Беларуская МОВА з англійскім АКЦЭНТАМ
Як і належыць інавацыйнай пляцоўцы сістэмы адукацыі, прадстаўнікі ліцэя ўражваюць навукова-практычнымі распрацоўкамі ў розных сферах ведаў. Вучаніца 11 «В” класа Лілія ДРУГАКОВА (на здымку) вызначыла падабенства каранёвых марфем у беларускай і англійскай мовах на прыкладзе аповесці Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха” (і прадставіла равеснікам юбілейнае выданне твора на гэтых, а таксама рускай і польскай мовах). На раённай канферэнцыі «З навукай – у будучыню” аўтар даследчай работы ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені. Адрасавала дзяўчыне некалькі пытанняў:
– Чым выкліканы выбар тэмы?
– Прапанова зыходзіла ад навуковага кіраўніка – настаўніцы замежнай мовы Ірыны Аляксандраўны Грушэўскай. Летась адзначалі юбілей пісьменніка. Што да канкрэтнага твора… На адной з сустрэч у ліцэі пачула легенду аб Каралёвым балоце паміж Лунінцам і Мелясніцай, якая нагадвае сюжэт сусветна вядомай кнігі. Спадзяюся, што мая праца нешта дадала і літаратуразнаўству, і краязнаўству.
– Праз прызму гістарычных падзей высветліла, як пранікалі словы з англійскай, нямецкай і польскай моў у беларускую; параўноўваючы іх, выказала меркаванне, калі магло адбыцца запазычанне.
– Навізна працы заключаецца ў тым, что ўпершыню на прыкладзе аднаго з твораў нацыянальнай літаратуры зроблена спроба выявіць гэту з’яву і прааналізаваць, наколькі яна тыповая. Пільна чытаючы аповесць, з першых старонак сустракаем словы, карані якіх адрозніваюцца ў рускай і беларускай мовах, але маюць падобнае да беларускага гучанне ў англійскай мове.
– Можаш прывесці канкрэтныя прыклады?
– Адукаваны – educated – образованный; аматар – amateur – любитель; блакітны – вlue – голубой; варта – ward – охрана; вельмі – very – очень; вёска – village – деревня; вільготны – wet – влажный; гонар – honour – честь; грунтуецца – ground – основывается; каштоўнасць – cost – стоимость; колер – сolour – цвет; кубак – сup – чашка; літара – letter – буква; ліхтар – lantern – фонарь; папера – рaper – бумага; наступны – next – следующий; палац – palace – дворец; скура – ckin – кожа; сорамна – sorry – стыдно; струмень – stream – ручей; турбаваць – disturb – беспокоить; частаваць – taste – пробовать; хата – hut – дом і гэтак далей.
– Колькі выявіла слоў, падобных у беларускай і англійскай мовах, і як часта яны ўжываюцца?
– Прыкладна некалькі сотняў з улікам розных форм аднаго і таго ж слова. Але гэтая група – найбольш часта ўжываемая. У аповесці на тысячу слоў прыходзіцца 0,5%, каранёвыя марфемы якіх падобныя толькі ў англійскай і беларускай мовах. На тую ж колькасць тэксту аналагічных слоў у англійскай, беларускай і рускай мовах сустракаецца 1,3%. У сказах са словамі, падобнымі толькі ў англійскай і беларускай мовах, іх 2,5% і падобных у трох параўноўваемых мовах – адпаведна 5,2%.
– Каму, на твой погляд, будзе карысная гэта даследчая праца?
– Усе больш і больш беларусаў імкнуцца размаўляць па-англійску. Апора на родную мову палегчыць і паскорыць працэс вывучэння замежнай. Далейшае даследаванне гэтай праблемы дазволіць настаўнікам часцей спасылацца на родную, а не рускую, мову пры ўвядзенні новай лексікі і развіваць моўнае мысленне асоб, якія вывучаюць англійскую.
Гутарыла Таццяна КАНАПАЦКАЯ.