ЦІ ВЕРНЕЦЦА ДА МАГІЛЫ ВАРТАВЫ?
На новых лунінецкіх могілках, у адрозненне ад старых, адсутнічаюць дрэвы, што ўяўляюць пагрозу для помнікаў.
Рэдкія пасадкі ядлоўца ці туй вечназялёнымі плямкамі адцяняюць бела-шэра-чорны камень і служаць своеасаблівым арыенцірам сярод безлічы падобных адна на адну магіл. У чарговы раз у знаёмым напрамку збочыла жанчына, але тут жа схамянулася: стрункі сілуэт знік. Якім жа была яе роспач, калі ўбачыла дрэва, выкінутым у кантэйнер для смецця!
– Ішла памянуць брата ў дзень яго нараджэння, а быццам перажыла другое пахаванне, – ледзь вымаўляе жанчына, у душы якой крываточыць нясцерпны боль страты. – Каму перашкаджала гэта дрэўца? Кволым саджанцам высадзіла, палівала, 19 год клапацілася, каб прыжылося. Гэты ядловец здаваўся своеасаблівай вечнай ганаровай вартай ля падножжа магілы…
З гэтымі ж пытаннямі лунінчанка звяртаецца да рабочых па ўборцы тэрыторыі могілак. Адзін з іх, які высякаў ядловец, спрабуе апраўдацца: маўляў, цяпер забаронена высаджваць дрэвы. Але ж правілы дзейнічаюць толькі з некалькі год і на распаўсюджваюцца на ранейшыя насаджэнні. Камунальнік прыкметна раскайваецца і гаворыць, што да высечкі дрэва яго прымусілі людзі, пахаванне родных якіх знаходзіцца побач. Відавочна, кіраўніцтва ўчастка рытуальных паслуг высветліць у падначаленых, чаму яны падпарадкуюцца пабочным людзям. Рабочы просіць прабачэння ў жанчыны:
– Чым магу заслужыць ваша дараваннне?
— Дапамажыце знайсці маладое дрэўца – высаджу на ранейшым месцы і буду рабіць усё, каб прыжылося…