“Богам дадзены…”

Да 120-годдзя Максіма БАГДАНОВІЧА (09.12.1891-25.05.1917)

Сустрэча з Максімам Багдановічам, з яго непаўторнай паэзіяй адбываецца ў школе. З малодшых класаў вядомае «Здароў, морозны, звонкі вечар!..”, «Слуцкія ткачыхі”, «Па-над белым пухам вішняў”, «Паміж пяскоў егіпецкай зямлі”, «Маладыя гады” і, безумоўна, «Зорка Венера”… Усё – такое знаёмае, кранаючае. Кожны верш – асобная гісторыя, захапленне, роздум, разважанні.

Якім было маё здзіўленне, калі на ўроку роднай літаратуры даведалася пра апавяданні пісьменіка! Адразу ўзнікла жаданне спазнаць гэты напрамак у творчасці нацыянальнага класіка. Знаёмлюся з прозай Максіма Багдановіча. Чытаю – і сэрца напаўняецца невядомым дагэтуль пачуццём. Адкуль у аўтара такое абвостранае пачуццё Радзімы? Як патрэбна любіць сваю Беларусь, каб стварыць такія шэдэўры? Адказ знайшла ў артыкуле Анатоля Клышкі: «Баг-дановіч – гэта Богам дадзеныя вусны нашаму народу”.

Сапраўды. Паэт Богам дадзены роднай зямлі, каб, знаходзячыся за тысячы кіламетраў ад Беларусі, абуджаць свядомасць нацыі, развіваць яе мову, узбагачаць культуру. Богам дадзены… Ды і ў творах выразныя хрысціянскія матывы. Паводле хрысціянскага разумення, Бог – гэта любоў, дабро, прыгажосць. Хіба не такая паэзія Максіма Багдановіча? Яшчэ нядаўна складана было б прыйсці да гэтых высноў. На шчасце, грамадства павярнулася тварам да храмаў, людзі маюць магчымасць глядзець на многія рэчы па-іншаму.

Перачытваю «Страцім-лебедзь”, «Кнігу”, «Перапісчык”, «Касцёл святой Анны”… Бачу біблейскія сюжэты, роздумы пра часовае і вечнае, змаганне са злом, услаўленне духоўнай чысціні. Выразна тэма хрысціянства прасочваецца і ў апавяданнях Максіма Багдановіча. Асабліва кранулі душу творы, што адлюстроўваюць дзіцячае ўспрыманне рэлігіі, хоць, магчыма, героі гэтых апавяданняў не разумеюць яшчэ сутнасці гэтага паняцця.

Як узнёсла апісвае аўтар стан душы маленькага хлопчыка Колькі з аднайменнага апавядання! Дзіцяці толькі трэці гадок, ён хворы невылечна. Ніхто, нават маці, не чакае яго папраўкі. Колька ўжо не жыве, а існуе. Але яго існаванне асветлена прычасцем Святых Дароў – Цела і Крыві Хрыстовых. Душа дзіцяці ўспрымае рэчаіснасць праз блакітны купал царквы, абраз Уваскрэсення, які ён бачыў перад адчыненымі царскімі варотамі ў храме, праз постаць святара і Таго, ”Хто падымаўся ў блакітную вышыню з распасцёртымі рукамі, якія благаслаўлялі”. Хворая, змучаная душа Колькі імкнецца ў гэту блакітную вышыню, у святло вечнасці. І так балюча чытаць, як маці ўспрымае смерць сына, памёршага на Вялікдзень: «І ўсё не ў час: людзям свята, а мне адна марока…”.

У гэтых радках бачу не асуджэнне аўтарам беднай жанчыны, а невыносны жаль, бязмежную любоў да свайго гаротнага народа. І суцяшае толькі адно: Колька ўсё ж апынуўся ў той блакітнай вышыні і сустрэў Таго, ”Хто ішоў да яго цяпер з мноствам анёлаў і хто пад выглядам яечка прынёс яму вечнасць”.

Да той жа тэмы адносіцца і апавяданне «Катыш”. Яно светлае, хаця для героя твора, Васі, гэта трагедыя – страціць велікоднае яечка, з якім ён звязваў свае дзіцячыя радасці і мары. Такая прыгожая атмасфера свята Уваскрэсення, якую перадае Максім Багдановіч праз пачуцці маленькага хлопчыка, радасць чакання традыцыйнага катання яек. Столькі цудаў адбылося напярэданні: Васю паабяцалі перавесці ў другі клас гімназіі без экзаменаў, дзяўчынка Соня выказала яму свае сімпатыі, «нарэшце, цёця Таня, хрыстосваючыся з Васем у царкве, дала яму яйцо «катыш”. І нездарма ўсё гэта адбываецца каля храма ці ў храме! Хіба ж не цуд? А потым – хвалюючае чаканне раніцы, успаміны пра ласкавую велікодную ноч, гул званоў, радасныя спевы! Усё прасякнута светлым хваляваннем, незямной радасцю. Таму такім балючым для хлопчыка было расчараванне: ён з першага ж разу прайграў свой катыш у дзіцячай гульні. Аўтар настолькі псіхалагічна дакладна перадае пачуцці дзіцяці: «Прапала ўсё, чаго ён чакаў, на што спадзяваўся, чаму ён радаваўся! Прапала за адзін момант…”.

Чаму так кранаюць гэтыя творы? Здаецца, зусім зямныя сюжэты, тэмы. Але апавяданні прасякнуты болем і любоўю да Айчыны і людзей, верай у лепшае. У нашым няпростым свеце душа часта губляецца сярод жорсткасці і зла. Дзякуючы Максіму Багдановічу, адкрываецца магчымасць глядзець на свет праз прызму хрысціянскіх ідэалаў. Выратаванне – пошук духоўнага святла і дабра («Кніга”):

Вось псальма слічная:

«Як той алень шукае

Крыніцы чыстай, так

Шукаю Бога я”.

Як вее свежасцю

Яе краса жывая!

Як радасна ўсё дальш

Спяшыць душа мая!

Галіна БАЛІЦКАЯ, вучаніца 11 «А” класа ліцэя.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть