Добрая Воля: спяваюць ШПАКІ
Больш за 20 драўляных домікаў для вясновых птушак вырабіў Аляксандр Мікалаевіч ГОПТА, адзін з 18-ці цяперашніх насельнікаў самай пацярпеўшай ад радыеактыўнага забруджанння вёскі раёна.
У Добрай Волі жылі больш за 300 жыхароў, якія 20 год карысталіся правам на адсяленне. З 2010-га паселішча лічыцца тэрыторыяй з перыядычным радыяцыйным кантролем (як і яшчэ 48 вёсак і 2 горада). У 2009-ым тут на працягу кіламетра заасфальтавалі адзіную ў вёсцы вуліцу Партызанскую. На цёмным палатне яскрава выдзяляецца разметка, чаму, відаць, вельмі рады аўтамабілісты, скарачаючыя шлях з Дзятлавіч на Міжлессе. Устаноўлены дарожныя знакі. Шыльду з указаннем назвы Добрая Воля і прывычным знакам радыяцыйнай небяспекі не ўдалося выявіць.
– Не ведаю, чыя тут віна, – адказвае гаспадыня прыгожага каменнага дома Надзея Аляксееўна ГОПТА. – Дзякуй Богу, ліхія людзі нас мінаюць. Не турбуюць і дзікія жывёлы, як іншы раз мяркуюць пабочныя людзі, гледзячы на наш лясны хутар. Пастаянна хаджу збіраць чарніцы і грыбы. Толькі аднойчы ўбачыла дзвюх прыгожых казуль. Яны так імкліва збеглі! Відаць, напалохаліся мяне больш, чым я – іх… Усё роўна, не бывае дня, каб не плакала за нашу Добрую Волю. Такое буйное паселішча было… Цяпер і добрая дарога не радуе.
Спадзяюся, жанчына вымавіла гэтыя словы проста ў роспачы. Спрадвеку кажуць: дарога – гэта жыццё. Пазбавіўшыся налёту шэрага пылу, сакавітай зелянінай вабіць трава. Надзея Аляксееўна ўпрыгожыла наваколле кветнікам, які крыху пазней стракатым дываном аздобіць адкрыты ўсім вятрам, без агароджы, жылы будынак. Ён узведзены ў 1989-ым, а праз год, у маі, жыхарам загадалі эвакуіравацца ў спецыяльна ўзведзены для перасяленцаў пасёлак Дубаўка. Гэтая абставіна стрэмкай шчыміць сэрца гаспадару – калі б ведаў пра чарнобыльскую бяду, не ўскладваў бы на сябе празмерны цяжар будаўніцтва. Апошнія 10 год хварэе. Праўда, пагаршэнне здароўя звязвае не з наступствамі катастрофы, а са шматгадовай працай у МУААС: дрэнны ўплыў аказала пастаяннае знаходжанне ў вадзе.
– Ты і так амаль 40 год прарабіў, а мне задоўга да пенсіі прапанавалі адпачываць, – заўважае Надзея Аляксееўна. – Магла б яшчэ даіць калгасных кароў… На сядзібе трымаем толькі парсюка, якога закалолі да Вялікадня. Прыгатавала салцісон, рулеты ў маразільную камеру паклала, каб потым толькі зварыць. На свята звычайна збіраецца многа гасцей.
Яно і зразумела: у пасёлку Дубаўка асталяваліся сем’і пецярых дзяцей дабравольскіх старажылаў. Галіна падарыла бацькам трое ўнукаў, Святлана, Вольга і Надзея – па двое. Летась да сясцёр далучыўся брат Аляксандр з жонкай Марыяй і трыма дзецьмі. Яго конь Малыш пакуль не пакідае хлява каля бацькоўскай сядзібы (ды і 30 сотак пад клубніцамі засталіся на гэтай зямлі). Сабакі Рыжык і Рабік ахоўваюць гаспадарку і гучным брэхам спрабуюць напалохаць нечаканых гасцей.
Вёску, размешчаную ў 5-ці кіламетрах ад цэнтральнай сядзібы, наведала фельчар Вулькаўскай 2 урачэбнай амбулаторыі Кацярына ЧЫРЭЦ. Адным пацыентам увяла ўкол, другіх – падбадзёрыла добрым словам. Пахваліла гаспадыню, якая зрабіла дыхтоўны рамонт у новым вялікім доме (пакуль сын не перасяліўся, жылі з мужам у старым). Гаспадар не хавае захаплення сядзібай у Дубаўцы, якую набыў сын: –Раней дом належаў сям’і ўрача. Заклалі цудоўны сад – 20 яблынь, каля 10-ці груш, шмат чарэшні, а ўжо кветак столькі, колькі ёсць у кніжцы, – вочы разбягаюцца… У адрозненне ад мужа, Надзея Аляксееўна пералічвае шэраг недахопаў у Дубаўцы, аддаючы перавагу роднай вёсцы. Раз у тыдзень прыходзіць аўталаўка, дастаўляючы заказаныя прадукты і тавары. Магчыма, хтосьці са старых і скардзіцца, што трэба запасацца хлебам, а для яе і гэта не праблема: выпякае смачныя боханы ў печцы. Адчуваць сябе ў гушчыні падзей дазваляе спадарожнікавая «талерка” і тэлефон, які, нягледзячы на нятанны кошт, правялі яшчэ ў старое жытло.
Жартаўліва ўпікаючы адзін аднаго, муж і жонка дзякуюць за наведванне іх хутара. Кацярына Мікалаеўна падкрэслівае, што тутэйшыя жыхары вельмі адрозніваюцца ад насельнікаў іншых вёсак, якім аказвае паслугі медустанова: больш гасцінныя, выхаваныя, ветлівыя. Разам жадаем дабравольцам, пераадольваючым прыродныя і сацыяльныя катаклізмы, захаваць радасць жыцця.