ЧАС «ВЯЛІКАГА» МАЛАКА ПРЫПАЎ НА ВОСЕНЬ

Два месяцы таму намеснікам начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі прызначаны Алег БАГУК. Не навічок у сельгасвытворчасці, ён мае вышэйшую зоаінжынерную адукацыю і значны стаж работы, тры гады з якіх узначальваў калектыў племстанцыі. Сёння Алег Аляксандравіч расказвае пра набыткі галіны і дзеліцца планамі:

– Па папярэдніх звестках бягучы год для сельгасарганізацый раёна стаў па-сапраўднаму пераломным – усе гаспадаркі выйшлі на рэнтабельную работу. У гэтым, зразумела, вялікая заслуга жывёлаводаў. Тым не менш, доўгі час яны не маглі выйсці на мінулагоднія рубяжы, асабліва па надоях малака. Змяншаць іх пачалі ў пачатку чэрвеня. Як ні прыкра, адбылося гэта ў час вялікага і найбольш таннага малака. Паўплывалі засуха, якая доўгі час панавала на Лунінеччыне, адсутнасць камбікорму на Пінскім камбінаце хлеба-прадуктаў і змяншэнне колькасці расцёлаў (за першае паўгоддзе недаатрымалі 733 цяляці). Навярстаць упушчанае здолелі толькі ў сярэдзіне кастрычніка, калі штодзённая прыбаўка малака стала нормай. На 29 лістапада яго ўжо мелі амаль на 8 працэнтаў больш, чым на такі ж дзень папярэдняга года. У раёне сярэднясутачны надой ад адной каровы сёння складае 9,58 кілаграма, а ў філіяле «Лобчан-скае” ААТ «Лунінецкі малочны завод” – 13,7, на Палескай станцыі – 11,46, у СВК «Вулькаўскі світанак” – 12,05, у «Новым Палессі” – 11,04 кілаграма. Павялічылася таксама і колькасць таварнага малака. За дзень яго прадаецца 119 тысяч 550 тон. Гэта на 13,3 працэнта больш, чым было на такі ж перыяд летась. У нашых жывёлаводаў паявілася рэальная магчымасць да канца года выйсці на больш высокія рубяжы і з перадапошняга радка абласной зводкі (дзе зараз знаходзімся) узняцца на чарговую прыступку, пакінуўшы за сабой не толькі Ганцавіцкі, але і Драгічынскі раёны.

Вельмі важна захоў-ваць тэхналогію вытворчасці і забяспечыць пагалоўе паўнацэнным рацыёнам харчавання. Апошняга ўдалося дасягнуць, дзякуючы разнастайнасці кармавой базы за кошт 500 тон сланечнікавага шроту, закупленага для гаспадарак ААТ «Лунінецкі малочны завод”, бульбе і караняплодам. Да канца года мяркуецца набыць яшчэ 100 тон шроту. Зараз настаў час масавых расцёлаў. Недабор цялят скараціўся больш як на 300 галоў. Зыходзячы з рэалій, маем усе падставы гэты разрыў ліквідаваць да канца года.

У кастрычніку ўвялі ў строй сучасную малочнатаварную ферму ў СВК «Гарадоцкі”. На чарзе – Сітніцка-дворская МТФ у СП «Агра-граніт”, будаўніцтва якой завяршаецца. Сёлета новыя фермы пачалі ўзводзіць у СВК «Лунінскі” і ПСУП «Рэдзі-герава-Агра”, на наступны год – у СВК «Дварэцкі”, «Новае Палессе” і КУП «Міжлескае”. Працягваецца рэканструкцыя свінакомплексу ў СВК «Дварэцкі”. Дарэчы, у наступным годзе тут пачнецца будаўніцтва рэпрадуктара на 1200 свінаматак. Згодна з Дзяржаўнай праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся, да 2015 года ў раёне запланавана пабудаваць 14 новых і рэканструяваць 6 малочнатаварных фермаў. Гэта дазволіць у 2 разы павялічыць аб’ёмы жывёлагадоўчай прадукцыі. У прыватнасці, вытворчасць малака «вырасце” да 116780 тысяч тон у год, пры сярэдніх надоях на карову 5900 кілаграмаў. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы павінна будзе скласці 20 тысяч галоў. Планы ўпаўне рэальныя і пасільныя.

Запісала Галіна КУЧЭЙКА.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть