Чароўныя фарбы і гукі ВЯСНЫ
Мой паляўнічы стаж складае больш за 30 год, але не страціў асалоды ад любавання прыродай, чым і з вамі хачу падзяліцца.
У лесе аб прыходзе вясны абвяшчаюць дзятлы. Седзячы на суку, яны радуюцца: “Р-р-р-р”! Вароны яшчэ раней адчулі набліжэнне цяпла. У сонечны дзень яны гуляюць у небе: самец апракідваецца на спіну, а самка хапае яго за кіпцюрыкі. Яны ж першымі рамантуюць свае гнёзды і спяшаюцца з кладкай яек. Уздоўж дарог непрыступныя “жылішчы” ўладкоўваюць хітрыя сарокі. Як цікава назіраць за іх такавішчам: птушкі ўзнімаюцца высока ўверх, а потым, расправіўшы хвост, “ныраюць” амаль да самай зямлі. Ціха мармычуць сойкі, фурманам свісцяць попаўзні, нагамі вухкаюць філіны. У бары булькаюць, гатовыя да такавішча, цецерукі. Вялікія глушцы злятаюць з дрэў і ходзяць па затрымаўшымся снезе, распусціўшы крылы, пакідаючы рысачкі. “Чэрцяць снег”, – гавораць паляўнічыя… Прыляцеўшыя жаўранкі тут жа “развесілі” над праталінамі свае званочкі. У дубравах шчабечуць зяблікі. А потым кнігаўкі пачынаюць кружыцца над палямі.
Як толькі сонца прыгравае зямлю, зеляніна праглядвае адразу і паўсюдна. Спяшаюся на спатканне з любімай рэчкай Прыпяццю. На яе беразе жоўта-водарны куст вярбы-брэдніка – першай прыгажуні вясны – радуе шчодрым квеценнем. На яго бурай лістоце сінеюць хараводы медуніцы. За ёю спяшаюцца расцвісці лотаць, ветраніца дубраўная, гусіная цыбуля, дзікая сліва.
Сагрэўшыся, прабудзіліся божыя кароўкі. У бяроз лопаюцца пупышкі, выпускаючы маленькія зялёныя агеньчыкі. Буйныя і клейкія яны на таполевых галінках, ад пупышак якіх цягнецца салодкі пах. А на прыпёку паказаліся сіненькія кветачкі – падснежнік адчуў сонечнае цяпло. Блакітнай туманнасцю зацягнула далёкую порасль асіны. На абрывістым беразе ракі бачны зорачкі кветак падбелу.
Няма нічога прыгажэй, чым зялёная сукенка вясны! Лугі, апушкі, паляны расквечаны, як для свята. Паўсюдна стракаціць і песціцца шматквецце траў – ад высокага каласоўніка і рамонкаў да сціплых шаўкавістых мятліц. Беластвольны беразняк маляўніча раскінуў рэдкія елкі сярод кустоў ляшчыны, воўчага лыка, рабіны. Цёмныя гушчы сасновай хвоі на бронзавых калонах пакрылі ўзгорак. Стаяць на спуску ў чароўную завадзь зараснікі сніткі, вакол яе – каралі з пяшчотнага крынічніка, жоўтага майніка і белых кветачак ландыша. У гэтым вясновым калейдаскопе фарбаў цэлымі днямі не змаўкае звонкі птушыны пераклік, а да вечару у хор лясных спевакоў абавязкова ўвальецца моцная песня салаўя, ужо аблюбаваўшага для сваёй сяброўкі зараслі чаромхі на беразе рэчкі. На лузе – свае фарбы, пахі, гукі. Ліловая сон-трава, жоўтая чына, ружовая канюшына, зеляніна розных адценняў – чароўны дыван, ды і толькі! Куды дастане вока, усё пышна-зелена, высока і кучарава, увенчана мудрагелістымі формамі. Навокал кіпіць жыццё: спяваюць балотныя птушкі, бакасы, дупелі, удалечыні пераклікваюцца журавы і нават качкі ўпалі непадалёк у возера на чыстую ваду.
Глядзі, слухай, дыхай, не – не дыхай, а проста пі гаючае паветра поўнымі грудзямі!
Анатоль ЧЭБАТАРОЎ. г. Пінск.