ФЕРМЕРАМ – ПАДТРЫМКА ДЗЯРЖАВЫ

Пастаянная камісія райсавета па аграрных пытаннях, харчаванню і сацыяльнаму развіццю тэрыторый разгледзела стан сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак. Аб выніках паведаміў старшыня камісіі Васіль КЛІМЧУК:

– У аграрным сектары сёння дзейнічаюць 62 прыватныя калектывы. Яны працуюць на 4150 гектарах зямлі. Для параўнання: 5 год таму налічвалася 115 сялянскіх гаспадарак на плошчы 3316 гектараў… У асноўным спецыялізуюцца на вырошчванні бульбы і гародніны (сталовыя морква і буракі), зерневых каласавых культур. Шэраг фермераў займаюцца шматгадовымі травамі з вытворчасцю з іх рулоннага сена, толькі адна гаспадарка – развіццём жывёлагадоўлі.

Большасць прыватных гаспадароў маюць поўны комплекс сельгастэхнікі для вырошчвання бульбы і гародніны. Некаторыя забяспечаны палівачнымі, а таксама машынамі для пярвічнай дапрацоўкі збожжа. Абсталяваны складскія памяшканні, гародніна- і плодасховішчы.

У мінулым годзе быў пасеяны 741 гектар збожжавых і зернебабовых культур (гэта 23 працэнты ў структуры пасяўных плошчаў), высаджаны 770 гектараў бульбы (24%). На долю кармавых угоддзяў прыходзіцца 537 гектараў (17%). Колькасць гаспадарак, якія пасеялі выключна прапашныя культуры, зменшылася з 43 у 2007-ым да 10 у 2010-ым. Вырашчана амаль 16350 тон бульбы (сярэдняя ўраджайнасць 222 цэнтнеры з гектара), больш як 37260 тон гародніны з адкрытага грунту (325 ц/га). Валавы збор збожжа склаў 1380 тон (19 ц/га).

Сялянскім гаспадаркам паступова перадаюцца невыкарыстоўваемыя збудаванні камунальнай уласнасці. Летась адзін фермер набыў два аб’екты на аўкцыённых таргах, два – арандавалі па будынку. Па «чарнобыльскай” праграме прыватныя гаспадары атрымалі амаль 146 тон калійных угнаенняў і 72 – фосфарных. Правапнавана 266 гектараў зямлі і дадаткова 32 – па заяўках фермераў, але гэта значна менш мяркуемага. На працягу гэтага года будуць выкананы аб’ёмы вапнавання, што засталіся, і пастаўкі запланаваных угнаенняў.

Кантралюючыя органы сочаць за эфектыўным выкарыстаннем зямельных участкаў, сістэматычным выкананнем мерапрыемстваў па іх ахове і абароне. Калі выявілася апрацоўка ўчасткаў спосабамі, што прыводзяць да зніжэння ўрадлівасці глебы і пагаршэння экалагічнага становішча, у дзвюх фермераў былі адабраны зямельныя ўчасткі.

Землеўпарадкавальная служба разам з упраўленнем райсельгасхарчу і падатковай інспекцыяй правяла абследаванне гаспадарак. Парушэнні зямельнага заканадаўства выяўлены ў 13-ці. Некаторыя гаспадаркі не выконваюць артыкул 21 Закона «Аб меліярацыі”, што патрабуе прыняцце рашэння па кожнай.

Сёлета з фонду падтрымкі сельгасвытворцаў і абласнога бюджэту 18-ці сялянскім гаспадаркам аказана дапамога ў ажыццяўленні дзейнасці: выдзелена 180 тон калійных угнаенняў на суму 90 мільёнаў рублёў і – па лізінгу – 7 трактараў МТЗ-80-82 ці іншых такога ж класа.

Падрыхтавала Таццяна ВАСІЛЬЕВА.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть