ДЗЯРЖАЎНАЯ ДАПАМОГА: ШТО, КАМУ, ЯКІМ ЧЫНАМ
Па просьбах чытачоў “ЛН” парадак дзеяння Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14.09.2009 г. №458 “Аб дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе” тлумачыць начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва Ірына СЕМЯНЧЭНКА.
– У якім выглядзе прадастаўляецца дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога?
– Для забеспячэння нармальнай жыццядзейнасці на набыццё прадуктаў харчавання, лекавых с родкаў, адзення, абутку, школьных прыналежнасцей і на іншыя патрэбы можа выдзяляцца штомесячная і (ці) адноразовая дапамога. Яна выкарыстоўваецца таксама на аплату (цалкам ці часткова) жыллёва-камунальных паслуг. Другое прызначэнне – аплата тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі. Яна прызначаецца дзецям ва ўзросце да 18 год, якія не прызнаны інвалідамі, але па медыцынскіх паказчыках маюць патрэбу ў такіх сродках, і інвалідам ІІІ групы, якія пацярпелі не ў выніку процівапраўных дзеянняў.
– У апошнім выпадку не ўлічваецца велічыня сярэднедушавога даходу сям’і (грамадзяніна).
– Так. Пры прадастаўленні штомесячнай сацыяльнай дапамогі яна на працягу двух апошніх кварталаў павінна быць ніжэйшай, чым найбольшая велічыня бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Нагадаю, што з 1 жніўня гг. памер бюджэту пражытачнага мінімуму складае 442.360 рублёў. Памер падтрымкі на кожнага члена сям’і (грамадзяніна) складае станоўчую розніцу паміж крытэрыем патрэбнасці і сярэднедушавым даходам, які вылічваецца за 12 месяцаў, што папярэднічаюць месяцу звароту.
– Ад атрымальнікаў адраснай дапамогі патрабуецца прыняцце мер па паляпшэнню матэрыяльнага становішча. У якіх цяжкіх жыццёвых сітуацыях такія пытанні не высвятляюцца?
– Калі абставіны, што аб’ектыўна парушаюць нармальную жыццядзейнасць сям’і ці грамадзяніна, складаныя для самастойнага вырашэння. Гэта поўная непрацаздольнасць з-за інваліднасці ці дасягнення грамадзянамі 80-гадовага ўзросту, няздольнасць да самаабслугоўвання ў сувязі з хваробай, а таксама стыхійныя бедствы і пажары.
– Нядаўна ў заканадаўчыя дакументы ўнесены змяненні і дапаўненні. Якія?
– З 1 кастрычніка гг. штомесячная сацыяльная дапамога не прызначаецца грамадзянам, якія кампенсуюць расходы па ўтрыманню дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні; працуюць на ўмовах няпоўнага працоўнага часу, калі такі рэжым работы ўстанаўліваецца па іх просьбе; маюць ва ўласнасці не адно жылое памяшканне (кватэру), за выключэннем мнагадзетных сем’яў; здаюць па дагавору найму (паднайму) жылое памяшканне (кватэру); ажыццяўлялі выязны турызм на працягу апошніх 12-ці месяцаў перад датай звароту; навучаюцца ва ўстановах адукацыі на платнай аснове; набылі транспартны сродак (акрамя мапедаў і веласіпедаў) на працягу 12-ці месяцаў перад датай звароту, за выключэннем сем’яў, якія маюць дзяцей-інвалідаў, інвалідаў І і ІІ груп, мнагадзетных; маюць зямельны ўчастак для вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі, але не выкарыстоўваюць яго для атрымання сельскагаспадарчай прадукцыі (акрамя адзінокіх і адзінока пражываючых інвалідаў І і ІІ груп і грамадзян, што дасягнулі 70-гадовага ўзросту).
– У якой форме можа прадастаўляцца адрасная дапамога?
– У грашовай безнаяўнай, грашовай наяўнай і (ці) натуральнай. Апошняя выдзяляецца, калі бацькі не забяспечваюць належны догляд за дзецьмі; ці, атрымаўшы матэрыяльную падтрымку, выкарысталі яе не па прызначэнню; ці калі мэты, указаныя ў звароце, могуць быць задаволены ў натуральнай форме.
Падрыхтавала Таццяна ВАСІЛЬЕВА.