ЧАС ідзе – ПЫТАННІ застаюцца

Адыходзячы год стрэмкай несуцешнага болю кальнуў сэрцы землякоў, чые родныя загінулі ад рук нямецка-фашысцкіх акупантаў у 1942 годзе.
Нельга пералічыць імёны ўсіх ахвяр трагедый, 70-ая гадавіна якіх прыпала на сёлета. У кожнай лунінецкай сям’і – свой жалобны мартыралог, па якім штогод заказваецца памінальная служба ў храмах. На жаль, не ўсе жыхары раёна ўнеслі ўдакладненні пры друкаванні ў «ЛН” спісаў загінуўшых для наступнага занатавання іх у хроніцы «Памяць”. Грунтуемся на дадзеных Акта расследавання злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў на часова акупіраванай тэрыторыі раёна ад 10 красавіка 1945 года. Другі такі ж важны дакумент – кнігі мятрычных запісаў мясцовых цэркваў, але яны не ўсе захаваліся ў архіве ЗАГСа.      
Па афіцыйных звестках, «20 лiпеня 1942 года ў в. Вулька 1 нямецка-фашысцкiя захопнiкi знiшчылi 43 жыхары i 37 двароў”. У кнізе Лунінскай царквы, да прыходу якой адносілася в. Вулька 1, на жаль, звесткі аб ахвярах гэтай трагедыі адсутнічаюць, хаця аб шэрагу іншых нябожчыках запісана «забіты”. У гэтым выпадку грунтуемся на спісе з Пінскага занальнага архіва.
Згодна з афіцыйным дакументам, «каля чыгуначнага пераезду ў в. Бастынь 18 ліпеня 1942-га расстраляна 89 чалавек”. У кнізе Бастынскай царквы названы імёны 49-ці жыхароў, якіх «забілі немцы 29 ліпеня 1942 года”. У агульную лічбу ахвяр фашысцкага тэрору, указаную ў Акце, відавочна, уключаны жыхары в. Дзятлавічы, расстраляныя ў гэты ж дзень з гэтай жа прычыны (акупанты помсцілі вяскоўцам за забітага нямецкага салдата). У кнізе Дзятлавіцкай царквы названы імёны 19-ці жыхароў, «разстраляных 29.VI”. Па меркаванню галоўнага спецыяліста аддзела ЗАГС Наталлі Богдан, памылкова магло быць напісана «VI” замест «VII” – датай 29 ліпеня трагедыя адзначана ў Бастынскай кнізе.
Як бачыце, у розных крыніцах прыво-дзяцца розныя звесткі. Чым гэта выклікана? Складана адназначна адказаць на пытанне. Мэта даследчыкаў – вывучаць усе дадзеныя, шанаваць усе даты і лічбы. І толькі ўдакладненыя спісы загінуўшых дадуць падставы быць упэўненым у тым, што «вспомним всех поименно”.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть