калі і кім у які чын узведзены, пасады, узнагароды, склад сям’і, нерухомая маёмасць (у самога, бацькоў, жонкі), якія ведае чытанні, спевы, катэхізіс, колькі гадоў валодае мовай, дзеці – ці вучыліся, як паводзілі сябе ў час канікул, сваякі – хто, калі, за што быў асуджаны, чым пакараны, ці не знаходзіцца пад следствам або судом. Сярод маёмасці царквы пазначаны крыжы, пячаткі, даразахавальніца.
Музей Лунінскай СШ папоўніўся і некалькімі нумарамі «Воскресного чтения” і «Вестника православной митрополии в Польше” за 1925- 1934 гады. «Воскресное чтение” – штодзённы царкоўна-народны ілюстраваны часопіс. Змест яго нумароў — царкоўны і палітычны агляд, афіцыйныя дакументы, хроніка, аб’явы. Падпіска з дастаўкай і перасылкай каштавала 24 злотых на год. За аб’яву памерам на старонку трэба было заплаціць 100 злотых. У якасці бонуса за гадавую падпіску – 13 бясплатных дадаткаў. Рэдакцыя часопіса знаходзілася ў Празе.
«Вестник» выдаваўся 1 раз у 2 тыдні са штомесячным бясплатным дадаткам «Проповеднический листок”. У газеце ішоў аповед пра дзеянні і ўказанні ўрада, указанні епархіальнага кіраўніцтва, аб’явы. Рэдактарам быў Я. Сакаловіч.
Сярод дакументаў – «Школьны лісток Пачатковай царкоўнай школы са справаздачнымі звесткамі за 1902 грамадскі год”. Гэта дадзеныя пра школу граматы в. Вулька. У 1902 годзе ў школе навучаліся толькі хлопчыкі, іх было 19: 17 праваслаўных і 2 католікі, 18 сялян і 1 мешчанін. Для дарослых не было арганізавана навучанне. У школе працавалі загадчык, законавучыцель і настаўнік. Школа не мела спецыяльнага будынку, здымала памяшканне за плату. Кватэр пры школе таксама не было і не выдавалася грашовая дапамога на пражыванне. Вучні не забяспечваліся харчаваннем і вопраткай. На ўладкаванне і ўтрыманне школы спаганялі сродкі з царквы і сельскага грамадства. Кіраўніцтва выказвала крайнюю неабходнасць ва ўласным доме для школы.
Усе гэтыя звесткі з цікавасцю вывучаюць цяпер настаўнікі і вучні, разумеючы, якім карысным падарункам сталі каштоўныя кнігі для школьнага музея. З іх можна чэрпаць унікальную, а галоўнае – дакладную інфармацыю. Гэтыя кнігі – адзіныя жывыя сведкі мінуўшчыны. Толькі кніга можа быць адначасова маўклівай і такой змястоўнай. Школа вельмі ўдзячна Мікалаю Елянеўскаму за права на захаванне і карыстанне гэтымі гістарычнымі дакументамі.
Марыя ГУРСКАЯ.