Чароўны свет танца
Тое, што вызначана лёсам, рана ці позна ўсё роўна напаткае, і супрацьстаяць гэтаму нельга. Так атрымалася і ў жыцці Святланы Галка. Сёння яе выхаванцы праслаўляюць Лунінеччыну як у Беларусі, так і за яе межамі. Але спачатку ўсё ішло зусім па-іншаму сцэнарыю.
– Раней вельмі складана было паступіць у музычную школу, патрэбна мець сапраўдны талент, – успамінае Святлана. – А трэцякласніцай мне хацелася ўсё паспрабаваць. Адолела ўступны іспыт, стала наведваць заняткі. Бяда ў тым, што хутка мне гэта надакучыла. Прымусіў давесці справу да канца тата. Цяпер разумею – нельга адмаўляцца ад таго, што дае нам Бог.
Атрымаўшы эканамічную адукацыю, нейкі час працавала бухгалтарам. Але хутка зразумела, што манатонная работа з лічбамі не для мяне. На шчасце, ад сяброўкі даведалася, што ў дзіцячым садку №8 вызвалілася месца музычнага работніка. Вырашыла паспрабаваць сябе на гэтым полі дзейнасці.
Прыгажосць залы, паркет і прастора зачаравалі. Адчула – тут я на сваім месцы. Таму ў нашым жыцці ўсё рэальна і магчыма, галоўнае – вера і імкненні. Упэўнівалася ў гэтым не раз. Так, марыла пабываць у Венецыі, і хаця гэта здавалася немагчымым, задуманае здзейснілася. Што ні кажы – сапраўдны цуд, які быў не адзін раз у маім жыцці.
Калі верыш у свае сілы і не баішся цяжкасцей, то ўсё атрымаецца. Цяпер яе дзеткі заваёўваюць сэрцы суддзяў і гледачоў не толькі на малой радзіме, але і на сур’ёзных міжнародных спаборніцтвах. А гэта таксама цуд.
– Самае галоўнае ў нашай працы, нават не перамогі ці дасягненні, а тое, што малышы вучацца ўзаемадапамозе, падтрымліваць адзін аднаго, вучацца пазбаўляцца зайздрасці і шчыра радуюцца поспехам сяброў. Мне прыемна назіраць, як праяўляюцца ўсе гэтыя добрыя пачуцці. Акрамя таго, займацца танцамі вельмі карысна для здароўя: развіваецца логіка і памяць. І, зразумела, вялікую ролю ў поспехах дзяцей адыгрываюць бацькі. Калі яны заахвочваюць сваіх малышоў, з’яўляюцца іх «рухавікамі”, то ў хлопчыкаў і дзяўчынак усё абавязкова атрымаецца”.
У новай катэгорыі «Е4” займаюцца Дзіма Рудовіч і Ганна Дырда. Дарэчы на Першынстве Беларусі па масаваму танцавальнаму спорту ў фінале яны занялі 4 месца. А да новага года плануюць падняцца яшчэ на прыступку вышэй – перайсці ў катэгорыю «Е6”.
Пара Святаслаў Чыжык і Вераніка Ляпко – самыя юныя прадстаўнікі новай прафесійнай катэгорыі «D”. Як правіла, яе атрымліваюць у 11-12 год, а таленавітым лунінчанам на той момант споўнілася толькі дзевяць. Захапляюча назіраць дарослыя танцы ў іх выкананні, тое, як перадаюць пачуцці праз міміку і адточаныя рухі. Так, на «Крыштальным кубку Беларусі” сталі трэцімі, а таксама выйшлі ў фінал рэспубліканскага конкурсу «Dance style”.
Вялікую ролю як для самой Святланы Адамаўны, так і для яе выхаванцаў адыгрываюць мена-віта раённыя спаборніцтвы.
– Было вельмі прыемна, калі нядаўна на конкурсе «Зорная карусель” наш танцавальны калектыў «Мірыданс” стаў лепшым. І, вядома, у многім тут трэба дзякаваць бацькам, якія падтрымліваюць сваіх дзяцей і адзін аднаго ва ўсім.
Сёлета таксама не абышлося без узнагарод. На чэмпіянаце Беларусі Дзіма Рудовіч і Ганна Дырда сталі бронзавымі прызёрамі, а Святаслаў Чыжык і Вераніка Ляпко – фіналістамі праграмы «Стандарт” і ўвайшлі там у сямёрку мацнейшых. На Чэмпіянаце свету 4-ае месца занялі дзве лунінецкія пары: Насця Трохіна і Мікіта Раковіч, Дзіма Рудовіч і Ганна Дырда – кожныя ў сваёй катэгорыі. Акрамя таго, сваё майстэрства нашы зорачкі прадэманструюць 17 чэрвеня на фестывалі «Хваля ідэй” у Балгарыі. Пажадаем ім поспехаў і новых перамог.
Падрыхтавала Жанна Меляшкевіч.