ДА ПРЫЁМКІ – ТЫДЗЕНЬ

У апошнія гады ПМК-59 надае вялікую ўвагу ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Сёлета машынна-трактарны парк папоўнілі сучаснымі бульдозерам, экскаватарам, бензавозам, аўтамабілем ГАЗ. Пачалі прыводзіць у належны выгляд майстэрні і памяшканні гаражоў. Звонку будынкі ўцяплілі, абшылі сайдынгам. Большасць былых драўляных дзвярэй замянілі на металічныя ралеты, да канца года плануюць памяняць і астатнія. Унутры памяшканняў атынкавалі сцены, абліцоўваюцца пліткай глядзельныя ямы, больш зручнымі сталі раздзявальні і пакой для прыёму ежы. У бліжэйшых планах – устанавіць кацёл і наладзіць ацяпленне ў памяшканнях. 
Усяго ў механізаванай калоне працуюць 100 чалавек. Гэта на 10 работнікаў менш, чым летась. У той жа час прадукцыйнасць працы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года вырасла больш як у 4 разы. Сярэднямесячны заробак за 9 месяцаў 2012-га склаў 3 мільёны 712 тысяч рублёў супраць 1 мільёна 723 тысяч леташніх. Ад выкананых работ і паслуг атрымалі 1 мільярд 60 мільёнаў рублёў прыбытку (на 111 працэнтаў больш), а выручка ад рэалізацыі прадукцыі перавысіла 15 мільярдаў рублёў пры гадавым заданні 9 мільярдаў. Рэнтабельнасць ад рэалізацыі работ і паслуг склала 10,7 працэнта. 
Асноўная дзейнасць меліяратараў сканцэнтравана на выкананні Дзяржаўнай праграмы комплекснага развіцця і рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў Прыпяцкага Палесся. У яе рамках сёлета прыступілі да інжынернай аховы аб’екта “Дубаўка”. У лістападзе плануецца здаць у эксплуатацыю рэканструяваны аб’ект “Чэрабасаўская меліярацыйная сістэма”. Гэта дазволіць перадаць у карыстанне СВК “Новае Палессе” 340 гектараў палепшаных зямель. Працягваецца рэканструкцыя меліярацыйнай сістэмы “Бастынь” у СВК “Дзятлавіцкі”. Тут ідзе чыстка каналаў, рамонт збудаванняў, высечка кустарнікавай расліннасці. Акрамя гэтага, неабходна пракласці 1 кіламетр дарог з гравійным пакрыццём. 
Тры месяцы таму завяршылі рэканструкцыю меліярацыйнай сістэмы “Парахонск”. Адсюль лю-дзей і тэхніку накіравалі на новы аб’ект “Рэканструкцыя меліярацыйнай сеткі “ПОМС” для Палескай доследнай станцыі меліярацыйнага земляробства і лугаводства”, праектны каштарыс якога складае 1 мільярд 909 мільёнаў 186 тысяч рублёў (у цэнах 2006 года). З гэтых грошай больш як 900 мільёнаў рублёў прадугледжаны на будаўніча-мантажныя работы.
Магутнасць аб’екта складае 469 гектараў. На вызначанай плошчы будзе рэканструявана  15,5 кіламетра каналаў, пабудавана 5,5 кіламетра новых сетак, пракладзена 44,8 кіламетра закрытага дрэнажу. Акрамя таго, будуць устаноўлены тры новыя трубы-рэгулятары, 5 труб-пераездаў, рэканструяваны 9 збудаванняў.
Да канца лістапада для Палескай станцыі меліяратары здадуць першыя 150 гектараў палепшаных зямель. На іх будзе пракладзена 10,5 кіламетра адкрытых і 9 кіламетраў закрытых меліярацыйных сістэм, узведзена 6 гідратэхнічных збудаванняў. Работы тут вядуцца пад кіраўніцтвам меліяратара з 35-гадовым стажам Валянціна Воранава.  Штодзень на іх заняты ад 15 да 18 чалавек.
Сярод іх – вадзіцель-кранаўшчык Васіль Вячорка. Нягледзячы на маладосць, ён па-майстэрску ўпраўляецца з 25-тонным кранам.
– У механізаванай калоне 5 год. Гэта першае працоўнае месца пасля заканчэння сельгаскаледжа, – расказвае Васіль. – Перш, чым сесці на кран, прайшоў адпаведную перападрыхтоўку ў навучальным цэнтры, затым некаторы час працаваў пад наглядам вопытнага кранаўшчыка Мікалая Качановіча. У спадчыну атрымаў яго старэнькі экскаватар, а тры гады таму далі новую тэхніку.  Работа падабаецца. Задавольвае і графік – з 8 да 17 гадзін з выхаднымі днямі ў суботу і нядзелю. Прыйсці ж у ПМК прапанаваў родзіч, бульдазерыст Мікалай Тупека. Рады, што трапіў у добры калектыў. 
На гэтым жа аб’екце старанна працуе і трактарыст-машыніст Уладзімір Насеня. Яго фронт работы – выраўніванне плошчы. На ўчастку, дзе працуе Уладзімір Уладзіміравіч, ужо закончылі работы па пракладцы каналаў і збудаванняў, засталося толькі як след падрыхтаваць зямлю. Глебу тут спачатку прадыскавалі, цяпер пусцілі 5-метровы планіроўшчык.
– Амаль за чвэрць стагоддзя ў меліярацыі прывык да цішыні і размеранасці. Не надта перашкаджае і  кантроль з боку кіраўніцтва. Сваю работу заўсёды павінен выконваць якасна, інакш усе агрэхі хутка пакажа час.  Акрамя планіроўшчыка, да свайго МТЗ-3022 па неабходнасці  прымацоўваю то плугі, то дыскі. Работа ў меліяратараў ёсць круглы год. Зімовую перадышку выкарыстоўваем для рамонту тэхнікі і водпускаў. У іх, дарэчы, хаджу толькі ў маразы.
Прыемна было назіраць за работай экскаватаршчыка Мікалая Барысевіча, які, капаючы канал, адначасова загружаў грунтам прычэп трактара. Шчыльная,   амаль шкляная, кабіна, рухомы гідраўлічны коўш значна аблегчылі работу на новых машынах. На пытанне, чаму выбраў гэту прафесію, Мікалай Іванавіч усміхнуўся і адказаў:
– У меліярацыі здаўна лічылася, што на экскаватарах могуць працаваць людзі толькі вельмі моцныя і з добрым здароўем. Уладкоўваючыся ў ПМК  у 1994-ым, хацеў выпрабаваць сябе: ці  здолею ўправіцца з такім “монстрам”? Каўшы тады былі яшчэ на тросах, ваду зімой у радыятар з каналаў залівалі. Рукі заўсёды ў мазуце былі, ніякім мылам не адмываліся. Тым не менш, работа захапіла, а калі сем год таму прапанавалі сучасны экскаватар, дык наогул стала самай лепшай.
– За час работы ў калектыве Мікалай Барысевіч заслужыў аўтарытэт вопытнага і добра ведаючага сваю справу працаўніка. Яму трэба толькі даць заданне і не турбавацца за вынік – усё зробіць якасна. Каб усе гэтак сумленна адносіліся да сваіх абавязкаў, наша ПМК працвітала б пры любых умовах, – заўважыў намеснік начальніка Міхаіл Ходзін. 
Пакідаючы меліярацыйны аб’ект, нельга было не адзначыць прыгажосць толькі што задыскаванага поля, акуратна ачышчаныя ад хмызняку яшчэ нядаўна заросшыя ўзбочыны, раўнюткія стужкі новых каналаў – добрыя сведкі адраджэння  зямлі Лунінецкай. Яны ўсяляюць надзею на вялікія ўраджаі і багатыя травастоі. 
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть