ДВАНАЦЦАТАЯ КНІГА НАСТАЎНІКА І КРАЯЗНАЎЦЫ

У актавай зале ЦДТ сабраліся тыя, чый лёс так ці інакш быў звязаны з інтэрнатам – навучальнай установай, якая існавала на Лунінеччыне з 1963 па 1991 гады. Падставай паслужыў выхад у свет новай кнігі Івана Панасюка “Интернат ты наш, интернатушка…”
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі Нэлі Рафаловіч, дзякуючы садзеянню якой ажыццяўлялася фінансавая падтрымка, расказала, наколькі важнай стала работа Івана Аляксеевіча для захавання памяці і гістарычнай спадчыны Лунінеччыны. Шчырыя словы ўдзячнасці выказаў начальнік аддзела адукацыі Іван Раковіч, які ўручыў аўтару памятны адрас.
З 2007-га Іван Панасюк знахо-дзіцца на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму яго крэда застаецца нязменным: “Выхоўваць падрастаючае пакаленне сумленнымі, добразычлівымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, каб любілі родную беларускую мову, гісторыю і прыроду палескага краю, паважалі дасягненні папярэдніх пакаленняў, зберагалі ўсё, створанае працалюбівымі і беражлівымі продкамі, каб памяталі старажытныя беларускія традыцыі і абрады”.
– Цудоўна, што Іван Аляксеевіч, які шмат год працаваў выкладчыкам нямецкай мовы, знайшоў сябе ў такой важнай справе, як края-знаўства і стварэнне кніг. Гэта – дванаццатая па ліку, – канстатавала старшыня савета ветэранаў аддзела адукацыі  Наталля Казанкова. – У зале знаходзяцца як героі публікацый, так і тыя, чые ўспаміны ўвайшлі ў выданне, некаторыя ў свой час былі надрукаваны ў “Лунінецкіх навінах”. Гэта людзі, якія ўсёй душой служылі высакароднай справе, – настаўнічалі і выхоўвалі дзяцей… Нізкі паклон вам за такую каштоўную па сваёй змястоўнасці кнігу!
Іван Панасюк запрасіў гасцей паглыбіцца ў гісторыю. На экране адна за другой мільгалі старонкі жыцця інтэрната. Чорна-белыя здымкі выпускнікоў, настаўнікаў сведчылі пра тое, як даўно гэта было. А красамоўныя каментарыі, што чуліся з месцаў, сцвярджалі наадварот, што ўспаміны яшчэ зусім “свежыя”:
– Ой, а гэта – конкурс “Мальчыш-Кібальчыш” у воінскай часці…
– А гэта – ранішняя гімнастыка ў Сасновым бары, што праводзілася перад пачаткам заняткаў…
– Гляньце, рыхтуем бочкі для засолкі агуркоў…
– Сустракаем Новы год…
– А нашы ЮІДэшнікі заўсёды былі на вышыні… 
Нават па невялікіх рэпліках можна меркаваць, наколькі цікавае і разнастайнае жыццё кіпела ў інтэрнаце, які закончылі 1200 выпуск-нікоў. У навучальным працэсе было задзейнічана 50 настаўнікаў. Сярод іх – Кацярына Фёдараўна Пракапчук (на сярэднім здымку), настаўніца матэматыкі з педагагічным стажам у 41 год:
– Шаснаццаць год працавала ў інтэрнаце. У 70-ых мы ўсе былі маладыя, энтузіязму шмат, і працавалася вельмі лёгка. А якія нашы дзеці былі прыгожыя на ўрачыстых мерапрыемствах: усе дзяўчынкі – у белых фартушках, з кветкамі, вырашчанымі ўласнымі рукамі. Удосталь было сродкаў на набыццё прызоў для правядзення пазашкольных мерапрыемстваў, ды і матэрыяльная база заўсёды абнаўлялася…
Шчырыя словы ўдзячнасці аўтару за магчымасць дакрануцца да былога, прыгадаць маладосць, калег, многіх з якіх ужо няма, выказалі настаўніца пачатковых класаў Валянціна Сцяпанаўна Вярэніч і настаўнік працоўнага навучання Канстанцін Аляксеевіч Куст.
Не засталіся ўбаку і былыя выхаванцы інтэрната. Выпускніца 1976 года Алена Кудач (Лукашэвіч) зараз працуе ў Мікашэвіцкім леспрамгасе:
– Гэта кніга аб’ядноўвае ўсіх нас: хто вучыўся тут, хто працаваў. Я ўдзячна аўтару за радасць прыемных успамінаў, за магчымасць сказаць дзякуй усім настаўнікам, у іх ліку – Ніне Аляксееўне Рахацэвіч і Кацярыне Фёдараўне Пракапчук, якія заўсёды падтрымлівалі, нават, калі інтэрнат застаўся ў мінулым…
Сяргей Занько – выпускнік-1988, эканаміст аддзела статыстыкі:
– Здаецца, калі б не кніга Івана Аляксеевіча, памяць пра інтэрнат з гадамі перастала б існаваць. А так, можна не сумнявацца, што пра яго не раз яшчэ прыгадаюць добрым словам, як гэта раблю я.
Ад шчырага сэрца Іван Панасюк выказаў удзячнасць усім, хто прыйшоў на сустрэчу, хто падзяліўся ўспамінамі пра час вучобы і работы ў інтэрнаце, і ўручыў кнігі. Падарункам для ўсіх гасцей стаў невялікі канцэрт выхаванцаў ЦДТ – вакалістаў Ліяны Яраховіч і Жэні Бугаковай, а таксама танцавальнага дуэта ў складзе Веранікі Ляпко і Уладзіслава Чыжыка.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть