ЧЫГУНКА КЛІЧА ЗА МАРАЙ
Розніца ва ўзросце двух дэлегатаў Першага злёту машыністаў складае 25 год, але ў нечым агульныя рысы біяграфій прадстаўнікоў розных пакаленняў чыгуначнікаў дазволілі аб’яднаць удзельнікаў дыялогу. На пытанні адказвалі машыніст 1 класа Міхаіл Фёдаравіч ВЯРЭНІЧ і 2-га – Вадзім АЛЯШКЕВІЧ (якога яшчэ не называюць імем па бацьку – Анатольевіч).
– Што прадвызначыла ваш выбар прафесіі?
Вярэніч: Нарадзіўся ў Стахаве. Пяцікласнік далёкай ад чыгункі вёскі ў сачыненні “Кім хочаш стаць” напісаў: “Машыністам”. Лічыце, ажыццявіў мару дзяцінства! 30 год таму, пасля арміі, уладкаваўся ў дэпо. Працаваў электрыкам, закончыў курсы памочнікаў машыністаў, якія дзейнічалі пры прадпрыемстве. У складаныя разбуральныя часы быў вымушаны сысці на пошукі больш істотнага заробку. Потым становішча стабілізавалася. У 1998-ым вярнуўся ў калектыў. Аляшкевіч: У дэпо мяне літаральна прывялі за руку (смяецца). Быў тады яшчэ дашкольнікам. Дзядуля – машыніст Іван Сямёнавіч Раманюк – паказваў месца сваёй працы, якой аддаў большую частку жыцця, вялікія цэхі, лакаматывы. У тым жа 1998 годзе, калі адбылося “другое прышэсце” ў калектыў старэйшага калегі, я толькі закончыў школу. Пры выбары далейшага жыццёвага шляху ваганняў не было. Адразу паступіў у Гомельскі чыгуначны тэхнікум. Спачатку быў памочнікам машыніста на грузавых цягніках, цяпер – машыніст. – Вы мелі магчымасць выступіць на рэспубліканскай сустрэчы ў Лідзе. На якіх праблемах сканцэнтравалі ўвагу? Вярэніч: Удзячны, што мне даверылі агучыць калектыўную пазіцыю нашай дэлегацыі. Лунінецкія лакаматыўныя брыгады працуюць на шасці ўчастках працягласцю ад 245 (Ваўкавыск) да 100 (Сарны) кіламетраў. Толькі ў дэпо Калінкавічы створаны сучасныя камфортныя ўмовы для адпачынку і кругласутачна працуе сталовая з гарачым, якасным і даступным па цэнах харчаваннем. У астатніх пунктах абароту вымушаны бавіць час у шумнай абстаноўцы і на “сухім” пайку, не аднаўляючы сілы пасля складаных рэйсаў. Мой асабісты боль, які хацеў бы данесці да землякоў, – вандалізм пасажыраў. Кірую дызель-поездам Баранавічы-Удрыцк. Па-ранейшым пераважна маладыя людзі б’юць шкло ў вагонах, забруджваюць іх, брыдкасловяць, распіваюць спіртныя напоі. Вельмі спадзяюся, што бацькі звернуць пільную ўвагу на выхаванне дзяцей, каб грамадзяне нашай краіны хутчэй узняліся да годнага культурнага ўзроўню. Аляшкевіч: Самы малады з дэлегатаў, не прэтэндаваў на прамову за трыбунай. Але таксама меў бы што сказаць. У ствараемым у дэпо музеі бачыў фотаздымкі машыністаў пачатку ХХ стагоддзя. Заснавальнікі прафесіі і цяпер уражваюць белымі пальчаткамі і белымі кашнэ ў дадатак да строгай формы. Гэта – знешняе адлюстраванне высокага статусу, які мелі чыгуначнікі ў грамадстве. Неабходна аднаўляць прэстыж прафесіі машыніста. Складаемыя гэтага працэсу – і тыя ўмовы працы, аб якіх гаварылася вышэй, а таксама зарплата і аздараўленне, што пакуль пакідае жадаць лепшага. – У любы час сутак машыністы ідуць у рэйсы. Працягласць напружаных маршрутаў дапамагаюць пераадольваць тыя, хто вас чакае. Вярэніч: Працуем дзеля сям’і… Мая жонка – работніца стаматалагічнай пакліклінікі. Дзве дачкі – Вікторыя і Ганна – з дзяцінства марылі стаць “людзьмі ў белых халатах”. Цяпер абедзьве – студэнткі медыцынскага ўніверсітэта. Любім разам адпачываць, наведваць з экскурсіямі памятныя мясціны нашай краіны. Аляшкевіч: Мая бабуля Галіна Іванаўна Раманюк шмат год працавала ў тэхнічнай бібліятэцы. У маладосці ёй, расіянцы па нараджэнню, лёсам было наканавана працаваць у Оршы. Тут яна сустрэлася з дзедам, які вучыўся ў дартэхшколе. Услед за мужам прыехала ў Лунінец… Сваю другую палавінку я сустрэў у родным горадзе. Па спецыяльнасці яна прадавец, цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску па догляду за нашым сыночкам. Маленькага Яраслава, калі падрасце, мару захапіць сваёй прафесіяй. Мэтанакіравана іду па вызначаным шляху. З задавальненнем пераймаю вопыт старэйшых калег, на дасягнутым не збіраюся спыняцца. Трэба ж быць прыкладам для нашчадка (смяецца)! Наша гутарка датычыла і іншых тэм, што, як высветлілася, хвалююць маіх суразмоўнікаў. На развітанне не паспела ім сказаць: калі ў дэпо працуюць такія мэтанакіраваныя, адказныя, неабыякавыя асобы, гэта – красамоўнае сведчанне прэстыжнасці прафесіі машыніста. Хочацца спадзявацца, яго замацуе выкананне патрабаванняў, вылучаных дэлегатамі і падтрыманых кіраўніцтвам Беларускай чыгункі.
Таццяна ВАСІЛЬЕВА.