ДОБРАЎПАРАДКАВАННЕ ЛЯСНОГА ФОНДУ “НОВЫЯ ЛЯСЫ – НАШЧАДКАМ У СПАДЧЫНУ”.
Пад такім дэвізам сёлета адбыўся штогадовы Еўрапейскі тыдзень лесу, у якім актыўны ўдзел прынялі лунінчане. Намеснік дырэктара ДЛГУ «Лунінецкі лясгас” па ідэалагічнай рабоце Аляксандр МУРАВЕЙКА адзначае:
– Асаблівую прыўзнятасць традыцыйнаму мерапрыемству надало ажыццяўленне акцыі ў Міжнародны год лесу, якім аб’яўлены 2011-ы. На пасадку і ўзнаўленне дрэў, добраўпарадкаванне ляснога фонду выйшлі больш як 1350 аматараў прыроды рознага ўзросту.
З задавальненнем ад выкананай работы падвялі вынікі. На плошчы ў 52 гектары высаджаны новыя лясныя культуры – гэта елка, сасна, бяроза, альха. На 21-ым гектары праведзена лесаўзнаўленне. 2500 дрэў, пераважна клён і ліпа, і кустарнікаўі спірэі, якая стварае своеасаблівую штучную зялёную агароджу, здобілі тэрыторыю населеных пунктаў. Улічваючы, што сёлета запланаваны пасадкі на плошчы 250 гектараў, справы на працягу Еўрапейскага тыдня лесу сталі істотным укладам у гадавы аб’ём работы.
Неабходна падзякаваць удзельнікам школьных лясніцтваў, якія ўсклалі на сябе большую частку агульных клопатаў. Вучні Дзятлавіцкай СШ у аднайменным лясніцтве пасадзілі лясныя культуры на плошчы ў 20 гектараў, крыху большую тэрыторыю ў Лунінскім – азелянілі юныя жыхары вёсак Лунін і Дубаўка, пасёлка Палескі. Вучні Вялікачучавіцкай СШ высадзілі дрэвы на 5-ці гектарах Баравікоўскага лясніцтва.
У ходзе акцыі вялікая ўвага ўдзялялася ўборцы ляснога фонду, прыдарожных палос, месцаў адпачынку. Санітарнай ачысткай займаліся пераважна работнікі лясной аховы. Прадстаўнікі лясгаса разам з супрацоўнікамі інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя высадзілі елачкі вакол самай сучаснай пабудовы Лунінца – Лядовай арэны.