ДЗЕД МАРОЗ… У ВАННЕ
У канцы 1970-ых гадоў мая сям’я жыла ў невялічкім паселішчы ў Івацэвіцкім раёне. У трохпавярховым доме было многа маладых бацькоў з малымі дзецьмі. Жылі весела і дружна, разам адзначалі святы, хадзілі гуляць у лес, на возера.
Памятаю, сустракалі новы, 1980-ты, год. Сабраліся некалькі сем’яў, пасядзелі за сталом, выпілі, закусілі, паглядзелі «голубой огонёк”. Для нашых пецярых дзяцей, ад трох да сямі гадоў, таксама наладзілі свята. Адзін з суседзяў апрануўся Дзедам Марозам і доўга весяліў малых. Калі прабілі куранты, вырашылі пайсці ў клуб на танцы, якія у навагоднюю ноч працягваліся да самай раніцы. Ды вось незадача – дзеці моцна разгуляліся, не хочуць класціся спаць. Жанчыны ледзьве не плачуць: і патанцаваць ахвота, і малых без нагляду не кінеш. Муж адной з суседак, самы старэйшы, гадоў пад сорак было, пашкадаваў «танцорак”, згадзіўся застацца дома з дзецьмі. Пабеглі мы ў клуб. Час праляцеў хутка. Вярнуліся гадзін у шэсць раніцы. Прагаладаліся, вырашылі даесці тое, што ад святкавання засталося. Зайшлі ў кватэру. Бачым: дзеці спяць, хто дзе знайшоў сабе месца: на ложку, на канапе, на дыване. А дзе ж наш «вусаты нянь”? Агледзелі ўсю кватэру – няма нідзе! Жонка пачала хвалявацца-абурацца: – Дзе ж гэта ён падзеўся? Няўжо, бессаромнік, кінуў дзяцей і кудысьці пайшоў?! Раптам з ваннага пакоя пачуліся падазроныя гукі. Усе кінуліся туды. Адчынілі дзверы і… ледзь не пападалі ад смеху. У ванне ляжаў «Дзед Мароз” і задаваў храпака з прысвістам. Ад дружнага рогату ён прачнуўся, доўга не мог ачомацца, а затым растлумачыў нам, як апынуўся ў такім становішчы. Аказалася, дзеці запатрабавалі працягу свята. Апрануў небарака касцюм Дзеда Мароза, спяваў, вадзіў карагоды, а калі зусім стаміўся, то прапанаваў пагуляць у хованкі. Схаваўся ў ванны пакой, каб хоць крыху адпачнуць ад малых, прылег у ванну і, незаўважна для сябе, заснуў. Дзеці пасля дабавілі, што доўга шукалі Дзеда Мароза, але, так і не знайшоўшы, паклаліся спаць. З таго часу ў нашай кампаніі сусед займеў трывалую мянушку Дзед Мароз.
Людміла ПЯТНІЦА. п. Палескі.