ЦУДЫ ЗБЫВАЮЦЦА, калі шчыра ў іх верыць
Працягваюцца вандраванні рэдакцыйнага Дзеда Мароза са Снягуркай з раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын” па адрасах, дзе жывуць абдзеленыя здароўем непаўналетнія і дарослыя жыхары Лунінеччыны, а таксама сем’і, у якіх выхоўваюцца прыёмныя дзеці.
Домік, окнамі на царкву
Утульны жоўты домік Сцяпана КЕЗЯ з Луніна бачна здалёк. Адчуваецца гаспадарская рука – усюды парадак і чысціня. Падышлі бліжэй – замок. І, магчыма, паехалі б далей па іншых адрасах, ды адчувалася, што ў доме хтосьці ёсць. У некалькіх кроках ад параднага заўважылі яшчэ адзін уваход. 80-гадовы гаспадар, страціўшы жонку, цяпер карыстаецца толькі ім. Сам даглядае і сына-інваліда, якому хутка будзе 40 год. Пад час нашага наведвання якраз рабіў з ім гімнастычныя заняткі. Мужна трымаецца Сцяпан Сцяпанавіч, нягледзячы на свой узрост і выпрабаванні – стараецца як мага больш рухацца і падтрымліваць сябе ў тонусе. А яшчэ веры дадае царква, якая мяжуе з дваром Кезяў.
Чароўны свет дабрыні
– Дзень добры, падкажыце, калі ласка, дзе ваш дом знайсці? – А хто гэта? – Дзед Мароз са Снягуркай да вас. Падарункі прывезлі! З такога незвычайнага дыялогу пачалося наша знаёмства з Сяргеем АБРАЎЦОМ з Луніна. Іх дом, размешчаны быццам на хутары, адразу і не знойдзеш. Ветлівы гаспадар падказаў як лепш дабрацца, і хутчэй сам выйшаў на вуліцу, не паверыўшы, што і да іх з матуляй завіталі казачныя персанажы. Жыць ім, вядома ж складана. Адна толькі дарога да магазіна і назад заняла б некалькі часоў. Таму харчовы набор быў вельмі дарэчы ў сям’і. Сяргей Іванавіч, маючы першую групу інваліднасці, не сядзіць, склаўшы рукі – вырабляе прыгожыя рэчы з дрэва. Паціхеньку завіхаецца па гаспадарцы матуля, хоць шторазу гэта больш складана 83-гадовай жанчыне.
Сонейка ў акенцы
У доме ТРУХНОВЫХ з Луніна прадстаўнікі грамадскіх арганізацый – не вельмі частыя госці, нягледзячы на тое, што ў сям’і 4 інваліда. Ганна Васільеўна да выхаду на заслужаны адпачынак працавала ў гандлі, крыху – у калгасе. Сын Васіль – інвалід з дзяцінства. Абмежаваны ў фізічных магчымасцях і яго жонка Святлана і дачка Вікторыя. Спадзяемся, што змаглі хоць на некалькі хвілін прынесці радасць у вялікую сям’ю. Крывіначкі Надзея Сямёнаўна ХЛУД з Луніна замяніла ўнукам бацькоў. Так сталася, што сын быў асуджаны, а маці пазбавілі бацькоўскіх правоў. Некаторы час дзеткі знаходзіліся ў сацыяльным прытулку, але сэрца бабулі шчыміла ад гэтага. Нягледзячы на ўзрост, жанчына аформіла неабходныя дакументы і забрала ўнукаў да сябе.
Баба Маруся –
так ласкава назвала мясцовая жыхарка Марыю Трафімаўну БАГДАНЕЦ, калі наш аўтамабіль прыпыніўся каля аднаго з дамоў у Вульцы 1. Толькі добрымі словамі адгукаюцца аб ёй аднавяскоўцы. У жыцці гэтай жанчыны складанасцяў хапала. Дзяцінства прыпала на часы ваеннага ліхалецця, тады ж страціла нагу. Нягледзячы ні на што, старанна працавала на карысць мясцовай гаспадаркі: улікоўшчыкам, прыёмшчыкам малака. Некаторы час нават жыла ў палявым лагеры на Прыпяці. У вялікім доме Марыя Трафімаўна сустрэла сваё 80-годдзе. Часам наведваюць пляменнікі, пры неабходнасці дапамагаюць. Убачыўшы Дзеда Мароза са Снягуркай, на вачах сталай жанчыны выступілі слёзы: «Не трэба, родненькія, мне нічога. Вы лепш аддайце падарунак таму, хто мае ў ім яшчэ большую патрэбу”. Вялікі дзякуй фермерам Рыгору Богдану і Эдуарду Чэркасу, райкаму прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі на чале са старшынёй Нэлі Рафаловіч і валанцёрам раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа на чале з Таццянай Кацубай, а таксама ўсім неабыякавым да акцыі людзям за падтрымку і падарункі.