ДЭНДРАПАРК ІМЯ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ
Еўрапейскі дзень паркаў быў зацверджаны Федэрацыяй
Еўрапарк. Гэта арганізацыя аб’ядноўвае ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі ў 36-ці
краінах Старога свету. Праведзенае ўпершыню ў 1999 годзе, свята штогод
адзначаецца 24 мая. На тэрыторыі нашага раёна таксама ёсць месцы, якія варта
ўзгадаць напярэдадні Еўрапейскага дня паркаў. Перш за ўсё, гэта рэспубліканскі
ландшафтны заказнік “Сярэдняя Прыпяць”. Аднак і ў горадзе робіцца шмат, каб
падкрэсліць непаўторнасць прыроднага багацця нашага краю. Пра гэта размова з
архітэктарам горада Канстанцінам НАВІЦКІМ:
– Што можа быць лепш для аматараў прыроды, чым наведванне
дэндрапарка? Разнастайнасць флоры, якая прадстаўлена шматлікімі відамі раслін,
не пакідае абыякавымі нікога. Калі трапляеш у такі свет, то адчуваеш, як
напаўняе спакой і ўзнёслы настрой. Менавіта такі куток імкнемся стварыць каля
царквы ў гонар іконы Божай Маці “Взыскание погибших”. У фарміраванні
дэндрапарка імя Францыска Скарыны актыўна ўдзельнічаюць работнікі лясгаса, якія
затрацілі на гэта 160 мільёнаў рублёў. На тэрыторыі ў 2 гектары высаджана 1438
дрэў і кустарнікаў. Зроблены дарожкі, агульнай даўжынёй у 800 метраў,
усталяваны 2 альтанкі, 6 лавак. Што датычыць зялёных насаджэнняў, то тут можна
сустрэць елкі, ліственіцы, бярозы, клёны, ліпы, ядловец, цёрн, барбарыс,
баярышнік, спірэя і вечназялёны самшыт. Перыметр таксама ўяўляе сабой зялёную
агароджу. Парк яшчэ вельмі малады, але хочацца верыць, што ў хуткім часе ён
стане адным з любімых месцаў адпачынку і наведвання лунінчан і гасцей горада.
– На жаль, у нашым горадзе так не хапае парку, дзе можна
было б адпачыць разам з дзецьмі – з каруселямі і атракцыёнамі…
– Згодны. Такую зону адпачынку запланавана ўзвесці побач
з будучым Домам культуры. Гэты аб’ект уваходзіць у праграму развіцця Прыпяцкага
Палесся. Праектна-каштарысная дакументацыя зроблена, але пакуль з-за адсутнасці
фінансавых сродкаў цяжка сказаць, аб тэрмінах будаўніцтва.
– Былі планы добраўпарадкаваць сасновы бор ліцэя. Гэта
так і застецца марай?
– Справа ў тым, што ажыццявіць гэты праект можна будзе
толькі тады, калі ў мікрараёне пачнецца капітальная забудова. Тут плануееца
ўзвядзенне шматпавярховак, у якіх размясціцца 1000 кватэр. Вось тады можна будзе дэталёва пагаварыць аб новым
парку. У перспектыве плануем стварыць зялёную зону і ў Паўднёва-Заходнім раёне.
Тут будзе ўзводзіцца квартал катэджнай забудовы са школай і дзіцячым садком.
Але гэта – планы будучых пяцігодак. У тое, што яны спраўдзяцца, трэба верыць, а
значыць, наш горад стане яшчэ больш прыгожым і ўтульным.
Гутарыла Алена ДАНІЛОВІЧ.