Барсукова: ВЁСКА НЕ ЗАБЫТА

Чарговая рэдакцыйная пошта сярод
іншых лістоў прынесла і гэты, што выклікаў асаблівую ўвагу. Акуратным почыркам
на чатырох старонках выкладзены шэраг пытанняў. Пачынаецца пісьмо вельмі
эмацыянальна:

“Добры дзень, дарагая рэдакцыя!

Чаму паўсюдна людзі, а ў в.
Барсукова – “чарнобыльскія ёжыкі”? У вёсцы стаіць Дом сацыяльных паслуг. Дзеля
чаго? Як помнік архітэктуры? Раней прыязджалі цырульнік і ўрач, першы – аказваў
бытавыя паслугі, другі – праводзіў прыём хворых… Цяпер глуха, як у танку. Мы
нікому не патрэбны. Захварэеш – пойдзеш у Красную Волю. Адмаўляюць: “Не наша
зона”. Паедзеш у Рэдзігерава. Там сваіх хворых шмат. Прасядзіш паўдня, на прыём
не трапіш. Ні з чым ідзеш дамоў. Самі лечымся: змяраем ціск, робім адзін аднаму
ўколы…”.

У вёсцы засталося 60 гаспадарак,
у якіх прапісаны 121 чалавек. З іх 10 – маладзей за працаздольны ўзрост, 60 –
працаздольнага ўзросту, 51 – пенсіянеры. Па сцвярджэнню службовых асоб,
пражываюць рэальна на трэць менш.

Рашэннем райвыканкама ад
10.07.2002 г. №718 Барсукоўскі сельскі клуб пераменаваны ў Дом сацыяльна-культурных
паслуг. Згодна з Палажэнннем аб установе новага тыпу,
у першы панядзелак месяца
тут вядуць прыём цырульнік – з
12 до 14 гадзін. Графік выконваўся да мінулага
года, калі выезды спецыялістаў спыніліся. За тлумачэннем звярнуліся да
кіраўнікоў адпаведных службаў.

Дырэктар камбіната бытавога
абслугоўвання Валерый Страмаус
– Шкада, што работнікі Дома
сацыяльна-культурных паслуг раней не паведамілі аб існаванні праблемы, якую
дастакова нескладана вырашыць. Рэгулярна па чацвяргах з Лунінца ездзіць
цырульнік у Рэдзігерава. Раз у месяц ці па меры накаплення выклікаў працягнем
маршрут да Барсукова. Цяпер па нашай просьбе загадчыца Барсукоўскай установы будзе
прымаць папярэднія заказы.

Галоўны ўрач раёна Мікалай Кочык:

–Жыхарам Барсукова медыцынскія
паслугі аказвае Лахвенская ўрачэбная амбулаторыя. Калі там працавалі два ўрачы,
былі арганізаваны выезды на прыём у вёску. Цяпер застаўся адзін доктар, які ў
экстраных выпадках па выкліку наведвае пацыентаў ва ўсіх паселішчах сельсавета.
Вастрыня кадравай праблемы для раёна паступова здымаецца, калі штаты папаўняюць
маладыя спецыялісты. Спадзяемся, зможам аднавіць рэгулярныя выязныя прыёмы са
жніўня. Заўсёды ідзем насустрач пацыентам. Жыхары Барсукова атрымліваюць
медыцынскія паслугі ў Перыноўскім фельчарска-акушэрскім пункце, у
Рэдзігераўскай урачэбнай амбулаторыі. У Краснай Волі ўрач Таццяна Карпуковіч
таксама не будзе адмаўляць у прыёме жыхароў Барсукова.     

Сустрэча, накіраваная ў
перспектыву

З ліста ў “ЛН” вынікае: пачуццё
забыцця Барсукова, што хвалюе некаторых вяскоўцаў, выклікана недастатковай
інфармаванасцю насельніцтва. Па прапанове рэдакцыі “ЛН” шэраг службовых асоб,
якіх таксама датычылі пытанні ў лісце, наведалі Дом сацыяльна-культурных
паслуг.

Па дарозе, якую спецыялізаваная
тэхніка ачышчала ад снегу, не стамляліся захапляцца чароўнай казкай зімовага
лесу. Прыгажосць панавала і на вуліцах вёскі, дзе дамы вольна раскінуліся на
прыкметнай адлегласці адзін ад другога. Праўда, прыгадаўшы ўзрост гаспадароў,
усведамлялі, што большасці складана перазімаваць без пабочнай дапамогі.

На тэрыторыі Дома сацыяльна-культурных
паслуг ад снегу былі расчышчаны дзве дарожкі – да помніка загінуўшым землякам,
што ўстаноўлены побач з будынкам, і да крыльца ўстановы. Памяшканне прывабіла
цеплынёй ад напаленай печы і з любоўю створанымі адмысловымі куточкамі.

На сустрэчу сабраліся каля 10
жыхароў. Па словах загадчыцы Алы Гняцецкай і бібліятэкара Вольгі Комар,
прыкладна столькі ж удзельнічаюць і ў іншых мерапрыемствах, што ажыццяўляюцца
сіламі культработнікаў. Яны ўжо прывыклі да пасіўнасці землякоў, але вельмі
перажываюць за пустыя месцы ў глядзельнай зале, калі канцэрты (летась было 2)
даюць самадзейныя артысты з раёна.

На пытанні, выкладзены ў лісце,
адказвалі службовыя асобы.

“Мы не ведаем, хто ў нас стараста…”.

Старшыня Лахвенскага
сельвыканкама Людміла Пашкевіч:

–У Барсукова няма старасты.
Грамадская дзейнасць аплачваецца ў суме 20 тысяч рублёў у квартал, а адказваць
трэба за дзве вёскі – яшчэ і Перынова. Вось і не знаходзіцца чалавек, жадаючы
ўскласці на сябе гэты цяжар. Удзячна Аляксандры Мікалаеўне Плешка, якая заўсёды
на сувязі з мясцовай уладай, калі ўзнікаюць грамадскія праблемы. У сваю чаргу
выкажу абурэнне адносінамі мясцовых жыхароў да могілак. Вывешваем аб’явы аб
складзіраванні адходаў пасля ўборкі на баку фермы, адкуль лягчэй іх вывезці, а
вяскоўцы па-ранейшаму выносяць смецце на дарогу, ствараючы перашкоды сабе і
аўтамабілістам.      

“Мы не ведаем, хто ў нас
участковы…”.

Участковы Лахвенскага сельсавета
Дзяніс Баярын:

–Прызначаны на пасаду год таму. Прыемна
ўражаны законапаслухмянасцю і дабрынёй жыхароў Барсукова. Па службовых справах
некалькі разоў наведваў вёску. Аднойчы вечарам сапсаваўся аўтамабіль. Зайшоў у
першую ж хату. Гаспадары аказалі мне неабходную дапамогу. Маю сумны вопыт, калі
ў шэрагу іншых паселішчаў мне не адкрылі дзверы ў некалькіх дамах.

Але шчырасць і адкрытасць
барсукоўцаў адыгрываюць адмоўную ролю пры наведванні вёскі сумніўнымі асобамі.
Удзячны аднаму з жыхароў, які 11 лістапада паведаміў у РАУС аб “гастролях”
цыган. Калі праваахоўнікі дабраліся да Барсукова, высветлілася, што “госці”
падманным шляхам (нібыта пагарэльцы) атрымалі ў кожным двары грошы і прадукты.
Справа нават не ў тым, што людзі выдаткавалі па 20 тысяч рублёў з невялікіх
пенсій. Устаноўлена, што цыгане – жыхары Гомельшчыны, якія ўхіляюцца ад працы.
Яны могуць “навесці” на чулую вёску сапраўды крымінальных злачынцаў. А добрыя
людзі, якія імкнуцца падзяліцца тым, што маюць, лепш аддалі б свае грошы на
высакародныя справы накшталт узвядзення царквы ў сваім прыходзе.

“Дзе ідэолаг, прафсаюз? Гэтых
людзей ніхто не ведае і ў вочы не бачыў у вёсцы. Чаму ў нас толькі два
заслужаныя калгаснікі? Многія добрасумленна працавалі ў агспадарцы, аддалі свае
сілы і здароўе калгасу. Цяпер хварэюць, а нікому да іх няма справы. Дзе клопат
аб людзях? Дзе справядлівасць?”.

Спецыяліст па ідэалогіі СВК “Новае
Палесе” Кацярына Ермалёнак:

–Напярэдадні святаў Перамогі і
Незалежнасці наведваем ветэранаў вайны, уручаем падарункі. На жаль, толькі двое
засталося іх у Барсукова – Міхаіл Лявонцьевіч Боўбель і Мікалай Іванавіч
Аноцка. Ушаноўваем цяперашніх працаўнікоў. Іван Лусевіч быў удастоены звання
“Чалавек года-2010”. Калі ў Любані праводзім урачыстасці ў гонар Дня пажылых
людзей ці іншых святаў, заўсёды рады бачыць жыхароў Барсукова. Транспартныя
паслугі аказвае мікрааўтобус кааператыва. У лісце сапраўды названы прозвішчы
паважаных ветэранаў працы, якія варты пашаны і гонару. Але праўленнем і
прафкамам зацверджана Палажэнне аб званні “Заслужаны калгаснік”. Надаецца яно
за асаблівыя заслугі, а рашэнне прымаюць члены праўлення.

Хочацца спадзявацца, што хаця б
раз у год сустрэчы з пенсіянерамі будуць арганізоўвацца не толькі на
цэнтральнай сядзібе, але і ў асобных вёсках. І не трэба адмаўляць людзям
спасылкамі на складанае фінансавае становішча. У адрозненне ад моладзі, што
сканцэнтравана пераважна на матэрыяльных стымулах, людзі старэйшага пакалення
цэняць і маральнае заахвочванне – добрае слова, падзяку за былую працу ці
выхаванне добрых дзяцей. І ветэраны ўправе разлічваць на ўвагу, якую яны,
безумоўна, заслужылі адданым служэннем калектыву.

У сустрэчы прымала ўдзел дырэктар
тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Тамара Патурай
,
карані якой – у Барсукова. Яна паабяцала актывізаваць супрацоўніцтва з Домам
сацыяльна-культурных паслуг, каб шчырыя і творчыя сустрэчы з вяскоўцамі розных
узростаў сталі добрай традыцыяй.         

Згадзіцеся, станоўчую ролю
адыграў аўтар ліста, выказаўшы сваю неабыякавасць да падзей, што адбываюцца
навокал, і, такім чынам, заклікаўшы да абмеркавання шэрагу праблем адказных
асоб. Шкада, папрасіў не называць яго прозвішча пры друку. На маю ж думку,
менавіта такіх людзей з актыўнай жыццёвай пазіцыяй трэба прыцягваць у органы
мясцовага кіравання і самакіравання.

Іерэй Аляксандр Барысаў:

“Чакаю вернікаў
у Рэдзігерава – гатовы да сустрэч і ў Барсукова”

Як бачыце, аўтарам ліста зададзены
пераважна абгрунтаваныя пытанні. Не лічу такім наступнае:

“Краснавольцы хадзілі па
Барсукова і збіралі грошы на царкву. Потым, не спытаўшы, нас далучылі да
Рэдзігераўскага прыходу. Цяпер збіраюць грошы ўжо на гэтую царкву. Бязмежжа
сапраўднае!”.

Вядома, што ахвяраванні на храм –
справа не прымусовая, а выключна добраахвотная. Большасць людзей лічаць за
гонар унесці свой уклад у высакародную справу. Дзе б ні ўзводзіліся храмы, яны
аздабляюць нашу зямлю і навакольных святлом духоўнасці і дабрыні. І дачыненне
да гэтай прыгажосці выклікае толькі станоўчыя эмоцыі! Збор ахвяраванняў – зусім
не “бязмежжа”.

Іерэй Аляксандр Барысаў –
настаяцель храма, што будуецца ў гонар іконы Божай Маці “Казанская” ў в.
Рэдзігерава, толькі летась пачаў пастырскае служэнне і паступова знаёміцца з
патэнцыяльнымі прыхаджанамі:

–Прыход не абавязкова
абмяжоўваецца рамкамі сельсавета. Як растлумачылі ў сельвыканкаме, вёскі
Рэдзігерава, Перунова і Барсукова злучае аўтобусны маршрут, што спрыяе жыхарам
дабірацца да месцаў прызначэння. Кіраўніцтва Пінскай епархіі пры вызначэнні
тэрыторыі, відавочна, таксама зыходзіла са зручнасці для насельніцтва. Цяпер
сам наведваю паселішчы і пераконваюся ў мэтазгоднасці такога падзелу.
Усведамляю, што старым цяжка пераадолець адлегласць у 6 кіламетраў. Гатовы па
вызначаных днях сустракацца з жыхарамі Барсукова. Ужо асвячаў адзін з жылых
дамоў у гэтай вёсцы, наведваў прыкаванага да ложка старога, які захацеў
спавядацца. Прыму любыя разумныя прапановы ад вяскоўцаў, якія прагнуць
духоўнага жыцця, але па стану здароўя ці ўзросту не маюць магчымасці дабрацца
да храма.

Алена АНОЦКА:

“Улыбнитесь,
друзья, почтальону!”
Хочацца спадзявацца, што менавіта
ўсмешкамі вітаюць у Барсукова сваю зямлячку, якая ў адной асобе сумяшчае
абавязкі загадчыка аддзялення сувязі Перунова і паштальёна.

Амаль штодня яна пераадольвае
шлях у 4 кіламетры на работу з Флярова, дзе пражывае. Барсукова – участак яе
абслугоўвання, таму часта пяшком, калі не знойдзе спадарожнага аўтамабіля, а ў
спрыяльны час – на веласіпедзе “накручвае” яшчэ 8 кіламетраў. 

– У Барсукова – 4 вучні, якіх
раніцай забіраюць у Рэдзігераўскую СШ, а пасля заняткаў адвозяць дамоў,

гаворыць Галіна Аляксееўна. – Тады і я магу скарыстацца паслугамі школьнага
аўтобуса. Але з 25 снежня школьнікі знаходзяцца ў санаторыі на аздараўленні.

Так што “адзінаццатым маршрутам”
паштальёну “пашанцавала” разносіць перыёдыку і пенсіі ў самыя снежныя і
студзёныя дні.

Дамы раскінуліся на пяці вуліцах.
Да некаторых з іх “прыпісаны” гаспадаркі, размешчаныя ў самым лесе. У
прыватнасці, так далёка ад цэнтра пражывае Мікалай Верамчук. Галіна Аляксееўна
добра ведае свой участак яшчэ і таму, што сама нарадзілася ў Барсукова. Вось і
дамовілася з падпісчыкам “Лунінецкіх навін” і шэрагу іншых выданняў, што сваю
перыёдыку Мікалай Аляксандравіч будзе забіраць у магазіне. Сюды гаспадар,
трымаючы на сядзібе каня, прыязджае на санях.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть