Час дорыць АДКРЫЦЦІ
У Магілёве адбыўся рэспубліканскі семінар ветэранаў педагагічнай працы, прысвечаны 90-годдзю Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. У дэлегацыі Брэстчыны была і старшыня раённага савета Наталля Казанкова.
– Што вас асабіста ўразіла на юбілейных урачыстасцях?
– Па-першае, гасціннасць людзей. Гэта датычыць нашага наведвання як аб’ектаў абласнога цэнтра, так і ўстаноў сацыяльнай сферы ў раёнах. Па-другое, высокі ўзровень правядзення сустрэчы з ветэранамі. На Магілеўшчыне нас віталі намеснікі кіраўнікоў абласной і раённых адміністрацый, начальнікі аддзелаў адукацыі і ідэалогіі. Старшыня ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Аляксандравіч Бойка падкрэсліваў, што лічыць сябе нашым земляком, – нарадзіўся ў Гаўрыльчыцах у той час, калі вёска адносілася да Лунінецкага раёна. Колькі ўвагі ўдзельнікам семінару ўдзяліў старшыня Магілеўскай абласной арганізацыі галіновага прафсаюза Сяргей Вінаградаў!
– Наведванне якіх мясцін старажытнага Падняпроўя выклікала найбольшае захапленне?
– Пачну з таго, што не пакідае няёмкасць за ўласнае павярхоўнае, мякка кажучы, веданне нацыянальных славутасцей. Раней думала, што ўразіць можа толькі Брэстчына – крэпасцю, пушчай, але… «Три счастливых дня” было ў мяне – і на колькі адкрыццяў пашанцавала! У аграгарадку Лясная Слаўгарадскага раёна запомніліся экскурсіі па музею, мемарыяльнай капліцы, царкве. Мсціслаў пераканаў, што нездарма яго называюць «беларускім Суздалем” – храмы, манастыры, музей, помнік першадрукару Пятру Мсціслаўцу. У Магілёве шмат адметных мясцін. Навечна ў памяці застанецца Буйніцкае поле, палітае крывёю савецкіх салдат, – гэты гераізм геніяльна занатаваў Канстанцін Сіманаў. Выканана завяшчанне пісьменніка – яго прах быў развеяны над гэтай шматпакутнай зямлёй… У абласным цэнтры – прыгожым, рэканструяваным, абноўленым, добраўпарадкаваным – захапіў заасад. Прама па вальерах ідзе дзіцячая чыгунка, так што адчуваеш сябе цалкам сярод жывой прыроды…
– Відавочна, у магіляўчан пераймалі і арганізацыйны вопыт?
– Дэлегаты з розных абласцей Беларусі паведамлялі аб вельмі цікавых і грамадска-карысных справах. Гаспадары ж паказвалі дасягненні. У Слаўгарадскім раёне былі на пасяджэнні клуба ветэранаў-педагогаў «Сударушка”. Як звычайныя вясковыя пасядзелкі – вышываюць, вяжуць, а хто і авалодвае камп’ютарам. І ў Слаўгарадзе, і ў Мсціслаўлі ўлюблёнасцю ў гісторыю роднага краю захаплялі не толькі экскурсаводы, але і афіцыйныя асобы. У Магілёве ўразіла абласная выстава творчасці ветэранаў педагагічнай працы «Я люблю цябе, жыццё!” – былі незнаёмымі нават асобныя тэхнікі, шмат можна гаварыць і пра дасканаласць прац. Усеагульнае захапленне выклікаў канцэрт хору ветэранаў Магілёўскага гарадскога Дома настаўніка.
– Вярнуліся дамоў, пэўна, адпачыць ад уражанняў? Школы цяпер знаходзяцца на канікулах. Тайм-аут узяты і ў раённым савеце ветэранаў?
– Нам нельга спыняцца ў руху. Вясной аб’явілі конкурс на лепшую сядзібу настаўнікаў-ветэранаў. Ведаем шмат выдатных прыкладаў добраўпарадкавання двароў у Лунінцы і дачных участкаў. Чакаем звестак з вёсак раёна, каб адзначыць як мага больш сапраўдных гаспадароў зямлі. Заяўку аб удзеле ў конкурсе да 15 жніўня просім паведаміць па тэлефоне 2-17-34 у райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Вынікі будуць падведзены да традыцыйнай жнівеньскай нарады настаўнікаў.
Прыемнай нечаканасцю для Наталлі Іванаўны было ўручэнне ёй Падзячнага пісьма Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы лічыць, што ўзнагарода абавязвае да актывізацыі дзейнасці, і выношвае задумы новых творчых спраў.