Бастынь: ПАЧАТАК ТВОРЧАСЦІ

Мне выпала ісці па слядах старэйшага брата Паўла. Яшчэ падлеткам ён складаў вершы, пісаў прозу. Пасля школы паступіў на фізмат Брэсцкага педінстытута, а праз два гады і я – на філфак. 
Брат заставаўся чалавекам творчым: пісаў невялічкія заметкі для газеты “Заря”, быў рэдактарам факультэцкай газеты “Студент физмата”. Адначасова з вучобай працаваў у раённай “Заре над Бугом”. Пазней па размеркаванню трапіў у Бастынь.
У 1966-ым сюды прыехаў і я. 
Такой вялікай вёскі рэдка знойдзеш на карце іншых раёнаў вобласці. Усе вуліцы пясчаныя. Пясок белы, глыбокі. Гэта дало мне падставу ў адным тагачасным вершы напісаць: 
Бостынь – не лучше и не горше 
Среди подружек-деревень. 
Здесь, может быть, песка побольше 
В обычный жаркий летний день… 
На скрыжаванні дарог размясціўся драўляны будынак царквы, асмалены, старэнькі. Казалі, яна гарэла, ды людзі ўратавалі. Храм, канечне, даўно быў зачынены. Па другі бок пясчанай вуліцы былі магазін, у якім працавала Ганна Савіловіч, клуб і буфет дзядзькі Жэні. Самым вядомым у тых, хто ехаў да Чучавіч ці аж да Лугоў, лічыўся буфет, бо Яўген Касьянавіч Цяльпук працаваў без перапынку і далёка за поўнач. Быў ён у пашане і ў мясцовых аматараў выпіць. 
Школа размяшчалася ў метрах 100-150 ад таго скрыжавання. Драўляная, вялікая, з паралельнымі класамі. На ўскраінах месціліся яшчэ дзве пачатковыя школкі. Калі ж у 1971 годзе я ад’язджаў, у сярэдняй было 605 вучняў. Зараз і паловы школьнікаў не набярэцца. 
Электрычнасць падавалася ад калгаснай станцыі. Святло гарэла толькі да 12-ці ночы, затым міргне тры разы – і запальвай лямпу або свечку. Пры нас ужо правялі высакавольтную лінію, каб людзі маглі карыстацца святлом у любы час сутак.
Справядлівыя, прыгожыя, працавітыя людзі ў Бастыні. У вёсцы з павагай адносіліся да настаўніка. З ім усе абавязкова віталіся першыя: і старыя, і малыя. На бацькоўскім сходзе, калі ўзнікала спрэчнае пытанне, бралі бок педагога, а не сына-падшыванца. 
З удзячнасцю ўспамінаю дзядка-суседа, які заўважыў, што я, заняты школьнымі справамі, не пасек прывезеных дроў (настаўніцкая сям’я атрымлівала на зіму машыну паліва), зайшоў з калуном ды прапановай: 
– Вучыцель, калі вы не проціў заплаціць рубель, я пакалю вам дровы? 
І сёння я думаю, якая вялікая паслуга была аказана мне… за адзін рубель! Колькі б часу пакутаваў, разбіваючы тоўстыя, сукаватыя калоды! 
Але асобная пашана – цётцы Полі Гаравой, у якой мы, пажаніўшыся, кватаравалі. Ёй выпала нялёгкая доля. Вясковая прыгажуня, яна выйшла замуж за пана інжынера. Ды сямейнае шчасце аказалася нядоўгім: скора не стала мужа. Застаўшыся адна з дачкою, захавала сваю адданасць каханаму чалавеку. Калі ж Ірына пайшла замуж, цётка Поля пастаянна брала каго-небудзь на кватэру. Так ёй жылося весялей і было зручней, тым болей што характар мела залаты. 
Перад маім прыездам у яе хатцы жыў доктар Алік Бабкоў, бацькі і сястра якога ў першы дзень вайны загінулі ў Брэсцкай крэпасці. Цётка Поля па-мацярынску апекавала яго. Пазней, калі жыў і працаваў у Брэсце, мне аднойчы выпала завезці яму сціплы падарунак, дасланы былой гаспадыняй. 
Для нас цётка Поля была таксама як маці, дапамагаючы ва ўсіх клопатах. Маладой сям’і хораша жылося ў яе, а суседкам, вядома, хацелася ведаць, ці ладзім мы, ці спрачаемся. На гэта цётка Поля адказвала: 
– Ну, што вы, жывуць душа ў душу! Яны ж – вучыцяля, вучоныя. 
А мы жылі, як усе: да боек не даходзіла, а спрэчкі бывалі. Часта з-за жыццёвых дробязей… У першы ж навучальны год мне выпала сапраўднае выпрабаванне: трапіў пад планавую праверку райана. Але як вёў я ўрокі, спадабалася правяраючым інспектарам, а з кантрольнымі работамі мае вучні справіліся няблага. На наступны навучальны год да Дня настаўніка атрымаў Ганаровую грамату райана. Займеў аўтарытэт сярод калег і вучняў, а значыць – і бацькоў. 
Мяне выбралі сакратаром камсамольскай арганізацыі, якая налічвала 18 чалавек. Шмат моладзі працавала ў школе. У мяне былі верныя памочнікі – Барыс Файгер, Алена Веруш, Любоў Лукашык і інш. Праводзілі вечары адпачынку, абмяркоўвалі кнігі, здзейснілі пешы паход на Белае возера – словам, стараліся жыць цікава. Калі мне споўнілася 24 гады, моладзь паднесла ў дарунак радыёлу “Гайна”, якую мы пазней выкарыстоўвалі на вечарах танцаў. У 1970-ым беларуская камсамолія адзначала паўвекавы юбілей. Я атрымаў Ганаровую грамату ЦК ЛКСМБ. Мы падтрымлівалі цесныя сувязі з мясцовай моладдзю, асабліва інтэлігенцыяй. У нашай “суполцы” часта прысут-нічалі галоўны ўрач мясцовай бальніцы Сяргей Басевіч, зубны ўрач Сямён Файгер, фельчар (пазней намеснік старшыні калгаса “Ленінскі шлях”) Іван Чарапавіцкі, старшыня калгаса Аляксандр Салавей… 
Але найбольш цесныя, сяброўскія адносіны склаліся з Мікалаем Кезем і яго жонкай Галінай. Мікола Адамавіч сярэднюю адукацыю набыў завочна пры нас ужо, але быў чалавекам творчым. Працаваў мастацкім кіраўніком у клубе, рыхтаваў з моладдзю канцэрты, разам выязджалі ў Лунінец на агляды мастацкай самадзейнасці. У сельскім клубе рэпетыравалі п’есу, напісаную Кезем. 
Мы былі маладыя, закаханыя. У 1968 годзе я ажаніўся з настаўніцай пачатковых класаў Вольгай Мялешка, а 4 студзеня 1969-га ў нас нарадзіўся сын Анатоль. Калі хлопчыку споўніўся год, Вольга паступіла на беларускае аддзяленне Брэсцкага педінстытута, якое скончыла ў 1975 годзе. Я ў той час пісаў па-руску вершы і апавяданні. У лістападзе 1969-га запрасілі ў Каралішча-вічы на семінар маладых літаратараў, і 3 красавіка наступнага года я трымаў газету “Зорька” з першым надрукаваным апавяданнем. Вярнуўшыся з семінара, пачаў пісаць на беларускай мове. Неўзабаве апавяданні, казкі і гумарэскі сталі з’яўляцца на старонках газет “Піянер Беларусі” і “Чырвоная змена”, часопісаў “Бярозка”, “Вясёлка” і “Вожык”. Два апошнія гады я быў рэдактарам калгаснай насценнай газеты “За урожай”. 
У 1971 годзе мы пераехалі ў Жабінкаўскі раён, але памяць вяртала і вяртае нас у Бастынь, дзе пачыналася працоўная біяграфія. 
Расціслаў БЕНЗЯРУК. г. Жабінка.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть