ЦУДЫ ТВОРЫЦЬ БАЛАЛАЙКА

ў руках Мікалая КАВАЛЕВІЧА, які даў канцэрт “Ад класікі да джазу” ў камернай зале дзіцячай школы мастацтваў.

Выканаўца пераканаў, што простаму народнаму інструменту падуладныя любыя творы – і геніяў мінулага, і заснавальніка расійскай школы балалайкі, і сучасных кампазітараў. У руках віртуёза інструмент узнімаў да вышынь мастацтва (“Саната рэ мажор” Моцарта і “Варыяцыі на тэму Паганіні”), уздымаў настрой (“Валёнкі” і “Эх, сып, Сямён!” у апрацоўцы Шалава), прымушаў сумаваць (“Цёмна-віншёвая шаль”) ці танцаваць (“Наварская хота” Сарасатэ). Пры бездакорным тэхнічным выкананні балалаечнік прыцягваў абаяльнасцю і артыстычнасцю, што ўзнагароджвалася авацыямі ўдзячных гледачоў. Педагогі не хавалі свайго захаплення, а вучні благавейна глядзелі на папярэдніка, аб дасягненнях якога на музычным Алімпе ўжо ведалі. Як і належыць, пасля канцэрта талент акружылі прыхільнікі, уручаючы кветкі і салодкія падарункі.

Музыкантам даўно і па праву ганарыцца Лунінец. Мікалай станавіўся лаўрэатам рэспубліканскіх (1996, 1999, 2003) і І Міжнароднага (2002) конкурсаў імя Жыновіча, V Міжнароднага конкурсу юных кампазітараў (1998). У школе ён быў адзначаны стыпендыяй Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы адоранай моладзі, атрымліваў яе і ў час вучобы ў Віцебскім вучылішчы. З 2004-га лунінецкі юнак займаўся ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі. Студэнт быў прызнаны дыпламантам VII Усерасійскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах. Пасля заканчэння запрошаны ў асістэнтуру ў кансерваторыю Растова-на-Доне.

Праграму вяла Святлана Адамаўна Дубовік. Самымі хвалюючымі гледачамі на канцэрце, які музыкант даў у час кароткатэрміновага наведвання дома, былі, безумоўна, бацькі балалаечніка. Знешне стрымана ўспрыняў поспех сына Мікалай Адамавіч, ад якога, пэўна, Мікалай-малодшы пераняў усмешлівую іранічнасць. У Алены Георгіеўны радасць маці спалучалася з ацэньваючым поглядам першага выкладчыка. Уручаныя ёй кветкі яна ад празмернасці пачуццяў перадавала калегам. Асаблівая ўдзячнасць выказвалася Валянціне Іванаўне Савінкінай, падрыхтаваўшай акампанемент усяго за тыдзень рэпетыцый! Яна даказала немагчымае, хаця і збіла пальцы да крыві. Гаму пачуццяў Мікалая ўвасобіў твор, прысвечаны канцэртмайстру і хроснай маме. А завяршыў канцэрт музыкант уласнай кампазіцыяй – фантазіяй на тэму песні-жарта пецярбургскага іміджу “Чыжык-пыжык”.

Хутка Мікалаю трэба будзе вызначацца, чаму аддаць перавагу – удасканаленню майстэрства прафесійнага выканаўцы ці авалодванню тэарэтычных вышынь у аспірантуры. Будзем чакаць звестак аб новых перамогах з пажаданнямі ўдач нашаму земляку. Шануючы яго працавітасць, без якой не абысціся сапраўднаму таленту, захапляемся і шчырасцю сэрца. Выступленне было дабрачынным – выпускнік даў канцэрт на карысць школы, з якой стартаваў у вялікае мастацтва.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть