Цёплыя сустрэчы са слязамі на вачах

Штогод 15 лютага, у Дзень памяці
воінаў-інтэрнацыяналістаў, збіраюцца разам былыя салдаты, прапаршчыкі, афіцэры,
лёс якіх непарыўна звязаны з Афганістанам і іншымі «гарачымі” кропкамі планеты.
Успамінаюць нялёгкія воінскія будні, баявое братэрства, а таксама сваіх сяброў,
якія знайшлі апошні прытулак на чужой зямлі альбо рана пайшлі з жыцця ўжо ў
мірны час.

А напярэдадні дэлегацыя ў складзе намесніка раённага
ваеннага камісара Міхаіла Арашкевіча, старшыні раённай арганізацыі грамадскага
аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Аляксандра Жуланава,
спецыяліста аддзела ідэалогіі райвыканкама Аляксандра Соца наведала бацькоў
загінуўшых. У вёсках да іх далучаліся прадстаўнікі мясцовай улады і
сельскагаспадарчых арганізацый.

Кацярына Гаўрылаўна Гулівец не так даўно пераехала на
Лунінеччыну з Украіны, але ніяк не можа прывыкнуць. Па-ранейшаму прыгадвае з
якой цеплынёй чакала саслужыўцаў Андрэя, гатавала шмат страў, выпякала смачны
хлеб. Ніколі не забываліся пра жанчыну школьнікі – дапамагалі ці проста
забягалі ў госці. Летась вельмі шчымліва стала на душы, адправіла ва Украіну
тэлеграму з віншаваннем мясцовым афганцам. Годы, безумоўна бяруць сваё. Хвалюе
здароўе, аднак стараецца трымацца, не звяртацца без асаблівай патрэбы да
ўрачоў. І нікому не дакучвае. Хаця ў доме патрабуецца мужчынская дапамога.
Узяць, да прыкладу, каналізацыю. Патрэбна накрыўка для яе – трэба звярнуць
увагу спецыялістам «Водаканалу”. І ля коміна бляха прыйшла ў нягоднасць – вада
зацякае. Тут пячнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі могуць дапамагчы…

Валянціна Іванаўна і Рыгор Сямёнавіч Канапацкія з
Дзятлавіч заўсёды рады гасцям. Вясковыя воіны-інтэрнацыяналісты зазіраюць
пастаянна. І старшыня сельвыканкама заўсёды ў курсе ўсіх патрэб сям’і. Прыемна,
што ў раёне праводзіцца турнір памяці загінуўшага сына. Аляксандр Жуланаў
прапанаваў падлячыцца ў рэспубліканскім шпіталі ў Бараўлянах, на што Валянціна
Іванаўна адказала: «Няма калі. Прафілактыка ад захворванняў – на агародзе. А
зімой – у двары: снег таксама адкідваць трэба”.

Вера Рыгораўна Юрко з Велуты шчаслівая тым, што побач –
дзеці, унукі і праўнукі. Дачка Вольга пастаянна дапамагае, клапоціцца. Любіць
бавіць час у бабулі і праўнук Мікітка. У доме – партрэты загінуўшага сына: да
арміі і падчас службы. У чарговы раз на вачах паявілася няпрошаная сляза,
жанчына змахнула яе: «Дзякуй Богу, што жыву! І дзеткі мае радуюць!”.

Не прывыкла скардзіцца і Алена Антонаўна Коўшык з Дварца.
Раней пастаянна праведвалі школьнікі, цяпер жа не забываюць пра загінуўшага
сына – прыносяць кветкі і вянкі на магілу. Праведваюць афганцы, памятаюць. А
дома – таксама ўсё добра: дровы ёсць, газ правялі, ды і дачка жыве побач,
дапамагае ва ўсім.

Іван Паўлавіч Кавалевіч з Дрэбска кожны год уражвае
гасцей новымі вырабамі з дрэва. Шкадуе, што цяпер мароз не дае магчымасці
займацца любімай справай. Спадзяецца, што зусім хутка зноў возьме ў рукі разец.

Вера Дзмітрыеўна Мацкевіч з Ракітна жыве даволі-такі
далёка ад цэнтральнай вуліцы, ледзь не на хутары. Зіма, безумоўна, дадала
клопату, аднак добра, што ў СВК не забыліся пра яе – пасля тэлефанавання
расчысцілі дарогу ад снегу да самага дома. Цяпер і медыкам прасцей дабрацца, і
родным з магазіна прадуктаў прынесці…

Далёка ад цэнтра жыве і Ніна Данілаўна Захарчук з
Чэрабасава. Зусім нядаўна вярнулася жанчына з Мікашэвіцкай бальніцы. Добра, што
дачка своечасова прыйшла. Годы не тыя, ціск вельмі скача. Пастаянна наведвае і
сын, які цяпер жыве ў Брэсце. Сама Ніна Данілаўна працягвае трымаць свойскую
птушку – гусей і кур. І скарысталася магчымасцю звярнуцца да прадстаўнікоў ПУСП
«Рэдзігерава-Агра” і папрасіць на вясну гною. Старшыня прафкама паабяцаў, што
просьба будзе задаволена.

Марыю Аляксандраўну Трухановіч з Сітніцы засталі за
вязаннем. Адарвалі на некалькі хвілін, каб пагутарыць аб жыцці, даведацца аб
клопатах жанчыны. І дзіву даваліся, што ёй нічога не трэба. Па-ранейшаму трымае
кароўку і коз, паліць у печы, на вясну задумалі прабіць калонку, каб вада ў
доме была. Школьнікі, а іх не так і многа засталося ў вёсцы, праведваюць. У
амбулаторыі ніколі не адказваюць у дапамозе. Пацікавілася Марыя Аляксандраўна і
аб тым, як другія матулі жывуць, папрасіла перадаць ім прывітанне.

Дзень ішоў да свайго заканчэння. Завяршаўся і наш
маршрут. У Мікашэвічах наведалі сям’ю Зайчанкаў. Аляксандру Барысаўны вельмі
хвалюе пытанне, ці магчыма прыбраць два вялікія дрэвы ля магілы сына – каб бяды
не нарабілі яны…

Вось такія яны мужныя жанчыны і мужчыны. Нягледзячы на
ўсе выпрабаванні, што былі на іх жыццёвым шляху, не страцілі дабрыні і пяшчоны,
чалавечай спагады і паразумення. Дай Бог ім доўгага веку і добрых людзей побач!

Фота Аляксандра Коўкі.

 

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть