ЭФЕКТЫЎНА ВЫКАРЫСТОЎВАЦЬ ЭНЕРГАРЭСУРСЫ
Вопыт і перспектывы работы па павышэнню энергаэфетыўнасці ў Лунінецкім раёне вывучаліся і абмяркоўваліся падчас абласнога семінара, які правёў намеснік старшыні аблвыканкама Мікалай Крывецкі.
На ўкараненні аўтаматызаванай сістэмы кіравання тэхналагічным працэсам пры забеспячэнні якасці пад’ёма, ачысткі і падачы вады, а таксама рэканструкцыі залы фільтраў была спынена ўвага на КУП ВКГ «Водаканал”. Дырэктар Аляксандр Радзіяновіч расказаў, што для паспяховай работы неабходны пастаянная мадэрнізацыя і кантроль. Як рэалізуюцца энергазберагаючыя мерапрыемствы ў райспажыўтаварыстве, паведаміў старшыня праўлення Максім Сумар, праводзячы экскурсію па «Універсаме «Заходнім”. Наведваючы Лядовую арэну «Алімп-2011” госці заўважылі, што ў тых раёнах, дзе існуюць падобныя спартыўныя збудаванні, складана разлічваць на пакрыццё расходаў на ўтрыманне. Дырэктар Яўген Марозаў падрабязна расказаў аб асноўных напрамках эканоміі энергарэсурсаў.
Прыемна ўразіла ўдзельнікаў прыватнае прадпрыемства «Вікторыя”. Зацікавіў не толькі шырокі асартымент прадукцыі, але і тэхналогія вырабу, якасць і экспарт. На ўсе пытанні далі адказы кіраўнікі Юрый Плаксін і Таццяна Удавенка. Пра тое, як выконваюцца палажэнні Дырэктывы №3 у раённай бальніцы, расказаў галоўны ўрач Мікалай Кочык.
Дырэктар ААТ «Малочны завод” Сяргей Карпец спыніў увагу на тым, што расход энергарэсурсаў абумоўлены характарам апрацоўкі сыравіны, аб’ёмамі перапрацоўкі малака і асартыментам выпускаемай прадукцыі. Галоўным тэхналагічным цепланосьбітам з’яўляецца пар, для выпрацоўкі якога ўстаноўлены два катлы. Асаблівасцю прадпрыемства з’яўляецца наяўнасць сістэмы вытворчасці холаду. На малочным заводзе яна прыводзіцца ў дзеянне пры дапамозе электрычнай энергіі для прываду халадзільных машын. Сёлета на прадпрыемстве плануюць устанавіць на размеркавальнай сушылцы агнявы каларыфер замест паравога, што зэканоміць амаль 500 тон умоўнага паліва. Яшчэ адну плануюць замяніць на высокаэфектыўную з газавым цеплагенератарам.
Будаўніцтва кагенерацыйнай устаноўкі на кацельні Мікашэвіч было закладзена ў «Рэспубліканскую праграму па пераўзбраенню кацельні ў міні-ТЭЦ на 2007-2010 гады”. Як паведаміў падчас выступлення на пленарным пасяджэнні дырэктар «Мікашэвіцкай ЖКГ” Андрэй Сержпутоўскі, у працэсе эксплуатацыі былі выяўлены каструкцыйныя памылкі, якія не дазвалялі працаваць на поўную магутнасць. Ухіліць іх змаглі толькі 4 ліпеня.
Разам з тым, узнікла новая праблема. Згодна з новымі тарыфамі, зацведжанымі Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №72 ад 25.02.2011 года «Аб некаторых пытаннях рэгулявання цэн у Рэспубліцы Беларусь”, малая энергетыка становіцца на мяжу нулявой рэнтабельнасці. «Белэнерга” ўстанвіў цэны на электрычную энергію вышэй за тую, што выпрацоўвае так званая міні-ТЭЦ для спажыўцоў.
Як адзначыў Мікалай Крывецкі, такая праблема існуе па ўсіх кагенерацыйных устаноўках Брэстчыны. Вырашыць яе можна толькі на ўрадавым узроўні.
Аб укараненні на РУВП «Граніт” энергазберагаючых мерапрыемстваў паведаміў в.а. галоўнага энергетыка Анатоль Шкурскі. З кожным годам тут павялічваецца выпуск шчэбеню. Летась яго здабыта 8551,6 мільёна кубічных метраў. Разам з тым, узрастае спажыванне паліўна-энергетычных рэсурсаў, якое за мінулы год склала 29,7 тысяч тон умоўнага паліва. Доля электраэнергіі – 78,5 працэнта. Большая яе частка расходуецца на нярудныя будаўнічыя матэрыялы. На жаль, за апошнія тры гады даведзены паказчык па энергазберажэнню не выконваецца. Сёлета негатыўны ўплыў аказаў працяглы ацяпляльны сезон і дадатковыя энергазатраты на адкачку кар’ерных вод. Згодна з праграмай энергазберажэння на гэты год запланавана 23 мерапрыемствы, што дазволяць зэканоміць 2910 тон умоўнага паліва і наблізіцца да выканання прагнознага паказчыка, які складае мінус 4 працэнты.
Дырэктар ДЛГУ «Лунінецкі лясгас” Вячаслаў Торчык расказаў аб забеспячэнні драўлянай паліўнай сыравінай энергакрыніц раёна. На гэты год запланавана нарыхтаваць 74 тысячы кубічных метраў, у тым ліку 68 тысяч – дроў. Паколькі патрэбы ў традыцыйным паліве ўзрастаюць, і вельмі складана забяспечыць усіх спажыўцоў, лясгас прапануе ўчасткі для самастойнай нарыхтоўкі. Гэта зробіць таннейшым кошт. Аднак, прадпрыемствы жыллёва-камунальнай гаспадаркі такую магчымасць не выкарыстоўваюць у поўнай меры. Як сцвярджае дырэктар «Лунінецкай ЖКГ” Васіль Вакульчык, на нарыхтоўку няма спецыялізаванай тэхнікі, ды і выдзяляемыя ўчасткі знаходзяцца на вялікай адлегласці і ў цяжкадаступных месцах.
Аб тым, як выконваецца праграма па энергазберажэнню на Лунінеччыне, паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цяльпук. Ён адзначыў, што студзені-маі спажыванне паліўна-энергетычных рэсурсаў склала 41247 тон умоўнага паліва, а мэтавы паказчык – толькі мінус 0,5 працэнта пры заданні мінус 6. Не выконваецца ён на ААТ «Палессеэлектрамаш”, «Палімер” і «Лунінецлес”, хлебазаводзе, РМЗ, у аддзеле культуры, а таксама ў 6 сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Разам з тым, ажыццявілі 16 мерапрыемстваў праграмы, агульны аб’ём фінансавання склаў 1,8 мільярда рублёў.
Аб выкананні заданняў па энергазберажэнню раёнамі Брэстчыны паведаміў начальнік абласнога ўпраўлення па нагляду за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў Андрэй Кузьмінчук. Ён прапанаваў перагледзець праграмы з улікам рэальных фінансавых сродкаў.
Падводзячы вынікі, намеснік старшыні аблвыканкама М.А. Крывецкі выказаў удзячнасць прадпрыемствам Лунінеччыне і райвыканкаму на чале з Васілём Агіевічам, які таксама браў удзел у мерапрыемстве.