ДЭМАГРАФІЯ
НАРАДЖАЕМСЯ…
Колькасць насельніцтва раёна на 1 студзеня 2011 года складае 72001 чалавек: 23803 – пражываюць у Лунінцы, 12964 – у Мікашэвічах і 35 234 чалавекі – у вёсках Лунінеччыны.
Сёлета ў першым паўгоддзі нарадзілася 402 немаўляці, што на 22 менш, чым за такі ж перыяд летась. У гарадах раёна (Лунінец і Мікашэвічы) на свет паявілася 224 малышы, у вёсках – 178. Варта зазначыць, што хоць не на шмат, але колькасць вясковага насельніцтва вырасла. Прырост склаў 4 чалавекі. У той жа час гараджан у параўнанні з леташнім паменшала на 26 чалавек.
… І ПАМІРАЕМ
Памерлі за 6 месяцаў 2011 года 546 жыхароў раёна: 218 – у гарадах, 328 – у вёсках. Гэта на 9 чалавек менш, чым летась. Прычым асноўнае зніжэнне далі сельскія населеныя пункты, дзе смяротнасць знізілася на 25 выпадкаў, у той час як у гарадах, наадварот, павялічылася на 22 выпадкі.
У раёне захоўваецца адмоўная дэмаграфічная сітуацыя, калі колькасць памёршых большая за колькасць нарадзіўшыхся. У нашым раёне гэтая розніца сёлета складае 144 чалавекі, або 35,8 працэнта, увёсках – 84,3 працэнта.
Сярод прычын смяротнасці перавалодваюць хваробы органаў кровазвароту (амаль 50 працэнтаў), злаякасныя новаўтварэнні (12,3 працэнта) і няшчасныя выпадкі (12,3 працэнта).
СТАРАЦЦА ЗАХАВАЦЬ СЯМ’Ю
Сёлета на працягу студзеня-чэрвеня ў раёне зарэгістравана 198 шлюбаў, што на 10 больш, чым у мінулым годзе. Аднак павялічылася і колькасць разводаў: іх зарэгістравана 146 – на 37 больш, чым летась. Трывожыць колькасць скасаваных шлюбаў і ў разліку на 100 зарэгістраваных. Летась за паўгоддзе гэтая лічба склала 58, а сёлета дасягнула 74-ох.
АДЧУВАЛЬНАЯ МІГРАЦЫЯ
Адным з важнейшых фактараў, які ўплывае на колькасць насельніцтва і яго склад, з’яўляецца міграцыя. Сёлета за паўгоддзе ў наш раён прыбылі 637, выбылі – 708 чалавек. Па-ранейшаму патокі міграцыі перавалодваюць з сяла – у горад. Міграцыйны прырост гарадскога насельніцтва сёлета склаў 179 чалавек, а вясковага – паменшала на 246 чалавек.
Віктар ДЫДЫШКА, начальнік аддзела статыстыкі.