ЧАС НАВЯРСТАЦЬ УПУШЧАНАЕ
На базе СВК “Азярніца” адбыўся семінар-нарада па падвядзенню вынікаў работы жывёлагадоўчых фермаў за першае паўгоддзе.
Старшыня гаспадаркі Іван Ванюк пазнаёміў прысутных з ходам падрыхтоўкі памяшканнящ МТФ да зімова-стойлавага ўтрымання. Было адзначана, што ў большасці з іх ідуць рамонтныя работы. Праўда, завяршаюцца яны толькі на МТФ № 3 у Борках. На астатніх фермах неабходна паспяшацца. Прыемнае ўражанне пакінуў маладняк буйной рагатай жывёлы, які ўтрымліваецца ў выгульных дворыках пад павецямі.
На пленарным пасяджэнні, якое вёў старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч, акрамя традыцыйных дакладаў спецыялістаў райсельгасхарчу заслухалі кіраўнікоў гаспадарак, якія знізілі вытворчасць прадукцыі фермаў. Сярод іх Іван Ванюк (“Азярніца”), Іван Васюк (“Лобчанскае”), Жанна Ліхтар (“Дзятлавіцкі”). Усе яны паабяцалі ў хуткім часе выправіць становішча. А для гэтага, як запэўніў начальнік райсельгасхарчу Сяргей Бойка, ужо ёсць добрыя травы і збожжа новага ўраджаю. Неабходна толькі прыкласці максімум намаганняў, захоўваць тэхналагічную і працоўную дысцыпліну.
Вынікі работы фермаў у першым паўгоддзі аказаліся крыху горшымі, чым за такі ж перыяд летась. Як канстатаваў намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Якаў Баўкуновіч заданне па валавай вытворчасці малака гаспадаркамі раёна выканана на 72 працэнты. Надоі ў разліку на адну карову зменшыліся на 680 кілаграмаў і склалі 2719 кілаграмаў. Рост малочнай прадукцыі далі СВК “Лунінскі”, “Гарадоцкі”, “Чучавічы”. На мінулагодніх надоях спыніліся СВК “Багданаўка” і СП “Аграграніт”. У той жа час значна іх знізілі СВК “Дзятлавіцкі” і “Новае Палессе”. Найгоршыя вынікі “прынёс” чэрвень, калі вытворчасць малака ў цэлым па раёне знізілася да 88 працэнтаў, а прадуктыўнасць кароў – на 57 кілаграмаў. Прычынай такога становішча сталі найперш умовы надвор’я, па-другое, адсутнасць у рацыёне дойнага статка камбікорму. Калі летась на працягу мая-чэрвеня яго было скормлена 960 тон, то сёлета – 600 тон канцэнтратаў свайго памолу. Становішча пачало выпраўляцца з канца чэрвеня, калі гаспадаркі пачалі атрымліваць камбікорм з Пінскага КХП. У выніку толькі за 5 дзён тэмпы росту малака склалі 101 працэнт.
У параўнанні з леташнім перыядам горш “спрацавалі” і ў мясным напрамку. Вытворчасць прываг у цэлым па раёне знізілася на 70 тон. Найбольшае зніжэнне дапусцілі СВК “Дварэцкі” (44 тоны) і КУП “Міжлескае” (42). Сярэднясутачныя прывагі жывёлы на дарошчванні і адкорме склалі 545 грамаў, што на 25 грамаў менш, чым летась. У той жа час за кошт правільнай арганізацыі працы і стварэння аптымальных умоў для ўтрымання жывёлы ў “Міжлескім” у чэрвені здолелі дасягнуць 640-грамовых сярэднясутачных прываг.
Неабходна папраўляць становішча і з прывагамі рамонтных цялушак. За 6 месяцаў яны склалі 580 грамаў пры тэхналагічным патрабаванні 650-700 грамаў у суткі. Недастатковымі тэмпамі набіраюць вагу цялушкі ў СВК “Новае Палессе”, “Дзятлавіцкі” – па 531 граму, а таксама СВК “Азярніца” – 203 грамы.
За 6 месяцаў сёлета атрымалі 8273 цяляці, што на 733 менш, чым летась. Між тым, да канца года мяркуецца іх мець 15385, што на 229 галоў больш ўзроўню папярэдняга года.
Сярод мерапрыемстваў, якія павінны паспрыяць паляпшэнню становішча ў жывёлагадоўлі, Якаў Навумавіч назваў стварэнне дадатковай групы па ўзнаўленню статка; арганізацыю навучання спецыялістаў рабоце з матачным пагалоўем; утрыманне цялушак пад наглядам працаўнікоў на фермах. Да ведама кіраўнікоў былі таксама даведзены рэкамендацыі па аплаце працы тэхнікам па штучнаму асемяненню, у якіх прадугледжаны даплаты ў памеры 15 тысяч рублёў за цяля, атрыманае ад каровы і 17 тысяч – ад першацёлкі, а таксама пастухам – 3 тысячы рублёў за карову, выяўленую ў ахвоце. Палепшыць прадуктыўнасць грамадскага пагалоўя дапаможа сяўба паўторных і паўкосных культур, увядзенне ў рацыён маладняку сенажу сёлетняй нарыхтоўкі і зялёнай масы аднагадовых бабова-злакавых траў.