Даказаць не словам – СПРАВАЙ,
ці з’яўляюцца сучаснікі годнымі носьбітамі “Любві, Інтэлекта, Цэласнаці, Эрудыцыі”, абвешчаных у Старажытнай Грэцыі і працягнутых у Царскім Сяле?
На гэта пытанне спрабавалі даць адказ віноўнікі ўрачыстасці ў гонар 20-годдзя ліцэя, якая ў суботу адбылася ў зале ГДК. З упэўненасцю можна сказаць: тры апошнія якасці ўвасоблены ў алімпіядных дасягненнях вучняў, у высокім прафесіяналізме педагогаў і работнікаў, лепшыя з якіх былі адзначаны ганаровымі граматамі райвыканкама, райсавета, абласнога ўпраўлення і раённага аддзела адукацыі.
Што да любві – яна пачыналася з фае, дзе “пушкінскім вальсам” гасцей сустракалі юнакі і дзяўчаты ў бальных убраннях, і сапраўды панавала на сцэне. Гучалі шчырыя словы ўдзячнасці педагогам, якія стаялі ля вытокаў установы адукацыі новага тыпу. Выдатным спалучэннем “настаўнік-вучань” (у тым ліку і ў дуэтах, а таксама з удзелам таленавітых выпускнікоў) калектыў ліцэя дэманстраваў свае мастацкія здольнасці.
Сваё захапленне інтэлектуальнай элітай Лунінца выказвалі прадстаўнікі раённых улад і службаў, кіраўнікі арганізацый, духоўных і свецкіх устаноў Лунінца, Мікашэвіцкай гімназіі, а таксама ганаровыя госці з Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, Брэсцкага абласнога ліцэя. Юбілярам уручаліся падарункі, гучалі шчырыя пажаданні ўдачы. Няхай з родных сцен яна спадарожнічае юным лунінчанам паўсюдна, дзе яны будуць даказваць годнасць ганаровага звання ліцэіст.